«Ідэнтыфікаваць парэшткі расстраляных у Курапатах» — запавет Міхася Чарняўскага
У будучыні магчыма ідэнтыфікаваць парэшткі расстраляных у Курапатах людзей і зрабіць сцяну памяці, на якой будуць напісаныя імёны ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Так пятнаццаць гадоў таму, у сакавіку 2002 года, сказаў «Радыё Свабода» археолаг Міхась Чарняўскі.
«Свабода» працягвае знаёміць з публікацыямі са свайго архіву, якія былі прысвечаныя Курапатам.
У студзені 2013 года не стала даследніка паваеннага антыбальшавіцкага супраціву, грамадскага, палітычнага і культурнага дзеяча Беларусі, археолага і гісторыка, пісьменніка, дацэнта кафедры археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, аднаго з заснавальнікаў БНФ Міхася Чарняўскага.
Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук археолаг Міхась Чарняўскі не спадзяваўся на тое, што пры цяперашняй уладзе стануць вядомыя імёны тых, хто аддаваў загады і расстрэльваў бязвінных людзей у Курапатах, як, дарэчы, і імёны іхных ахвяраў. Але ў будучыні, калі будуць рассакрэчаныя архівы КГБ, праўда стане вядомай, быў перакананы навуковец.
Чарняўскі: «Калі ведаць па спісах, хто тут расстраляны, то паводле генетычных кодаў можна будзе вылічыць, узяўшы аналіз тканак жывога чалавека — унука ці праўнука. Гэта вялікія грошы. Але каб такое не паўтарылася, трэба і грошы выдаткаваць. Тады ўжо нейкую вялікую сцяну трэба рабіць, і на гэтай сцяне пісаць усе прозвішчы... Можа, нават і зараз за межамі Курапацкага комплексу, у агароджы дзе-небудзь ля падземнага пераходу зрабіць вялікую сцяну. І на ёй — тысячы прозвішчаў расстраляных у Мінску ў 1937–1941 годзе».
Міхась Чарняўскі бачыў будучы мемарыял у Курапатах такім:
— Не
варта нешта будаваць на саміх магілах, бо сам лес, схілы і ямы напоўненыя
пакутамі. Гэтая мясціна ўжо ёсць мемарыялам. Там толькі павінна быць чысценька,
і людзі павінны хадзіць моўчкі са знятымі капелюшамі. І, канешне, каб гэтыя
магілы былі нейкім чынам пазначаныя.
Сам Міхась Чарняўскі ўпершыню даведаўся пра Курапаты ў другой палове 70-х гадоў
ад Зянона Пазьняка, які працаваў тады ў аддзеле археалогіі Інстытуту гісторыі.
Тады археолагі сцерагліся казаць пра трагедыю ў Курапатах, бо баяліся, што
ўлады зробяць з Курапатаў чарговы кар'ер.
Чарняўскі: «Як быццам ніхто не ведае, дзе расстрэльвалі, але чамусьці, калі выдзяляюць
зямлю пад кар'ер, дык якраз там, дзе расстрэльвалі».
Паводле Міхася Чарняўскага, гэткі кар'ер быў зроблены пад Вілейкай, дзе ў 1941
годзе перад наступам немцаў расстрэльвалі палітычных вязняў, і яшчэ шмат дзе ў
Беларусі. Што да Курапатаў, якія ўлады не паспелі і не здолелі зраўняць з
зямлёй, то Міхась Чарняўскі дагэтуль памятае свае пачуцці, калі ўпершыню трапіў
ва ўрочышча:
Чарняўскі:
«Успомніў нашых археолагаў, нашу
інтэлігенцыю найперш. І была такая думка, што вот тут — нашае Адраджэнне 1920-х
гадоў».
Сам Міхась Чарняўскі таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў. У 1970-я гады, калі
ва Украіне пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні да мясцовых патрыётаў, якіх называлі
"нацыяналістамі", Міхась Чарняўскі распачаў збор грошай у іх
падтрымку. За гэта яго пакаралі папраўчымі працамі — больш за год давялося
разгружаць цэмент і працаваць муляром. Пасля гэтага шмат гадоў імя Міхася
Чарняўскага выкрэслівалі з розных навуковых працаў і не давалі магчымасці
надрукавацца.
***
Пляменнік Міхася Чарняўскага Ігар Чарняўскі шмат гадоў
працаваў начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і
рэстаўрацыі Міністэрства культуры. Рашэнне аб змене межаў ахоўнай зоны
Курапатаў прымалася ў ягоную кадэнцыю.