Хочам у людзі — Будзьма беларусамі!

Першы год жыцця чалавека — гэта яго досвітак. Бо менавіта ў пачатковы перыяд выяўляюцца асноўныя рысы характару немаўляці, яго тэмперамент і здольнасці. Гэтыя відавочныя жыццёвыя паралелі сталі лейтматывам святочнага канцэрта, які на пачатку тыдня адбыўся ў тэатры Беларускай драматургіі. Урачыстасць была прысвечана дзейнасці вядомай грамадскай ініцыятывы «Будзьма!», якая святкавала сваю першую гадавіну.



9fe97fff97f089661135d0487843108e.JPG

Першы год жыцця чалавека — гэта яго досвітак. Бо менавіта ў пачатковы перыяд выяўляюцца асноўныя рысы характару немаўляці, яго тэмперамент і здольнасці. Гэтыя відавочныя жыццёвыя паралелі сталі лейтматывам святочнага канцэрта, які на пачатку тыдня адбыўся ў тэатры Беларускай драматургіі. Урачыстасць была прысвечана дзейнасці вядомай грамадскай ініцыятывы «Будзьма!», якая святкавала сваю першую гадавіну.
Вядучыя імпрэзы, знакамітыя беларускія артысты Таццяна Беланогая і Андрусь Такінданг не раз падкрэслівалі, што сваім няўрымслівым характарам кампанія «Будзьма!» абавязана сваім бацькам-заснавальнікам, найперш, цяперашнім каардынатарам — Алене Макоўскай і Ніне Шыдлоўскай, Ігару Лялькову і Севярыну Квяткоўскаму, як і многім іншым валанцёрам сучаснага Нацыянальнага адраджэння, якія згуртаваліся пад сцягамі кампаніі «Будзьма!».
Грамадская ініцыятыва «Будзьма!» сёння — гэта безупынная плынь канкрэтных спраў, праектаў, накіраваных на тое, каб адрадзіць у беларусаў павагу да ўсяго беларускага: літаратуры, паэзіі, выяўленчага мастацтва, музыкі. Але, найперш, да роднай мовы. Дзеля дасягнення гэтай мэты рэгулярна праводзяцца сустрэчы пісьменнікаў і музыкантаў не толькі са сталічнымі слухачамі, але і з жыхарамі невялікіх мястэчак і вёсак, для якіх культура часцяком абмяжоўваецца парай-тройкай расійскіх тэлеканалаў, якія транслююцца ў той мясцовасці.
І таму жывыя сустрэчы з беларускімі творцамі ўспрымаюцца нашымі землякамі з натхненнем, як адкрыццё нязведанага мацерыка, назва якому — Беларушчына. Аўтар гэтых радкоў сам змог упэўніцца ў плённасці такіх накірункаў дзейнасці кампаніі «Будзьма!», калі разам са сваім калегам журналістам Вітаўтам Мартыненкам па ўсёй Беларусі прэзентаваў сумесную кнігу «222 альбомы беларускага року і не толькі…» Маршруты музычных сустрэч праляглі ў мінулы год па ўсёй краіне: прэзентацыі ладзіліся ў Гродна і Магілёве, Гомелі і Мазыры, Оршы і Наваполацку.
Але мэты кампаніі — гэта не толькі сустрэчы з цікавымі людзьмі нашай краіны. «Будзьма!» — гэта і прэзентацыі кніг, і мастацкія выставы, і паэтычныя вечарыны, і гістарычныя вандроўкі, і арганізацыя конкурсаў для моладзі. Такіх імпрэзаў, па словах каардынатара кампаніі Ігара Лялькова, сёлета была праведзена рэкордная колькасць — 900! Гэта немагчыма было б ажыццявіць, калі б яшчэ каля 30 нацыянальных арганізацый не сталі партнёрамі кампаніі «Будзьма!».
Ганаровымі гасцямі канцэрта-віншавання сталі знакамітыя творцы, сярод якіх былі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэты Генадзь Бураўкін і Леанід Дранько-Майсюк, мастак Рыгор Сітніца.
Добрыя словы і абнадзейлівыя звесткі пра дзейнасць кампаніі «Будзьма!» гучалі са сцэны, абмяркоўваліся ў кулуарах. Але ў іх была не пыха ад здзейсненага, а думка, што дзіцятка толькі нарадзілася — а такое жвавенькае! Гэткі пазітыўны настрой, па задумах арганізатараў канцэрта, павінен быў замацавацца музычнымі сродкамі. Тым больш, што супрацоўніцтва з беларускамоўнымі выканаўцамі — адзін з магістральных накірункаў у праграме дзейнасці кампаніі «Будзьма!». Галоўнае тут — арганізацыя канцэртаў і фэстаў, выданне дыскаў з беларускамоўнай музыкай, спрыянне больш шырокаму ўдзелу беларускіх музыкаў у літаратурным руху Беларусі. Добрым прыкладам творчых тандэмаў, якія з’явіліся дзякуючы супрацоўніцтву з «Будзьма!», можна назваць літаратурна-музычныя дуэты Барадулін — Камоцкі, Дранько-Майсюк — Акулін, а таксама тандэм апошняга часу Якавенка — Плясанаў.
Сустрэча з некаторымі з гэтых актыўных удзельнікаў кампаніі «Будзьма!» слухачоў чакала наперадзе. А найперш святочную сцэну аддалі маладому, але даволі вопытнаму канцэртнаму калектыву — гурту «UNIA». Пад жвавыя рытмы фолк-рока і гукі беларускай дуды музыканты гурта выканалі некалькі вядомых апрацовак. Але найбольшымі апладысментамі была ўганаравана цудоўная беларускай песня «Крынічанька», якая і прынесла гурту «UNIA» шырокую вядомасць і лаўрэацкія званні шматлікіх рок-фэстаў. Было бачна, што, распачынаючы праграму канцэрта, музыканты «UNIA» не фарсіравалі свой шырока вядомы музычны драйв, а імкнуліся засяродзіцца на меладычным складніку ўласных кампазіцый і яскравым шоу.
Гурт «UNIA» змяніў на сцэне дасціпны і разважлівы Алесь Камоцкі, якія пад агульныя апладысменты выканаў музычныя віншаванні для жаночай часткі каардынатараў кампаніі «Будзьма!» — Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай. У якасці падарункаў прагучалі кампазіцыі з альбома «З бацькоўскай кружэлкі» «У добры шлях» і «Зорка босая» на вершы прысутнага Рыгора Барадуліна. Рыгор Іванавіч таксама ўзняўся на сцэну і выказаў нямала ўдзячных слоў тым людзям, якія так шмат робяць для развіцця беларускай культуры і мовы ў шматлікіх яе сучасных формах.
Кумір маладых беларускіх слухачоў Лявон Вольскі выходзіў на сцэну двойчы — разам з гітарыстам П. Траццяком выканаў некалькі сваіх знакамітых песень, а таксама ў складзе абноўленай «Крамбамбулі». І лепшага падарунка нельга было пажадаць, як выкананне Лявонам любімай многімі жыхарамі сталіцы песні «Менск і Мінск». Слухачы яшчэ раз адчулі, як аўтар меладычна яскрава і драматычна падкрэсліў дуалізм існавання нашага горада: пантова-савецкага з выгляду, але старажытнага і беларускага па менталітэту.
Важкі ўнёсак у святочную атмасферу гадавіны кампаніі «Будзьма!» зрабілі музыкі гурта «IQ 48», якія нагадалі свае лепшыя кампазіцыі мінулага і новыя хіты. Іх песня «Гэй, наперад!» на вершы Янкі Купалы якраз прагучала ва ўнісон тым пажаданням, якія выказваліся ў гэты дзень са сцэны.
Своеасаблівы музычны спектакль прапанаваў слухачам спявак і кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч, які адразу пасля завяршэння гастрольнай паездкі па ЗША прыйшоў у тэатр Беларускай драматургіі павіншаваць сваіх сяброў з кампаніі «Будзьма!». Гэты спектакль складаўся з некалькі частак: філасофскай «Дарогі» (песні на верш У. Някляева), драматычных «Зорак» (на вершы Р. Барадуліна) і лірычна-жартаўлівай песні «Суседка», якую Зміцер стварыў на верш Г. Бураўкіна. На завяршэнне свайго выступу З. Вайцюшкевіч нагадаў знакамітую «Песню галоднага ваўка» з праекта «Цацачная крама», якую слухачы заспявалі разам.
Свае віншаванні для гадавалага дзіцяці — кампаніі «Будзьма!» — выказалі і іншыя беларускія артысты: аўтарка сатырычных апавяданняў Анка Упала, фальклорная капэла «Церніца» і хэдлайнер гэтага святочнага канцэрта — гурт «Крамбамбуля» з каларытным Лявонам Вольскім на лідэр-вакале.
Што ж тычыцца святочнага настрою, то ён, безумоўна, меў пад сабою грунт: за невялікі тэрмін сябрамі кампаніі зроблена на дзіва шмат. Але ў наступныя гады, відавочна, давядзецца ажыццявіць значна больш, каб лозунг кампаніі «Будзьма беларусамі — гэта нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі!» сапраўды набыў рэальныя абрысы. Дзеля гэтага спатрэбіцца творчы імпэт, крэатыўныя ідэі, уменне дамаўляцца і ісці на прымальны кампраміс без размывання (а такія спробы назіраюцца: прыглядзіцеся да раздзела «Музыка» сайта http://budzma.org) асноўнай мэты кампаніі «Будзьма!» — усебаковага спрыяння Беларушчыне.