Гісторыя беларускіх вайсковых фармаванняў
У сённяшняй афіцыйнай дзяржаўнай гістарыяграфіі Рэспублікі Беларусь гісторыя беларускіх вайсковых фармаванняў пачынаецца з 1941 года. Ну, магчыма, яшчэ з крэйсера
«Аўроры», дзе служыла нямала беларусаў. Але не раней...
Нядаўна прывёз мне сябра з Мінска дзве кнігі майго земляка, сённяшняга міністра абароны Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава. Адна з іх называецца «Вооружённые Силы Республики Беларусь:
История и современность». Вось, думаю, тут я знайду хоць адзін раздзел па гісторыі вайсковых фармаванняў Беларусі.
У сённяшняй афіцыйнай дзяржаўнай гістарыяграфіі Рэспублікі Беларусь гісторыя беларускіх вайсковых фармаванняў пачынаецца з 1941 года. Ну, магчыма, яшчэ з крэйсера
«Аўроры», дзе служыла нямала беларусаў. Але не раней...
Нядаўна прывёз мне сябра з Мінска дзве кнігі майго земляка, сённяшняга міністра абароны Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава. Адна з іх называецца «Вооружённые Силы Республики Беларусь:
История и современность». Вось, думаю, тут я знайду хоць адзін раздзел па гісторыі вайсковых фармаванняў Беларусі.
Пачаў чытаць, спадзеючыся, што менавіта тут і згадаюцца беларускі вайскова-палітычны рух у 1917–1918 гадах, Беларуская вайсковая цэнтральная рада, беларускія атрады ў літоўскай арміі,
дзейнасць генерала Станіслава Булак-Балаховіча, Слуцкае паўстанне і г. д. Ды дзе там! Урокі і вынікі гісторыі беларускіх ваенных фармаванняў беларускі генерал Мальцаў пачаў з «уроков Великой
Отечественной войны в контексте современных задач реформирования Вооружённых Сил». Таму мае рацыю Алег Латышонак, калі ва ўступе да сваёй фундаментальнай працы «Жаўнеры
БНР» не згадваў кнігу Мальцава, ды і ранейшыя савецка-бальшавіцкія кнігі, якія свядома адмаўлялі існаванне беларускіх вайсковых фармаванняў.
Пра іх і сёння ў Беларусі мала пішацца і друкуецца. Хаця сёе-тое свет ужо пабачыла, пра што сказаў ва ўступным слове Алег Латышонак і станоўча ацаніў гэтыя выданні.
Тады, у 1995 годзе, калі ў Беластоку на польскай мове ўпершыню выйшла з друку яго кніга «Bialoruskie formacje wojskowe 1917–1923», я падумаў: вось бы гэтую кнігу перакласці
на беларускую мову, выдаць яе добрым накладам і забяспечыць усе кнігарні, а таксама бібліятэкі, ваенныя ўстановы і школы Беларусі. Нарэшце — дачакаўся. Але мала веры, што «Жаўнеры
БНР», напрыклад, трапяць у школы ці ваенныя ўстановы. Бо нават прэзентацыі кнігі ў некаторых месцах у Беларусі сёння забараняюць. Тым не менш, кніга ёсць, кніга з’явілася, кнігу
купляюць, кнігу чытаюць...
Алег Латышонак зрабіў аб’ектыўны, грунтоўны, зразумелы чытачам гістарычны агляд беларускіх вайсковых фармаванняў напачатку ХХ стагоддзя. Нялёгкі лёс быў у беларускіх жаўнераў, як да пачатку
першай сусветнай вайны, так і пасля 1917 года. І, наогул, мае рацыю гісторык Латышонак, які, падсумоўваючы перыяд развіцця вайсковых фармаванняў на Беларусі, падкрэсліў, што «за незалежнасць
Беларусі змагаліся ў той час дзесяць з лішнім тысяч чалавек. Гэтая колькасць — невялікая, але гэта былі выключна добраахвотнікі».
Беларускія стабільныя, надзейныя вайсковыя фармаванні ў пачатку ХХ стагоддзя ў час, калі розныя акупанты тапталі Беларусь, стварыць было цяжка. То рускія, то бальшавікі, то немцы, то палякі дужа
баяліся гэтых аб’яднаных беларускіх ваенных фармаванняў, І яны стараліся зрабіць усё, каб стварэнне беларускага войска не атрымалася, зацягнулася, адкладвалася. Таму, як піша гісторык,
афіцэры і жаўнеры беларускага войска не змаглі заваяваць незалежнасці Беларусі. Але яны здолелі давесці, што і беларусы імкнуцца да сваёй незалежнасці, што і беларусы могуць ваяваць (ваявалі ж пад
рознымі сцягамі) не на баку тых ці іншых акупантаў, а на сваім баку, за сваю Бацькаўшчыну. Пазней беларусы даказалі, нягледзячы на ўсе памылкі, сваю вайсковую сілу пры баявых дзеяннях Першай Слуцкай
стралковай брыгады.
Шмат радкоў у кнізе Алега Латышонка прысвечана генералу Станіславу Булак-Балаховічу. Наогул, пра Булак-Балаховіча варта напісаць добрую кнігу і выдаць яе па-беларуску для беларусаў. Бо палякі даўно
пра яго пішуць (Marek Cabanowski. General Stanislaw Bulak-Balachowicz, Warszawa, 1993 і інш.), а мы заўсёды спазняемся.
У апошнім раздзеле кнігі змешчаны артыкулы, якія непасрэдна звязаныя з гісторыяй беларускага войска, з Беларускай Народнай Рэспублікай. Гэта матэрыялы, якія асобна друкаваліся ў беларускім і польскім
друку, але яны вельмі добра ўпісваюцца ў кантэкст усёй кнігі. Гэта артыкулы, прысвечаныя дзяржаўнай сімволіцы БНР, Алесю Гаруну, які займаўся не толькі літаратурай, але і палітыкай, быў выбраны
памочнікам старшыні Усебеларускага кангрэсу ў снежні 1917 года, быў радным Рады БНР.
Кніга Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» вартае ўвагі і з’яўляецца несумненна важнай крыніцай для вывучэння гісторыі беларускіх вайсковых фармаванняў. І яшчэ: вельмі хочацца
спадзявацца, што яна трапіць у рукі міністра абароны Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава, і ён яе ўважліва прачытае, а таксама загадае прачытаць сваім генералам і афіцэрам.