Ніл Гілевіч за сваю пенсію выдаў 23-тамовы збор твораў
Напярэдадні Новага году выйшла апошняя кніга з 23-тамовага збору твораў Ніла Гілевіча, які народны паэт Беларусі выдаваў 10 гадоў за свой уласны кошт. У збор увайшлі рэчы, напісаныя больш як за 60 гадоў.
Укладаючы збор твораў, Ніл Гілевіч патрабавальна выбіраў найлепшае з напісанага. На жаль, кнігі выходзілі зусім невялікім накладам — некаторыя тамы толькі па 50–100 асобнікаў.
Большую частку аўтар раздаваў родным, сябрам і знаёмым.
Паэт сьціпла адмовіўся гаварыць пра значнасьць завяршэньня працы над 23-тамовікам, палічыўшы, што пра вынік ягонай 10-гадовай працы найлепш распавядуць бліжэйшыя сябры і чытачы. Але адзначыў,
што гэта — ня поўны збор твораў і ня выбранае, а тыя творы, якія ён сам лічыць найлепшымі ў сваёй творчасьці. Таксама Ніл Гілевіч пацьвердзіў, што ўсе выдадзеныя кнігі надрукаваў за сваю
невялікую пэнсію:
«Гэта вялікі збор. Але ж гэта ня поўны акадэмічны збор, поўны збор пры жыцьці не выдаецца. Гэта проста вялікі збор. А поўны акадэмічны, можа, будзе налічваць і 33 тамы, а то і больш.
Гэта я лепшае адбіраў. Яшчэ на 7–10 тамоў засталося за бортам.
Літаратуразнаўца і сяброўка паэта Лідзія Савік у 2003 годзе прысутнічала на прэзэнтацыі праекту выданьня. Распавядаючы пра жанравую разнастайнасьць збору, яна кажа, што праца,
праробленая Нілам Гілевічам падчас стварэньня 23-тамовіка, пад сілу хіба што цэламу літаратурнаму інстытуту:
Публіцыстыка, якая ўвайшла ў збор, — гэта прасякнуты болем роздум над сучасным жыцьцём, над становішчам нашай мовы, літаратуры і культуры. У публіцыстычных творах Ніл Сымонавіч вельмі
сьмела і адкрыта гаворыць пра самыя надзённыя і балючыя праблемы грамадзтва, называючы імёны, агучваючы тое, што іншыя баяцца сказаць услых. Таксама шмат ёсьць твораў празаічных, сярод якіх раман
„Перажыўшы вайну“, у якім паэт распавядае пра сваё дзяцінства і пра тое, што адбывалася падчас вайны ў яго роднай вёсцы; шчымлівая аповесьць-успамін „Разумная
дзевачка“, прысьвечаная жонцы паэта Ніне Іванаўне.
Таксама ў зборы — літаратуразнаўчыя і крытычныя працы, сабраны аўтарам фальклёр, запісы са сшыткаў, занатоўкі, рэплікі, моўныя жывінкі, прадмовы, выбраныя старонкі зь дзёньніка паэта,
шмат-шмат чаго іншага».
Апошні том збору выдадзены пад нумарам 22, таму што 23-ці выйшаў раней. Паэт Анатоль Вярцінскі назіраў, зь якім пачуцьцём Ніл Гілевіч ўзяў у рукі завяршальны том сваёй
працы:
«29 сьнежня Ніл Гілевіч пабачыў наяве апошні том распачатага 10 гадоў таму выданьня 23-томнага збору твораў. Пабачыў, патрымаў у руках і паставіў на сваё, адпаведна нумарацыі, месца,
побач з падобнымі цёмна-сіняга колеру томікамі. Кажу як сьведка. Бо акурат у гэты дзень традыцыйна наведваў Ніла Сымонавіча, каб пабачыцца і пагаманіць на мяжы двух гадоў, у тым ліку пра пэўныя
вынікі 2013 году. І тут вось, амаль калядны цуд, падасьпеў гэты добры, пазытыўны вынік.
Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя абставіны, сьмела задуманы і рупліва падрыхтаваны маштабны выдавецкі праект канчаткова рэалізаваўся. Збор твораў у 23 тамах стаў фактам. І, трэба думаць, фактам ня
толькі творчай біяграфіі аўтара, але і ўсёй беларускай літаратуры, фактам грамадзка-культурнага жыцьця краіны.
Прывяду ў якасьці прыкладу ледзь не скразны ляйтматыў. У свой час Віктар Каваленка сказаў пра паэтычную творчасьць Ніла Гілевіча: „Паэзія глыбокай веры“. Сам Ніл Гілевіч адну
са сваіх кніг прозы, старонкі якой увайшлі ў 16-ты том, назваў „У гэта веру“. А верш, прысьвечаны памяці Максіма Гарэцкага, заканчваецца сьцьверджаньнем: „Тая вера не
памерла, не сканала. Тая вера, тая вера ў нас жыве“. Вера — у што, у каго? Менавіта гэтым пытаньнем прасякнутыя і адказваюць на яго шматлікія вершаваныя і празаічныя радкі збору
твораў. Гэта вера ў несьмяротнае матчына слова, што гэтаму слову жыць вечна, вера ў нашую нацыянальную годнасьць, у шчасьлівую будучыню свабоднай незалежнай Беларусі, і паэтычна-песенная вера ў тое,
што „ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі“.
23 тамы — як 23 верставыя знакі на шляху да запаветнай мэты».