Начныя дахі і самнамбулы Уладзіміра Арлова
Упершыню за 10
год пісьменнік падарыў чытачу зборку прозы, якая складаецца з трох аповесцяў.
Прэзентацыя кнігі прайшла пад дажджом, але ніхто не разыходзіўся.
Падавалася, што падчас прэзентацыі, якая прайшла ў кнігарні “Логвінаў” усё пайшло не па стандартным сцэнары. Калі яшчэ перад пачаткам стала зразумела, што ўсе ахвочыя не змесцяцца ўсярэдзіне, пісьменнік запрасіў чытачоў ды журналістаў выйсці на вуліцу, а сам ускараскаўся на невялічкую лесвіцу.
Акудовіч: “Баяўся брацца за рукапіс”
Літаральна праз 10 хвілінаў пачаўся дождж, але …ніхто не разыходзіўся, што, паводле Віктара Марціновіча, можа быць прыкладам і для еўрапейскіх аматараў кнігі. Наогул, на прэзентацыю завітаў цэлы шэраг знакамітасцяў: і Адам Глобус, і Уладзімір Някляеў, і вышэйзгаданы Марціновіч, і рэдактар выдання Валянцін Акудовіч, які праз спазненне “заляцеў” на пляцоўку ля кнігарні подбегам.
“Калі нехта з блізкіх мне людзей піша кнігу, — аддыхаўшыся пачаў прамову Акудовіч, — я, звычайна, баюся чытаць. А раптам не атрымалася? І тут Уладзімір Арлоў, які 10 год не выдаваў зборак прозы, раптам звоніць і кажа, што ёсць такая кніга, а пасля прыносіць рукапіс — на рэдактуру. Ляжалі гэтыя аркушы пэўны час… баяўся брацца. Урэшце, набраўся мужнасці. Фу-у-ух! Усё нармальна!”
Акудовіч таксама ўзгадаў, што некалі пісаў, маўляў, беларусы “не містычная нацыя”, а зборнік Арлова ўжо нехта паспеў ахрысціць “першай беларускай кнігай містыкі”. Разам з тым, да першых беларускіх містыкаў можна залічыць Баршчэўскага з яго “фантастычнымі апавяданнямі”, сёння яго традыцыю працягваюць Бабкоў, Някляеў, а зараз яшчэ і Арлоў. Такім чынам, вымалёўваецца цэлая тэндэнцыя.
Самнамбулы спяць удзень… як беларусы?
Што ж у кнізе містычнага? Аповесць “Танцы над горадам”, якая і дала кнізе
назву, гэта гісторыя самнамбулаў, якія ўдзень жывуць звычайным жыццём, а ўначы
ўтвараюць нешта накшталт таемнай арганізацыі ці ордэна ды… танчаць на дахах
горада. Тут жа — абразкі з дзяцінства, родны для аўтара Полацк, снайперы з
глушыцелямі, разгон дэманстрацыяў, ну і канешне ж, таямніца!
“Самнамбулы цікавыя не толькі тым, што робяць уначы, але і тым, што спяць удзень. Гэта вельмі цікавы і блізкі ўсім беларусам сюжэт,” — рэзюмаваў падчас свайго выступу Віктар Марціновіч. Пісьменнік таксама адзначыў, што паміж усімі трыма апавяданнямі ёсць сувязь, таму варта абавязкова чытаць кнігу цалкам, каб расставіць усе кропкі над “і”.
Варта адзначыць таксама цудоўны вонкавы дызайн амаль 200-старонкавай кнігі, вытрыманы ў чорна-блакітных танах, з выявай лесвіцы ды чалавечай постаці, якая падымаецца да поўні. Фармат кнігі ў мяккай вокладцы з лёгкім прыемным на вобмацак рэльефам зручны для падарожжаў альбо чытання ў метро.
Напрыканцы прэзентацыі Уладзімір Арлоў раздаў усім ахвочым аўтографы з пажаданнямі доўгіх і шчаслівых танцаў на даху і не толькі.
Фота Паўла Аксіновіча
Фота Паўла Аксіновіча