Лявон Вольскі, Teleport і яшчэ сем гуртоў — «Адборышча» ў Мінску
11 мая мінскі клуб «Бруге» ператворыцца ў міні-версію фестывалю «Басовішча». У гэты дзень адбудзецца 5-гадзінны канцэрт канкурсантаў сёлетняга фестывалю, пераможцаў мінулага года і Лявона Вольскага.
![afisha_4.jpg afisha_4.jpg](/img/v1/images/afisha_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Распачне імпрэзу канцэртнае праслухоўванне паўфіналістаў конкурсу. На сцэну выйдуць рознастылёвыя выканаўцы: электронны гурт SnopSnoŭ, індзі-фолькавая каманда Helious, пост-панкавы праект Nürnberg, гітарны дуэт «MorkvoЦвет», поп-гурт D.Jaza, электронны праект K3tyvana ды cвежаспечаны дуэт ад Эрыка Арлова-Шымкуса і Уладзя Лянкевіча «Eryk i Ja».
Гурт «Колір», які таксама прайшоў у паўфінал, не зможа вочна прысутнічаць на «Адборышчы», і з гэтай прычыны, на жаль, быў выключаны з конкурсу.
Па выніку выступаў паўфіналістаў будзе названа 4 каманды, якія возьмуць удзел у фінале конкурсу на самім «Басовішчы» 20-га ліпеня.
Таксама запланаваныя адмысловыя сэты гасцей. Новы матэрыял, які музыкі нядаўна ездзілі запісваць у Кіеў, пакажуць пераможцы «Басовішча–2017» з гурта Teleport. А кульмінацыяй вечару стане вялікі сэт даўняга сябры «Басовішча» Лявона Вольскага — паўтары гадзіны любімых гітоў у поўным гуку!
![afisha2_1.jpg afisha2_1.jpg](/img/v1/images/afisha2_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Адборышча»: Лявон Вольскі, Teleport і сем гуртоў-паўфіналістаў
11-га мая, 17:00–22:00
Клуб «Бруге» (Партызанскі пр. 6А)