З чаго пачалася чарговая бойка ў Курапатах? (фота)
Каля будоўлі на
Мірашнічэнкі, 53 прайшла штурханіна з міліцыяй, актывістаў хацелі затрымаць.

Сённяшні канфлікт пачаўся з таго, што будаўнічы МАЗ меўся праехаць на
агароджаную тэрыторыю, дзе мае паўстаць бізнес-цэнтр. Абаронцы Курапатаў
спрабавалі спыніць машыну, адзін з іх — маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі —
урэшце прыкаваў сябе да борту кайданкамі.

Гэтым часам Зміцер Дашкевіч “акупаваў” трактар, забраўшыся туды з
бел-чырвона-белым сцягам. Лідар абаронцаў пры гэтым вёў жывую трансляцыю падзей
з даху машыны. На вокліч у сацыяльных сетках пачалі збірацца журналісты ды
палітыкі.

У выніку ці не ўпершыню на месца прыехаў адзін з начальнікаў сталічнай
міліцыі з вялікай колькасцю супрацоўнікаў у цывільным. Калі супрацоўнікі МНС
“адчапілі” закаванага Пальчэўскага, міліцыянты тут жа паспрабавалі зацягнуць
яго ў сіні бус — традыцыйны спец-транспарт, які шматкроць мільгаў на
апазіцыйных акцыях.


За Пальчэўскага ўчапіліся баявыя таварышы, утварылася штурханіна, хлопцы
счапіліся, каб перашкодзіць затрыманню. Павел Севярынец угаворваў міліцэйскага
начальніка адазваць падначаленых ды спыніць эскалацыю канфлікту. Урэшце
абаронцы гуртам, разам з журналістамі пад выгукі “Жыве Беларусь!” і воплескі
вярнулі Пальчэўскага ў лагер.



Ад помачы хуткай дапамогі, машына якой прыехала на месца, Пальчэўскі
адмовіўся: невядома, куды актывіст мог трапіць пасля таго, як пакіне тэрыторыю
вахты ў Курапатах.

Фота: Уладзіслаў Рубанаў