Лукашэнка: Талентам трэба плаціць, і плаціць шмат
На "Славянскі базар у Віцебску" прыязджаюць "творчыя, ранімыя людзі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы", заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня на цырымоніі закрыцця фестывалю мастацтваў.
"Таленавітыя людзі. Таленты трэба падтрымліваць і плаціць. І плаціць шмат, каб гэтыя таленты ззялі і нас радавалі. Таму гэта падобна ўборцы хлябоў, гэта іх жніво, гэта яны прыходзяць сюды, каб нас радаваць", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
"Мы пастаянна павінны клапаціцца аб прасоўванні нашай славянскай культуры, яе інтэграцыі ў сусветную прастору, — адзначыў ён. — Калі мы не змагаемся за сваё месца пад
сонцам, мы абавязкова яго страцім. Больш за тое, мы сутыкнемся з тымі канфліктамі, якія ўжо адбываюцца ў нас на зямлі". На думку Лукашэнкі, залішняя самасупакоенасць прывяла да таго, што
паўстала "пытанне абароны нашай перамогі" ў Вялікай Айчыннай вайне.
"Таму мы павінны цаніць сваё мастацтва, сваю культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова і прасоўваць яе на ўсіх кантынентах, як гэта робіць "Славянскі базар", —
заявіў афіцыйны лідар.
Акрамя таго, сказаў ён, "мы не маем права пазбаўляць сотні тысяч паклоннікаў, я скажу, мільёны людзей, тэлегледачоў, магчымасці акунуцца ў непаўторную атмасферу гэтага
цудоўнага свята".
"Ну, кажуць пра грошы. Хаця гэта і важная ўмова, але не галоўны крытэрый для падобных мерапрыемстваў. Тым больш сёлета шмат зроблена для таго, каб фестываль выйшаў на самаакупнасць. Больш за
тое, ужо скажу вам шчыра, што мы практычна з дзяржаўнага бюджэту сёлета фестываль не фінансавалі", — паведаміў Лукашэнка і выказаў падзяку "ўсім тым добрым
людзям, мецэнатам, якія ўклалі сродкі ў гэтае цудоўнае свята".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН