Пэтсан і Фіндус зноў завітаюць у Мінск

Галерэя «Ў» запрашае дзетак і іх бацькоў 26 траўня на прэзентацыю дзвюх кніг шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста «Пэтсан сумуе» і «Паляванне на ліса».

petsan_500.jpg

Шыкоўна ілюстраваныя гісторыі пра дзядулю Пэтсана і кацянятка Фіндуса пабачылі свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» і ўжо чакаюць чытачоў на паліцах мінскіх кнігарняў. 

Сімпатычныя і забаўныя героі Пэтсан і Фіндус, якія ажылі на старонках кніг шведскага аўтара, не маюць патрэбы ў прадстаўленні — яны вельмі папулярныя па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, і казкі пра іх пераствораныя больш чым на 30 моў. На нашай роднай мове выйшлі кнігі «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды», пасля — «Блінны торт» і «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» (усе пераклала Надзея Кандрусевіч).

А зараз серыя для дзяцей працягваецца чарговымі гісторыямі, з якіх юныя чытачы і чытачкі даведаюцца, як коцік Фіндус паляпшаў настрой дзядулі Пэтсана з дапамогай… рыбалкі («Пэтсан сумуе») і якім чынам героі адпужвалі ад сваёй хаты ласага да курэй ліса («Паляванне на ліса»).

Імпрэза пройдзе з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык. Пачатак у 18.00. Уваход вольны!

Прыходзьце на імпрэзу, будзе цікава! 

Арганізатар — ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», партнёр грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Паводле lit-bel.org