Лекцыя Сяргея Дубаўца на тэму “Абдзіраловіч. Мастацтва містыфікацыі” ў Бабруйску

Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” запрашае на лекцыю, прысвечаную спадчыне Ігната Абдзіраловіча.



babrujsk_lekcja.jpg

28 лютага ў Бабруйску журналіст, літаратар, культурны і грамадскі дзеяч Сяргей Дубавец прамаўляе на тэму “Абдзіраловіч. Мастацтва містыфікацыі”. Лекцыя адбудзецца ў тайм-клубе “1387” па адрасе: Бабруйск, Савецкая, 97-2.  Пачатак а 15-ай. Уваход вольны!

Гісторыя з’яўлення і існавання ў беларускай культуры гэтага тэксту міжволі  наводзіць нас на думку пра адмысловую таямнічасць, якая ўсяму гэтаму спадарожнічае. Ад самага пачатку, здавалася б, лёс не прадказваў нічога добрага — упершыню пабачыўшы свет у 1921 годзе, эсэ “Адвечным шляхам” Ігната Абдзіраловіча доўгі час праляжала ў савецкіх спецсховах. Але штосьці не дазволіла тэксту зысці ў нябыт: у часы беларускага адраджэння канца 1980-х эсэ друкуе самвыдавецкая “Супольнасць”. Потым будуць друкі ў афіцыйных часопісах, асобнае выданне і некалькі перавыданняў. Канешне, гэты “шлях у культуру” праходзіў хутчэй без шырокай падтрымкі з боку дзяржавы, і ўсё ж, не толькі ў прыватных, але і ў дзяржаўных вучэльнях Абдзіраловіча пачынаюць узгадваць як першага беларускага філосафа пачатку ХХ стагоддзя, а ягоны тэкст уключаюць ў  спісы рэкамендаванай літаратуры для філасофскіх аддзяленняў ВНУ. Усё гэта магло б паспрыяць таму, каб прыцягнуць увагу даследчыкаў  і падштурхнуць да  напісання грунтоўных прац. Але тэксту наканавана было яшчэ блукаць па перыферыі філасофскай, грамадскай думкі. Крыніцы цвердзяць, што і дагэтуль якога-кольвек сур’езнага даследавання філасофіі Абдзіраловіча не існуе. Чаму?

У прадмове да чацвёртага выдання эсэ Абдзіраловіча Сяргей Дубавец казаў, што гэтая кніга патрабуе  “іншай якасці самасвядомасці”, а таму дачакаецца свайго часу і свайго ўдумлівага чытача і крытыка толькі ў ХХІ стагоддзі. Прычым з гадамі актуальнасць твора будзе толькі ўзрастаць — настолькі ён дасканалы і ўніверсальны.

І вось на календары — 2016 год… Ці дачакалася эсэ “Адвечным шляхам” свайго часу? Ці даспелі беларусы да асэнсавання сябе і сваёй будучыні скрозь прызму памысленага Ігнатам Абдзіраловічам? Ці набылі гэтую “іншую якасць нацыянальнай самасвядомасці”?

Відэазапісы папярэдніх лекцый гэтага цыклу:

Мінулая будучыня Беларусі: запавет Ігната Абдзіраловіча. Лекцыя Паўла Баркоўскага

Абдзіраловіч і беларуская традыцыя. Лекцыя Ігара Бабкова

Творачы зруйнуем. Лекцыя Валянціна Акудовіча

Нацыятворчасць як свабода духу: Беларусь Ігната Абдзіраловіча. Лекцыя Ірыны Дубянецкай

Ігнат Абдзіраловіч. Запавет ліючайся формы. Лекцыя Міхаіла Баярына

За анонсамі наступных падзей сачыце на сайце Лятучага ўніверсітэта.