Функцыяналізм, канструктывізм, савецкі класіцызм. Архітэктура даваеннай БССР
Шмат хто з нас, падчас падарожжаў па заходняй часцы Беларусі, звяртаў увагу на цікавыя будынкі, якія знаходзяцца ў цэнтры гарадоў і мястэчак.

Першапачатковы праект Дома ўраду ў Мінску, выкананы І. Лангбардам
У міжваеннае дваццацігоддзе польскія ўлады актыўна забудоўвалі заходнебеларускі рэгіён адміністратыўнымі, гаспадарчымі і жыллёвымі пабудовамі, праекты якіх стваралі знакамітыя архітэктары Другой
Рэчы Паспалітай. У гэты ж час, на Усходзе, у савецкай часцы Беларусі, таксама актыўна змянялася архітэктурные аблічча населенных пунктаў. У гэтым артыкуле пойдзе гутарка пра напрамкі, якія
панавалі ў архітэктуры БССР у 1930–1940 гадах, а таксама пра найбольш цікавыя будынкі, узведзеныя ў усходнебеларускіх гарадах у той час.

istpravda.ruЗамест дамоў — пралетарскія помнікі
Беларусь значна пацярпела ў выніку баявых дзеянняў Першай Сусветнай і польска-бальшавіцкай вайнаў. У пачатку 1920 гадоў эканоміка БССР знаходзілася ў вельмі кепскім становішчы. У шэрагу іншых праблем
бальшавіцкім уладам прыйшлося выпраўляць і сітуацыю ў сферы будаўніцтва жылля і прамысловай інфраструктуры.
У 1923 годзе быў створаны дзяржаўны будаўнічы трэст “Белдзяржбуд”. Аднак у 1920-я гады большую ўвагу ўсё ж надавалі не ўзвядзенню новых будынкаў, а рамонту старых і ўпрыгожванню
знешняга выгляду гарадоў савецкай Беларусі. Так, у 1919-1920 гадах у Віцебску былі створаны помнікі Марксу, Песталоццы, Лібкнехту. У аздабленні горада на Дзвіне актыўна прымалі удзел Марк Шагал і
Казімір Малевіч. Дарэчы, у пачатку 1920-х свой помнік аўтару “Капітала” з’явіўся і ў Мінску. Акрамя гэтага, на мінскай Плошчы Свабоды быў створаны часовы помнік
чырвонаармейцам, выкананы з дрэва і жэсці. У Баруйску, на вайсковых могілках быў пастаўлены вялікі помнік у памяць чырвонаармейцаў, якія загінулі падчас польска-бальшавіцкай вайны. Будавалася і жыллё
у выглядзе драўляных пабудоў. Менавіта тады з’явілася шэраг вуліц у раёне мінскай Камароўкі, а таксама Залінейны раён у Гомелі.

Будынак Белкамунбанку ў Мінску, 1934 год
У 1926 годзе была распрацавана схема планіроўкі Мінска (аўтары У.Сямёнаў і М. Палякоў), на падставе якой было акрэслена месца для будаўніцтва Дома ўраду і будынкаў Беларускага дзяржаўнага
ўніверсітэту. Гэтыя ж архітэктары распрацавалі схему планіроўкі Оршы.
Выбар напрамкаў
У пачатку 1920-х гадоў у БССР рабіліся спробы фарміравання ўласнабеларускага архітэктурнага стылю з акцэнтам на нацыянальныя традыцыі. У гэты час у розныя раёны савецкай Беларусі накіроўваліся
экспедыцыі, удзельнікі якіх збіралі інфармацыю і рабілі замалёўкі замкаў, палацаў і іншых старажытных будынкаў. Калі ў 1926 годзе разглядалася магчымасць будаўніцтва новага вакзала ў Мінску, то
архітэктарам, што працавалі над гэтым праектам, раілі за ўзор узяць замкі і палацы князёў Радзівілаў і Панятоўскіх.
Дамы 1930-х гадоў на вуліцы Маскоўскай у Мінску
Дом 1932 года пабудовы на Дабрамысленскім завулку ў Мінску
Дамы 1930-х гадоў на вуліцы Маскоўскай у Мінску

Шматкватэрны дом для працоўных у Віцебску
Аднак з канца 1920-х гадоў у архітэктуры савецкай Беларусі пачаў панаваць функцыяналізм, які быў звязаны з жаданнем зрабіць будынкі функцыянальна мэтазгоднымі. Як плынь у архітэктуры, ён зарадзіўся ў
пачатку ХХ стагоддзя ў Германіі ў школе “Баўхаўс” і ў Нідэрландах. Па меркаванню беларускага даследчыка Я. Марозава “пранікненне функцыяналізму ў канцы 20-х гадоў ХХ ст. у
архітэктуру ўсходніх рэгіёнаў Беларусі адбывалася праз непасрэднае будаўніцтва будынкаў па праектах вядомых архітэктараў Масквы і Ленінграда”.
У пачатку 1930-х гадоў у архітэктуры БССР адбываецца пераход да канструктывізму. Гэты напрамак нарадзіўся ў Савецкім Саюзе і быў, па сваёй сутнасці, новай парадыгмай архітэктуры, у якой
функцыя вызначала форму.

Дом-камуна для працоўных у Гомелі, 1932-1934 гг.
Аснову гэтага напрамку складала жаданне прытрымлівацца логіцы канструкцыі будынкаў. Нарэшце, з сярэдзіны 1930-х гадоў новым трэндам у савецкай архітэктуры стаў савецкі класіцызм. Пабудовы гэтага часу
камбінавалі ў сваёй планіроўцы канструктывісцкія асновы разам з класічнымі прапорцыямі, пры гэтым часта будынкі вонкава дэкараваліся.
Хто ствараў новае аблічча беларускіх гарадоў?
У пачатку 1930-х у Мінску працавала тры спецыялізаваныя праектныя канторы, а таксама праектныя групы ў абласных цэнтрах. У сакавіку 1933 года ствараецца Беларускі дзяржаўны інстытут па здымке,
планіроўке гарадоў і праектаванню грамадзянсткага будаўніцтва, які атрымаў скарочаную назву – “Белдзяржпраект”. З 1932 года актыўна ішла распрацоўка генеральных планаў
беларускіх гарадоў. У гэты ж час у Беларусь актыўна накіроўваліся маскоўскія і ленінградскія архітэктары (Г.Лаўроў, І. Запарожац, І. Лангбард і інш.) для якіх рэспубліка, у добрым сэнсе, стала
палігонам для адточвання ўласнага прафісійнага майстэрства.

Дом для працоўных у Оршы
Але і гэтага мала: генплан Мінска распрацоўвалі ў паўночнай сталіцы СССР, у філіяле Гіпрагора РСФСР пад кіраўніцтвам архітэктараў Ю. Кілаватага і прафесара У. Вітмана. Пра тое, што беларускіх
спецыялістаў-архітэктараў у той час не хапала сведчыць факт, што генплан Гомеля рыхтавалі у Маскве, а Віцебска — у Харкаве. Аднак, з цягам часу сітуацыя выправілася і над планіроўкай
Магілёва, Оршы, Мозыра, Слуцка працавалі ўжо спецыялісты мінскага Белдзяржпраекта.
Паралельна вялася забудова ключавых вуліц найбольш буйных гарадоў. Распрацоўка і будаўніцтва ў Магілёве было звязана з пытаннем пераносу сталіцы з Мінска ў горад на Дняпры.

Дом ураду ў Магілёве
У 1937-1939 гадах там будаваўся Дом ураду (паменшаная копія мінскага будынку, архітэктар І. Лангбард), будынак НКУС (паводле праекту архітэктара П. Абросімава), некалькі жылых дамоў і іншыя
будынкі. Аднак ў верасні 1939 года да БССР была далучана Заходняя Беларусь і неабходнасць пераносу сталіцы адпала.
Будынак НКУС у Магілёве
Жыллё для працоўных мас
Не гледзячы на планы партыйнага кіраўніцтва архітэктары планавалі ў Мінску рэканструкцыю цэнтральнай Савецкай вуліцы і будаўніцтва колавых дарог для разгрузкі галоўнай магістралі. Пры гэтым рабіўся
акцэнт на рэканструкцыю старых дамоў і будаўніцтва новых будынкаў да 5 паверхаў. Былыя даходныя дамы, часцей за ўсё перараблялі ў “Дамы Саветаў”. Мінскі досвед будаўнікі
выкарыстоўвалі і пры рэканструкцыі цэнтральных вуліц Магілёва, Гомеля і Віцебска.

Насосная станцы ў сталіцы БССР, 1934 г.
Яшчэ з канца 1920-х гадоў пачалося будаўніцтва так званых кааператыўных дамоў на некалькі кватэр. За гэта адказваў Беларускі саюз жыллёвай кааперацыі. Хутка “кааператары” перашлі да
праектавання больш буйных дамоў з пячным ацяпленнем і кватэрамі з некалькімі ўзроўнямі (агульны пакой, кухня, санвузлы на першым узроўні, а спальня на другім). У Мінску такія дамы з’явіліся
на вуліцах Брылёўскай, Свярдлова, Правіянцкай (Захарава). Акрамя гэтага, падобныя пабудовы ўзвялі ў Оршы, пасёлку “Асінторф” і іншых населеных пунктах. Канструкцыі дамоў былі не
капітальныя і планавалася, што яны прастаяць 15 год.

Макет фабрыкі-кухні ў Мінску
Шматпавярховыя дамы пачалі будаваць з канца 1920-х гадоў. Яны мелі “П” і “Г”-вобразную форму (шырыня корпуса 9-12 м). У якасці перакрыццяў выкарыстоўваліся
драўляныя бэлькі. Звязана гэта было з недахопам цэменту і метала. Пры гэтым зусім побач з Мінскам, Полацкам, Мозырам і іншымі гарадамі БССР узводзіліся шматтонныя бункеры ўмацаваных раёнаў, якія
павінны былі абараніць тэрыторыю савецкай Беларусі ў выпадку вайны з Польшчай. Вось пры будаўніцтве ДАКаў бетону і арматуры не шкадавалі.

Шматкватэрны дом у Мінску, 1930-я гады
Адныя з першых шматпавярховікаў з’віліся ў Мінску на рагу вуліц К. Маркса і Камсамольскай і на вуліцы Пушкіна ў Гомелі. У гэты ж час у беларускай сталіцы стаў працаваць завод па вытворчасці
матэр’ялаў, неабходных для будаўніцтва “стандартных” дамоў.
У канцы 1920-х -пачатку 1930-х гадоў у гарадах савецкай Беларусі пачынаюць з’яўляцца так званыя “дамы-камуны”, у якіх акрамя жылля размяшчаліся розныя аб’екты
грамадска-бытавога абслугоўвання. У 1929 годзе ў Віцебску, для працоўных фабрыкі “КІМ”, быў узведзены “5-ты камунальны дом” (архітэктар А.Вышалескі). У
1931–1932 гадах некалькі дамоў-камун з’явілася ў Мінску на вуліцы Маскоўскай. Будынак такога тыпу для працоўных вагонарамонтнага завода ў 1934 годзе з’явіўся ў Гомеле
(аўтары — архітэктар С. Шабунеўскі і інжынер Г. Ханін). Акрамя жылля ў гэтым доме былі сталовая, дзіцячы садок і бібліятэка-чытальня. Яшчэ адзін дом-камуна ў 1935 годзе быў пабудаваны ў
Бабруйску (аўтар — інжынер М. Кацнельсон).

Дом для працоўных у Гомелі
Як адзначае савецкі архітэктар Анатоль Воінаў: “У сярэдзіне 1930-х гадоў праектаваліся дамы з вялікімі кватэрамі. Асноўную масу складалі трохпакаёвыя кватэры (50-60%), чатырохпакаёвыя
(10-20%), а на долю двухпакаёвак прыходзілася не больш 30 %”. Тут гутарка ідзе пра так званыя “дамы спецыялістаў”, якія з’явіліся ў Мінску, Віцебску, Гомелі і
Магілёве. У іх былі вялікія па плошчы і добра абсталяваныя трох- і, нават, чатырохпакаёвыя кватэры.

Макет будынку Дзяржбанку ў Мінску
У другой палове 1930-х Белдзяржпраект распрацаваў планы тыпавых дамоў (на чатыры паверхі і 24 кватэры), у якіх знаходзіліся кватэры з меньшай колькасцю комнат і планіроўкай. Пры будаўніцтве і гэтых
дамоў таксама выкарыстоўвалі драўляныя перакрыцці. У 1937 годзе, у Мінску з’явіўся “Пушкінскі пасёлак”. Гутарка ідзе пра, па сутнасці, вайсковы гарадок, які
з’явіўся на тагачаснай мінскай ускраіне. Яго назва звязана са стагоддзем з дня гібелі рускага пісьменніка А.С. Пушкіна. У межах пасёлка будаваліся драўляныя дамы (каля 30), а таксама
“блокі” з цэглы. Апошнія ўзводізіліся для афіцэраў і іх сямей. Побач размясціліся казармы і адміністратыўныя пабудовы артылерыйскага палку РСЧА.
Адзін з дамоў у былым Пушкінскім гарадку ў Мінску
У канцы 1930-х гадоў інжынерамі Акадэміі архітэктуры СССР былі распрацаваны некалькі “жыллёвых секцый”, якія хутка пачалі ўкараняцца ў БССР. Такія дамы ў 1938-1940 гг. былі
пабудаваны ў Мінску ў раёне будучай Плошчы Перамогі, на вуліцы Першамайскай у Магілёве і ў Гомелі (так званы “Дом Горсавета”).
Гатэлі і крамы
У 1930-х гадах з улікам развіцця ўязднога турызму ў СССР кіраўніцтва савецкай Беларусі зрабіла стаўку на будаўніцтва новых гатэляў. Так, у Мінску былі спраектаваны і пабудаваны гатэль
“Беларусь” і гатэль Беларускай вайсковай акругі, а ў Магілёве — гатэль “Дняпроўскі”.
Улады даваеннай БССР звярталі вялікую ўвагу на развіццё дзяржаўнага гандлю. У траўні 1934 года ў Мінску адчыніўся Галоўны ўніверсальны магазін, які, як адзначае даследчык І.Куркоў, знаходзіўся праз
адзін квартал ад сучаснага (на рагу вуліц Савецкай і Камсамольскай). Акрамя гэтага, у Мінску працавалі і філіялы ГУМа. Праз год у доме, дзе размяшчаўся Белкамунбанк, быў адчынены ўзорны гастранамічны
магазін Мінхарчгандлю з булачным, малочным, кандытарскім і рыбным аддзеламі.

Гатэль "Беларусь" у Мінску, пабудавана ў 1940 годзе
Гандлёвая сетка развівалася і ў іншых гарадах рэспублікі. Напрыклад, у сакавіку 1932 года ў новым будынку ў Бабруйску быў адчынены ўніверсальны магазін “Торгсін”. Вось, што пісала
пра гэта тагачасная газета: “Грамадзяне г. Бабруйска і раёна, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы і якія маюць замежную валюту, могуць набыць у краме “Торгсін” харчовыя і
прамысловыя тавары па свайму выбару і па ўмераных коштах. Таксама “Торгсін” прымае лом золата і абменьвае на тавары. Мае поўны асартымент спажывецкіх тавараў, тэкстылю, адзення,
абутку, прадметаў хатняга ўжытку, мастацкіх і саматужных вырабаў, дываноў і інш.”. Нагадаем, што ў пачатку 1930-х гадоў Бабруйск быў адным з галоўных цэнтраў, куды накіроўваўся кантрабандны
тавар і валюта з-за савецка-польскай мяжы. Таму ўлады імкнуліся ўзяць пад кантроль “валютныя аперацыі”, якія праводзілі савецкія грамадзяне.
Кіно і тэатры для працоўных мас і вайскоўцаў
Акрамя жылля ў даваенным БССР будавалася шмат грамадскіх пабудоў. У 1927-1933 гг. у Мінску з’явіліся новыя будынкі Дзяржбанку, універсітэцкага гарадку БДУ, клубу харчавікоў, кінатэатр
“Чырвоная зорка”. У Горках быў пабудаваны галоўны корпус Сельскагаспадарчай акадэміі, клубы металістаў у Віцебску і Мінску, клуб хімікаў у Нова-Барысаве (зараз частка Барысава),
кінатэатры “Чырвоная зорка” і “Радзіма” у Магілёве.
Кінатэатр "Чырвоная зорка" у Магілёве

Ён жа ў канцы ліпеня 1941 года. Побач з будынкамстаяць жаўнеры вермахта
У 1929 годзе ў Мазыры быў пабудаваны Дом культуры. Паўкруглы фасад гэтага будынку падкрэслівая характэрныя для тых часоў архітэктурныя рысы. У тым жа годзе ў Гомелі ў функцыянальным стылі быў
пабудаваны Дом культуры чыгуначнікаў. У 1932 годзе ў Бабруйску па праекце знакамітага ленінградскага архітэктара Андрэя Оля быў узведзены Дом культуры на 1200 месцаў (зараз Драматычны тэатр імя В.
Дуніна-Марцынкевіча).

Будынак бальніцы ў Бабруйску
У 1932 годзе ў горадзе на Беразіне быў створаны будынак новай бальніцы. У гэты час новыя медыцынскія ўстановы з’явіліся ў Рэчыцы, Жлобіне, Асіповічах.

Будаўніцтва Дома культуры ў Бабруйску

Тэатр у Бабруйску
Асобная группа культурных пабудоў, якія з’явіліся ў даваеннай савецкай Беларусі – гэта Дамы Чырвонай Арміі. Найбольш вядомы з іх быў пабудаваны па праекце І. Лангбарда ў 1936 годзе
ў Мінску. Паводле першапачатковых эскізаў фасад будынка павінен быў упрыгожваць сімвал РСЧА – чырвоная зорка і “патрыятычныя” мазаікі. Аднак пазней ад гэтых элементаў
адмовіліся. Акрамя сталіцы, будынкі такога кшталту з’явіліся ў Бабруйску, Полацку, Слуцку.

Праект Дома Чырвонай Арміі ў Мінску ў выкананні архітэктара Іосіфа Лангбарда
Дом Чырвонай Арміі ў Мінску
Адукацыя на першым плане
Вялікую ўвагу ў міжваенны час надавалі будаўніцтву школ. У пастанове СНК СССР ад 15 мая 1934 г., у прыватнасці, адзначалася: “У мэтах забеспячэння дакладнай арганізацыі структуры і парадку ў
школе ўсталяваць агульныя для ўсяго СССР тыпы агульнаадукацыйнай школы: пачатковая школа, няпоўная сярэдняя школа і сярэдняя школа”. Тады ж былі распрацаваныя тыповыя праекты
дзвухкамплектнай школы на 880 навучэнцаў і аднакамплектнай на 400 навучэнцаў.

Галоўны будынак БДУ. Зараз БДПУ
Інтэрнат БДУ, пабудаваны 1939 годзе
Так, у лютым 1939 года адна з бабруйскіх газет інфармавала пра пачатак будаўніцтва “новай сталінскай школы” :“Гэта будзе выдатны трохпавярховы дом з усімі выгодамі,
разлічаны на 400 дзяцей”. У Мінску новыя школы з’явіліся на вуліцах Чырвонаармейскай (пабудавана па праекце архітэктара Герасіма Якушкі), Чкалава, Маляўшчынскім завулку (аўтар
абодвух — Раман Сталяр).

Адзін з карпусоў БДУ. Здымак зроблены ў чэрвені 1941 года жаўнерам вермахта
У 1930 годзе ў Мінску адбылася Першая беларуская сельскагаспадарчая выстава. Яе гісторыя будзе апісана ў асобным артыкуле. Тут жа адзначым, што павільёны выставы ўяўлялі з сябе досыць цікавыя
архітэктурныя аб’екты. У 1928-1934 гадах галоўным архітэктарам Народнага камісарыяту асветы БССР быў Рыгор Лаўроў. Менавіта яму належыць аўтарства праектаў дзвух вучэбных карпусоў і
інтэрната Палітэхнічнага інстытута, кінатэатра ў Оршы і іншых аб’ектаў.

Інстытут фізкультуры, Мінск, 1930-я гады
Аднак, найбольш важнай яго працай з’яўляецца Бібліятэка імя У.Леніна ў Мінску, якая адкрылася ў 1932 годзе. Галоўнае кнігасховішча БССР знаходзілася на адной з найбольш высокіх кропак Мінска
і па меркаванню даваенных архітэктараў павінна была ўплываць на сілуэт горада. Лаўроў працаваў і над праектам галоўнага будынку Акадэміі Навук БССР. Аднак, пазней яго прапанову адхілілі і, у рэшце
рэшт, працу над гэтым будынкам узяў на сябе ленінградскі архітэктар з беларускімі каранямі Іосіф Лангбард. Падобная гісторыя здарылася і з будынкам Тэатру оперы і балета ў Мінску. Яго таксама
праектаваў Рыгор Лаўроў. Архітэктар планаваў стварыць грандыёзную пабудову на тры тысячы месцаў.

Праект Бібліятэкі імя Леніна ў Мінску
У ліпені 1933 годзе на Троіцкай гары (самай высокай кропке даваеннага Мінска), у чарговую гадавіну вызвалення Мінску ад польскіх войскаў, адбылася закладка першага каменя ў фундамент тэатра. Пазней
ад праекта Лаўрова адмовіліся. Па адной з версій, адбылося гэта таму, што такі вялікі будынак мог стаць выдатным арыентырам для польскай артылерыі, якая магла б, у выпадку вайны, са сваёй тэрыторыі
абстрэльваць сталіцу БССР. Нагадаю, што мяжа з Другой Рэччу Паспалітай да верасня 1939 года праходзіла ў 30 км ад Мінска. На памежных высотах польскія вайскоўцы ставілі спецыяльныя назіральныя вежы,
з якіх у добрае надвор’е ў бінокль раглядалі беларускую сталіцу. У рэшце рэшт, будынак Тэатра оперы і балета быў пабудаваны (у 1939 годзе) па праекце Лангбарда.

Будынак Тэатра оперы і балета ў Мінску, чэрвень 1941 года
І тут не абыйшлося без карэктыровак. Апошні ярус, каб не ствараць арыентыр для польскіх назіральнікаў, было вырашана не будаваць. Тэатр оперы ў балета стаў адным з найбольш яскравых прыкладаў
канструктывізма ў даваенным Мінску. Але самым важным творам І.Лангбарда ў Мінску быў Дом ураду. Новая ўрадавая рэзідэнцыя (240 тысяч м. кв.) была здадзены ў эксплуатацыю ў 1934 годзе.

Першапачатковы праект Дома ўраду ў Мінску, выкананы І. Лангбардам

Дом ураду ў Мінску, сярэдзіна 1930-х гадоў
Індустрыялізацыя набірае тэмпы

У 1933-1938 гг.у сталіцы БССР пабудавалі пяціпавярховы будынак Вышэйшай партыйнай школы на вуліцы К.Маркса. У 1939 года ў Мінску быў ўзведзены Інстытут фізкультуры. Гэты будынак вядомы дзякуючы
шматлікім здымкам салдат вермахта, якія фатаграфавалі падбіты савецкі танк Т-34, які ў гады нямецкай акупацыі горада стаяў насупраць яго і выконваў функцыю паказальніка дарог.

Гарбарня "Бальшавік" у Мінску
У 1939 г. у Мінску па праэкце архітэктараў А. Воінава і У.Вараксіна пачалося ўзвядзенне рэзідэнцыі ЦК КПБ, аднак скончыць працы да нападу Германіі на СССР не ўдалося.
Паралельна з будаўніцтвам гарадоў актыўна ішла індустрыялізацыя.

Камбінат па выпрацоўцы алею ў Віцебску
У міжваенны час з’явіліся швейная фабрыка “Сцяг індустрыялізацыі” і панчошна-трыкатажная фабрыка “КІМ” у Віцебску, завод сельскагаспадарчага
машынабудаўніцтва “Гомсельмаш”, Аршанскі льнокамбінат, аўтарэмонтны завод у Магілёве, БелГРЭС, цэментны завод у Крычаве, шкляны завод у Гомелі і іншыя. Вакол іх ствараліся працоўныя
пасёлкі. Па меркаванню архітэктараў і чыноўнікаў гэтыя “мікрараёны” павінны былі стаць узорамі сацыялістычнага быту, сваістымі гарадамі-садамі.

Дамы ў пасёлку Асінстан
У 1927–1930 гг. у пасёлке Асінторф (сёння Арэхаўск) з’явіліся чатырох, трох і дзвух павярховыя дамы (з характэрным для канструктывізма стужачным ашкленнем лесвічных пралётаў), клуб,
шпіталь, пажарнае дэпо, школа, лазня.

Дом для працоўных фабрыкі "КІМ" у Віцебску
У працоўным пасёлке шклозавода ў Касцюкоўке, які будаваўся ў 1930-я гады, у канструктывісцкім стылі было ўзведзена два чатырохпавярховых дома-камуны.

Клуб металістаў у Віцебску, 1934 год
Па такім жа прынцыпе былі пабудаваны і іншыя працоўныя пасёлкі: завода “Чырвоны кастрычнік” у Гомелі, чыгуначнікаў у Крычаве, аўтарэмонтнага завода імя Кірава ў Магілёве,
папяровай фабрыкі ў Добрушы, фабрыкі “КІМ” у Віцебску, льнокамбінаце ў Оршы, а таксама ў Мінску (Грушаўскі і “Камінтэрн”).

Гомельскі клуб чыгуначнікаў

Сталовая ў Нова-Беліцы

Пачошна-трыкатажная фабрыка ў Віцебску
У чэрвені 1941 года Германія напала на Савецкі Саюз і ўжо на працягу некалькіх месяцаў ўся тэрыторыя Беларусі была акупавана нацыстамі. Вайна моцна пашкодзіла архітэктурнае аблічча нашай краіны і ў
пасляваенныя гады шмат чаго прыйшлося будаваць ізноў. Разам з тым, значная колькасць архітэктурных артэфактаў, пабудаваных у даваенны час у БССР, захавалася да нашых дзён і зараз уяўляюць вялікую
цікавасць для ўсіх, хто неабывакава ставіцца да айчыннай гісторыі.
Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда",
Здымкі з калекцыі аўтара