У мурах кляштара ў Друі запачаткаваны музей сучаснага жывапісу

Выставай працаў мастакоў — удзельнікаў пленэру “Пачаткі” — 12 ліпеня ў Друі ў кляштары пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы скончылася мастацкая акцыя, ініцыяваная настаяцелем парафіі кс. Сяргеем Сурыновічам.



На закрыццё пленэру прыехалі бард і рэдактар часопіса “Верасень” Эдуард Акулін і паэт Леанід Дранько-Майсюк з праграмай уласнай творчасці і прэзентацыяй чарговага нумару часопіса, дзе змешчаная нізка вершаў кс. Сурыновіча.

 

Па ад’ездзе мастакоў у кляштары застаюцца некалькі дзясяткаў жывапісных палотнаў і акварэляў. Нягледзячы на тое, што мастакі, згодна папярэдняй дамове, меліся пакінуць для будучага кляштарнага музея адно палатно, практычна ўсе яны ахвяравалі кляштару па некалькі — найлепшых — працаў. Мастак Віталь Друй цягам тыдня, праведзенага ў кляштары, стварыў тры працы, якія застануцца ў друйскіх мураў, папоўніўшы калекцыю настаяцеля парафіі: раней кс. Сурыновіч ужо меў некалькі палотнаў гэтага творцы з краявідамі Друі.

%D0%B4-%D0%B0%D0%BF%D0%BE%D1%88%D0%BD%D1%8F%D1%8F-280x186.jpg

Калекцыю музея, стварэнне якога — у планах святара, папоўняць працы мэтраў, Дзмітрыя Сурыновіча і Алеся Сушы, карыфеяў айчыннага жывапісу. Творы гэтых аўтараў знаходзяцца ў калекцыях еўрапейскіх краінаў, у зборах Нацыянальнага мастацкага музея і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Цяпер яны ёсць і ў друйскай калекцыі.

 

Апроч таго, застануцца ў Друі некалі абстракцыянісцкіх палотнаў Кацярыны Сумаравай, акварэлі Наталлі Гудковай, а таксама жывапісныя працы Вольгі Куваевай, якія выклікаюць асацыяцыі з шэдэўрамі Фердынанда Рушчыца. Яскравы ўнёсак у будучую друйскую карцінную галерэю зрабілі Кацярына Говэн, Уладзіслаў Пятручык, Алена Ігнац’ева, Таццяна Уласевіч, Крысціна Шчарбакова, Кацярына Мяснікова. Мультыплікатар Галіна Раманава разам з Кацярынай Сумаравай падтрымалі цудоўную ініцыятыву педагогаў мясцовай школы, якія прывялі сваіх выхаванцаў у кляштар — знаёміцца з мастакамі і іх творчасцю. Менавіта абстрактныя палотны найбольш кранулі дзяцей, якія з лёгкасцю пабачылі ў іх незвычайнае адлюстраванне з дзяцінства знаёмых краявідаў.

 

%D0%B430-280x158.jpg

“Адной з мэтаў пленэру ў Друі ёсць спрыянне і нават прымус мастакоў да самараскрыцця ў цалкавітай свабодзе іх творчых памкненняў і самавыяўлення. Бог, Творца ўсяго, адорвае чалавека вольнай воляй, якую непарушна зберагае і дазірае, залучаючы чалавека ў пошуку творчых памкненняў і іх рэалізацыі ў супольнікі містэрыі акту стварэння”, — кажа кс. Сяргей Сурыновіч. Уражвае і глыбіня разумення створаных палотнаў мясцовымі жыхарамі, якія сталі гледачамі выставы пасля нядзельнай Святой Імшы, разбураючы стэрэатып аб тым, што людзі простай штодзённай працы няздольныя да трапяткога спасціжэння творчага.

Спрыяльна паставіліся мясцовыя жыхары і да сустрэчы з друкаваным словам — шмат хто з вернікаў з задавальненнем купляў асобнікі часопіса, у якім надрукаваныя вершы іх святара. На сустрэчу з мінскімі літаратарамі прыехалі вернікі таксама і з навакольных мястэчак.

krynica.info