Як Сяржук Доўгушаў адзначыў дзень народзінаў, а полька заспявала па-беларуску

У мінскім клубе «Бруге» 17 красавіка выступіў гурт Vuraj, што займаецца апрацоўкамі беларускага фальклору, разам з польскім этна-джаз праектам T/Aboret. Лідар Vuraj распавёў пра планы на будучыню і адказаў для НЧ на некалькі пытанняў.

__zahadnaja__2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_7_logo.jpg

Канцэрт распачалі госці, адразу ж паведаміўшы: “Будзем казаць па-польску, але няшмат”, і праўда, кантактавалі з публікай пераважна мовай музыкі. Інструментальная частка вельмі разнастайная, з ноткамі арт-року і месцамі абяцанага джазу, матывамі польскага ды няпольскага фальклору, што спрабаваў не згубіцца за імправізацыямі. Кантрабас, перкусія, дзве салісткі, яны ж скрыпачка і клавішніца. Замест скрыпкі Караліна Матушкевіч часам брала ў рукі гадулку — струнны інструмент кшталту беларускага гудка.

Квартэт T/Aboret узнік у 2015 годзе Варшаве, перамог на XXV Міжнародным фестывалі “Mikołajki Folkowe” ў Любліне і здабывае ўсё большую папулярнасць у Польшчы. Хаця некаторыя ўдзельнікі калектыву працуюць выкладчыкамі ў музычных вучэльнях, T/Aboret не імкнецца сысці са сцэнаў клубаў у канцэртныя залі. Для гурта гэта быў першы канцэрт у Беларусі, а адна з удзельніц упершыню выканала са сцэны беларускія песні.

2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_6_logo.jpg

Пару кампазіцый квартэт T/Aboret сыграў і праспяваў разам з Сержуком Доўгушавым, а потым, наадварот, удзельніца польскага гурта выступіла з Vuraj. Адбылася прэм’ера беларускай хрэсьбіннай песні “А ў каго явор на дварэ”, акурат у тэму: як сапраўдны артыст, Сяржук Доўгушаў вырашыў адзначыць уласны Дзень народзінаў сцэнічным выступам. Праўда, упершыню за 35 гадоў.

2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_1_logo.jpg

Калі T/Aboret — гэта музыкі, якіх яўна “кілбасіць” ад таго, што яны граюць, то Vuraj хіба “кілбасіць” у квадраце. Неўтаймоўны басаногі імяніннік, гатовы распавядаць пра кожную песню ад яе запісу ў этнаграфічнай экспедыцыі да звядзення ў студыі, музыкі, што рады выступіць, і нават замаўляюць песні, якія нельга не сыграць… Цудоўны настрой — і цудоўная песня “Настроі” на верш Юркі Лявоннага. Гэта першая кампазіцыя гурта не на народныя словы, запісаная для праекта “(Не)расстраляная паэзія”.

2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_3_logo.jpg

Агулам здалося, што настрой у публікі хутчэй “трансавы”, чым “раскілбасны”. Зала даволі поўная, але блізка да сцэны народ чамусьці не падыходзіў. Троху танчыў, асабліва пад Vuraj. Свойскасці і камернасці канцэрту надавала ўпрыгожанне авансцэны двума сціплымі ручнікамі.


Vuraj сёлета справіў свой сёмы Дзень народзінаў і, нягледзячы на ад’езд лідара ў Польшчу, не спыняе супольных рэпетыцый і рыхтуе новыя этна-эксперыменты. Акурат цяпер гурт збірае грошы на запіс і выданне чацвёртага альбома — “Lito” на аснове песень беларускага Палесся.

2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_2_logo.jpg

Сяржук Доўгушаў адказаў для НЧ на некалькі пытанняў.

Чаму менавіта песні з Палесся вас так вабяць?

— Бо з Палесся ўсё пачыналася. Нас нават многія называюць папулярызатарамі палескіх песень і гаворак. Напрыклад, наша назва: “Вурай”, а не “Вырай”. Так кажуць у асобных рэгіёнах заходняга Палесся. На альбоме “Літо” загучаць песні, знойдзеныя ў розных кутках Палесся: Лунінецкі раён, Івацэвіцкі, Лоеўскі, Лельчыцкі, Драгічынскі… Для творчых эксперыментаў мы ўзялі толькі малую частку матэрыялу. Мае экспедыцыйныя запісы выйдуць асобна, магчыма, у межах праекту “Tradycyja”.

Канечне, я бываў у экспедыцыях не толькі на Палессі, таксама ў Крупскім, Лепельскім, Вушацкім і Шумілінскім раёнах. Але першая паездка — самая запамінальная, мы вандравалі разам з фатографам Міхаілам Лешчанкам і даследчыцай Ірынай Мазюк па Драгічынскім раёне, у 2012 годзе. А далей я пачаў самастойна арганізоўваць падарожжы, у некаторых былі са мной і музыкі гурта Vuraj.

2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_8_logo.jpg

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб працы над альбомам. Што такое “вурайскі стыль”?

— Песні, што прагучаць на кружэлцы, хутчэй за ўсё, шмат людзей пачуюць упершыню. Гэта пераасэнсаваны намі аўтэнтычны матэрыял. Мы паспрабавалі максімальна захаваць усю іх магію і сакральны сэнс, а галоўнае — мелодыі і мікрамовы. Да матэрыялу падышлі вельмі сур’ёзна, працавалі амаль тры гады. Мы як кампазітары пачулі нешта касмічнае, натхніліся і пачалі пісаць сваю сімфонію. Чым далей, тым больш у Vuraj ухіл на музыку. Мы ствараем музычныя формы, у аснове якіх зерне — беларускія песні, мелодыі. На альбоме можна будзе пачуць і некалькі інструментальных твораў. Упершыню ў нашых песнях загучыць колавая ліра і з’явяцца аўтэнтычныя выканаўцы.

2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_4_logo.jpg

— Як выступы Vuraj успрымаюць за мяжой?

— Дзе б мы ні выступалі, заўсёды былі адкрыццём, людзі цікавіліся, фатаграфаваліся з намі і нашымі інструментамі, заўсёды набывалі шмат дыскаў (і гэта маглі быць не толькі нашы альбомы, але і традыцыйная беларуская музыка). Можна сказаць, наш фальклор, нашы народныя песні зусім не “раскручаныя” ў іншых краінах, збольшага — і ў Беларусі.

— Ці ёсць у гуртаVuraj нейкая акрэсленая місія?

— Нас радуе, што на канцэртах Vuraj вельмі шмат моладзі. Мы робім тое, што робім не толькі для гісторыі і архіваў, а каб новае пакаленне беларусаў цікавілася сваімі традыцыямі і фальклорам. Каб стваралі розныя музычныя капэлы, арганізоўвалі яшчэ больш і ў розных мястэчках, гарадах Беларусі вечарыны традыцыйных танцаў і спеваў — тое, што я назіраю ў Польшчы.

 

2018_04_17_bruhe__a._ljaszkevicz_5_logo.jpg

Падтрымаць выданне альбома “Lito”можна тут.

Фота Алены Ляшкевіч