Лявон Вольскі прэзентаваў «Лёгкія-лёгкія 2018» (відэа)
Гурт Volski прадставіў новую версію песні «Лёгкія-лёгкія», прымеркаваную да старту тура па Беларусі. Першы канцэрт адбудзецца 14 красавіка ў Red Pub у Гомелі.
У праграме туру лепшыя
песні N.R.M., «Мроі» і сольных альбомаў Вольскага ў электрычным гучанні. Новая
версія «Лёгкія-лёгкія» была запісаная ў Вільні з нарвежскім саўндпрадусарам
Снорэ Бергерудам, які запісваў альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка»
(2016).
— «Лёгкія-лёгкія» — адна з галоўных песень майго жыцця. Яна вельмі асабістая, але, як высветлілася праз гады, эмоцыі, закладзеныя ў ёй, блізкія вялікай колькасці людзей. Не так даўно мы з прадусарам Снорэ і бубначом Сіндрэ запісалі новую версію. Менавіта так яна цяпер гучыць на нашых канцэртах, — распавёў Лявон Вольскі.
Гурт Volski складаюць Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павел Трыпуць (гітара), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас), Павел Мамонаў (бубны). У дыскаграфіі гурта альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016). У рэпертуары — увесь бэк-каталог лепшых песень калектываў з удзелам Лявона Вольскага.
Графік туру: 14.04 — Гомель, 15.04 — Барысаў, 21.04 — Віцебск, 28.04 — Брэст, 29.04 — Магілёў, 12.05 — Гродна, 18.05 — Бабруйск, 19.05 — Светлагорск.
Агульная інфалінія +375 33 661 14 32.