На свята ў Лучайскі касцёл завітаў паэт Хадановіч
Свята Божай Міласэрнасці 12 красавіка ў парафіі святога апостала Юды Тадэвуша ў Лучаі супала з восьмай гадавінай святарскага пасвячэння ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага, атрыманага з рук біскупа Уладзіслава Бліна на Вялікдзень 2007 года.
Да святкаванняў далучылася інтэлігенцыя Шаркаўшчыны і мінскі паэт Андрэй Хадановіч.
На Святую Імшу, што служылася ў інтэнцыі душпастыра, прыехалі вернікі з Шаркаўшчыны, — радзімы кс. Мікалая Ліпскага. Падчас літургіі кс. Мікалай дзякаваў Госпаду за дар святарства і за ўсіх людзей, сустрэтых на жыццёвым шляху, паведамляе luchai.by.
У падарунак святар атрымаў верш-прысвячэнне ад шаркаўшчынскай паэткі Кацярыны Сосны, зробленае рукамі парафіяльнай моладзі пано з рамонкаў і падрыхтаваную ёю песню «Настаўнік».
Вернікі пасля Імшы таксама атрымалі падарунак — з канцэртам выступіў мінскі паэт Андрэй Хадановіч — слынны літаратар, бард, перакладчык, выкладчык БДУ, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру.