Уявім Беларусь праз 50 гадоў: праекты і ўтопіі…

Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі запрашаюць на штогадовую канферэнцыю “Уяўляючы Беларусь: вобразы і ідэі, праекты і ўтопіі”, якая адбудзецца ў Мінску 11—12 сакавіка 2016 г..



2125.jpg

Фота з сайта cet.eurobelarus.info

Тэма канферэнцыі паўстала з актуальнага разумення стана беларускага грамадства, што апынулася ў сітуацыі страты арыенціраў, якія б маглі задаваць матывуючую карціну будучыні.

“Беларуская мара”, утопія — гэта агульнае неба, пад якім ёсць магчымасць будаваць свае асабістыя траекторыі, рэалізоўваць праекты ці  разгортваць дзейнасныя праграмы. Усё больш мы назіраем, што мінулыя арыенціры самага  рознага кшталту  (камунізм, еўрапейскі свет, дэмакратыя, беларуская нацыя і інш.) разбураюцца пад ціскам заганаў рэалізацыі, сегментацыі і індывідуалізацыі “свету”. "Неба" зніжаецца, прастора ўяўленняў і мараў становіцца ўсе прасцей.

Сёння мы можам паспрабаваць інтэлектуальнымі і культурнымі высілкамі “падняць неба”, прапанаваўшы вобразы, канцэпты, ідэі і нават фантазіі, якія вымагаюць не рэалізацыі, а супольнага ўяўлення, бачання і памкнення.

Уявім сабе Беларусь праз 50 год такой, якой ёй варта было б быць.

У праграме канферэнцыі — абмеркаванне будучыні Беларусі з некалькіх ракурсаў і бакоў:

·      Эстэтычны вобраз (прасторавыя, стылёвыя і вобразныя  бачанні)

·      Сацыяльныя стасункі (сувязі, структуры, формы існавання)

·      Палітычныя працэсы і інстытуцыі (стасункі, працэсы, тэхналогіі)

·      Этычныя і антрапалагічныя перспектывы (чалавек будучыні)

·      Стасункі чалавека і асяроддзя (сістэмнае існаванне і працэсы, штучна-натуральнае ўзаемадзеянне)

На кожную з пазначаных тэмаў будуць прадстаўлены па два даклады, якія затым будуць супольна абмеркаваны ўдзельнікамі канферэнцыі. Фармат канферэнцыі прадугледжвае значнае месца для дыскусій, а таксама рэфлексію формаў мыслення пра будучыню.

У якасці выступоўцаў запрошаныя: Уладзімір Мацкевіч, Міхаіл Баярын, Таццяна Шчытцова, Міхал Анемпадыстаў, Ірына Дубянецкая, Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Георгій Заборскі, Яраслаў Бекіш, Павал Баркоўскі, Вольга Орышава ды іншыя.

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна даслаць заяўку да 1-га сакавіка, запоўніўшы форму.

Іншагароднім удзельнікам арганізатары забяспечваюць праезд і пражыванне. Колькасць удзельнікаў канферэнцыі абмежаваная,  арганізацыйны камітэт пакідае за сабой права адбору ўдзельнікаў, паводле “мэтаў і матывацыі ўдзелу”.

Па ўсіх арганізацыйных пытаннях звяртайцеся да Юліі Галіноўскай: flyuniby@gmail.com, +375297422040