“Кірмаш праектаў”: Музей – ад рэальнасці да віртуальнасці

15 мая, напярэдадні міжнароднай Ночы музеяў, у Мінску адбудзецца публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй “Кірмаш праектаў”. Падзеі на Кірмашы, відавочна, будуць разгортвацца вакол музея і яго шляхоў да людзей: праз дзверы, экраны ці запрашэнні на баль.



afisha_kirmash.jpg

Прыём крэатыўных прапановаў, як зрабіць музеі цікавейшымі і бліжэйшымі да шырокай публікі, завершаны, і каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” урачыста абвяшчае, што ўжо ведае 8 цікавых “хадоў”. Дыяпазон задумаў вельмі шырокі: ад рэчаіснасці, што грукаецца ў дзверы, да вандраванняў у часе і, канечне, усёахопнага анлайну.

Такім чынам, на “Кірмашы праектаў” 15 мая будуць прадстаўленыя наступныя ідэі:

  • Віртуальныя музеі;
  • Мабільныя выставы;
  • Асветніцка-забаўляльныя праекты для дзетак;
  • Інфармацыйныя тэхналогіі і Купалле;
  • Машына часу для музея;
  • Флэш-анімацыя на службе ў музея.

Прагучаць прапановы і для мінскіх музеяў, і для рэгіёнаў.

Прэзентацыі, традыцыйна для “Кірмашу праектаў” ад “Будзьма беларусамі!”, будуць прадстаўленыя ў фармаце “маланкавай размовы”, пасля чаго аўтару кожнага з праектаў можна будзе задаць свае пытанні, даць ацэнку і, галоўнае, парады, абмяняцца кантактамі для будучых партнёрстваў.

Задаваць жа найбольш складаныя пытанні, як і забяспечваць прэзентатараў прафесійнай кансультацыйнай падтрымкай, будзе экспертнае высокапрафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць: Алесь Зіменка, старшыня ICOM (The International Council of Museums) у Беларусі; Сцяпан Стурэйка, гісторык, культурны антраполаг, выкладчык, даследчык феномену культурнай спадчыны; Дзіяна Шантар, спецыялістка аддзела маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея.

“Кірмаш праектаў” — гэта час, прастора і нагода для культурніцкіх менеджараў і ўсіх іншых, хто ведае, як і каму культура паляпшае жыццё, сустрэцца разам і абмеркаваць новыя ідэі, падыходы, выклікі ў сваёй працы і магчымасці для развіцця і рэалізацыі задум. “Кірмаш” можа быць месцам знаёмстваў, натхнення, узаемападтрымкі і адукацыйнай пляцоўкай. Якім будзе гэты “Кірмаш” — можаце вырашыць таксама і вы! Запрашаюцца ўсе цікаўныя!

“Кірмаш праектаў” адбудзецца 15 траўня 2014 г. у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” па адрасе: прасп. Незалежнасці, 58, к.6 (праход праз вул. П.Броўкі), дальні пад’езд, 2 паверх (схема праезду).

Пачатак: 19.00.