«Іншазем'е» — фільм пра містычную Беларусь
Іншазем’е — таямнічы край лясоў і балотаў Убарцкага Палесся. Ён і сёння вядомы вялікім даверам мясцовых жыхароў да розных забабонаў і містычных з’яў. Тут жывуць калдуны, знахаркі і бабулі шаптухі, практыкуецца варажба і праводзяцца старажытныя абрады.
Каб патрапіць на гэтую адарваную ад цывілізацыі выспу, варта пераадолець кіламетры бязлюдных дарог, якія ідуць уздоўж памерлых вёсак. Паўсюль вандроўнікаў будуць сустракаць прыдарожныя крыжы. Яны стаяць на ростанях, на пачатку і напрыканцы вёсак, ля крынічак. Некаторыя з іх закінутыя, шмат крыжоў дагледжаныя і ўпрыгожаныя. Жанчыны прыходзяць да гэтых крыжоў са сваім горам і распавядаюць ім свае сакрэты. Гэты інтымны працэс называецца абраканнем, бо мясцовыя жыхаркі ў замен на дапамогу пакідаюць Богу на крыжах ахвяраванні ў выглядзе ручнікоў, хустачак і розных тканін.
У некалькіх вёсках Убарцкага Палесся захаваўся культ каменных крыжоў. Палескія жанчыны і сёння вераць, што каменныя крыжы гэта людзі, якія могуць дапамагчы чалавеку ў яго горы. У вёсцы Данілевічы старыя распавядаюць легенду, што колісь малую дзяўчынку пракляла маці, пасля чаго тая стала каменнем. Зараз «каменная дзевачка» Ева аберагае вёску ад розных стыхіяў і дапамагае мясцовым вылечыцца ад хвароб, а маладым пасля безвыніковых спроб завесці дзяцей. Штогод жанчыны абракаюцца Еве, прыносяць ёй фартушкі, хустачкі і каралі. На Вялікдзень «дзевачцы» прыносяць фарбаваныя яйкі і ўрачыста пераапранаюць яе.
Традыцыйная культура ў гэтых мясцінах няспынна памірае ці трансфармуецца ў нешта новае ва ўмовах наступу цывілізацыі. Як прыклад, на Тураўшчыне таксама шануюць каменныя крыжы. Але месцы іх размяшчэння ўжо добраўпарадкаваныя на сучасны густ палешука: пластыкавымі навесамі і шыльдамі, на якіх нібыта ў інструкцыі да лекаў апісваецца ад якіх хваробаў вылечваюць цудадзейныя крыжы.
Паводле прэс-рэліза