Практычнае жывёлазнаўства: кнігі пра жывёл, людзей і гэты свет, якому часам не да экалогіі

Беларуская «Вікіпедыя» 23 верасня пазначыла як цікавае свята — Дзень любові кароў. Мы паспрабавалі зразумець, што гэта за дзень і дзе святкуецца, але знайшлі толькі Дзень удзячнасці каровам — і гэтае свята мы ўжо прапусцілі (адзначаецца 12 ліпеня).

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Экалагічная тэматыка ў развітых краінах цяпер ідзе ў першых шэрагах інфармацыйных патокаў, і праблема абыходжання з жывёламі далёка не апошняя ў павестцы экаактывістаў і проста неабыякавых людзей. Свядомае спажыванне, адмаўленне ад прадукцыі, што тэстуецца на жывёлах, замяняльнікі скуры і меху ў адзенні, закрыццё цыркаў і многае іншае — так прагрэсіўны свет пакрокава змагаецца з эксплуатацыяй жывёлаў.

Прапануем вам спіс мастацкай літаратуры, якая не праходзіць міма гэтай тэмы і ўздымае важныя пытанні дачынення людзей і жывёл.

1. Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых». Раман польскай нобелеўскай лаўрэаткі — першае, што прыйшло мне ў галаву, калі я задумаўся пра гэты спіс. На наша шчасце, ён перакладзены на беларускую (пераклад ажыццявіла Марына Шода), але ў кнігарнях гэты экалагічны дэтэктыў ужо не знайсці.


Ілюстрацыйнае фота: lohvinau.by

Ілюстрацыйнае фота: lohvinau.by

Так-так, гэта менавіта дэтэктыў, і аматарам загадак і таямніц ён прыйдзецца даспадобы. Галоўная гераіня — абаронца жывёлаў, ні разу не следчая ці паліцэйская, але вымушаная расследаваць серыю забойстваў... паляўнічых. Такарчук увесь час ставіць перад чытачом складаныя маральныя пытанні, а сам раман — даволі адназначнае і прамое выказванне супраць забойства братоў нашых меншых. Улічваючы тое, што пісала яго нобелеўская лаўрэатка, можна чакаць ад прачытання недарма патрачанага часу.

2. Герман Мэлвіл «Мобі Дзік». Які ж гэта быў бы спіс кніг пра жывёл, калі б я не згадаў «Мобі Дзіка»? Хрэстаматыя жыцця кітоў, у якой сабрана ўсё: ад міфаў пра гэтых гіганцкіх жывёл да розных спосабаў і апісанняў іх забойства і раздзелкі. Натуральна, кніга не пра гэта, але пасля прачытання тых 150 старонак, на якіх Мэлвіл прэпаруе біблейскага левіяфана, наўрад ці запомніш, што гэта раман пра наканаванне, змаганне чалавека са сваім лёсам і марнасць помсты — асабліва калі ты прызначыў сабе ў «ворагі» такую боскую істоту, як кіт.


xl.jpg

«Мобі Дзік» чытаецца няпроста і «заходзіць» не адразу і далёка не ўсім. Але тым, хто цікавіцца незвычайнымі тактыкамі аповеду і нікуды не спяшаецца, вельмі раю — тут ёсць дзе разгарнуцца.

3. Дэніэл Кіз «Кветкі для Элджэрнона». Кніга, якая, напэўна, у прадстаўленні патрэбы не мае. Гісторыю галоўнага героя Чарлі і яго сябра па няшчасці Элджэрнона ведаюць многія дзякуючы фільму, знятаму па рамане. У аснове сюжэту — вопыты на мозгу, якія ў перспектыве могуць дапамагчы людзям лячыць разумовую адсталасць, а таксама двое паддоследных: мыш і чалавек. Лёсы абодвух пераплятаюцца самым неверагодным — і вельмі сумным — чынам: пасля аперацыі на мозгу і ў Чарлі, і ў Элджэрнона адбываецца моцны прагрэс у развіцці, на фоне чаго мяняецца і жыццё герояў, іх быт і акружэнне. Але Элджэрнон «здаецца» першым — і, гледзячы, як згасае пухнаты сябар, Чарлі спрабуе знайсці выйсце са становішча, бо відавочна, што тое самае чакае і яго.


305753851_8586129408071259_1090195941417569470_n.jpg

Дэніэл Кіз не чытае нам пропаведзяў і мараляў, але, разам з тым, вельмі тонка і часам невыносна балюча падводзіць да той мяжы, на якой заканчваецца «можна» і пачынаецца «нельга». І гэта тычыцца і таго, што людзі робяць са светам вакол, і таго, што яны робяць адно з адным. 

4. Джэн Смайлі «Вырай для коняў». Сучасная амерыканская пісьменніца Джэн Смайлі ў далёкім 1992 годзе атрымала Пулітцэраўскую прэмію за раман-алюзію на шэкспіраўскага «Караля Ліра» — яго сучасны празаічны варыянт, у якім раскрываецца карціна хатняга гвалту з боку бацькі-фермера ў дачыненні да трох яго дачок. Ферма — увогуле часты топас у творчасці Смайлі. Быць можа, таму, што якраз сама пісьменніца з'яўляецца землеўладальніцай.


61vw32bjxzl._sl1010_.jpg

У 2000 годзе яна выдала кнігу «Horse Heaven» — вельмі падрабязнае даследаванне таго, як людзі, якія маюць рукі-ногі-галаву, то-бок усё для таго, каб зарабляць на жыццё самастойна, будуюць цэлыя бізнэс-імперыі на гандлі конямі, іх селекцыі, вопытах, бязлітасных трэніроўках і, уласна, скачках. Нібы пад мікраскопам, у рамане аказваюцца розныя персанажы, чые характары і жыццёвыя абставіны неўзабаве пераплятаюцца з жыццём і характарамі коней — і праз гэты прыём у прыхаванай саркастычнай манеры раскрываецца сутнасць свету азартных гульняў і скачак. У 2001 годзе «The New York Times» прызнаў раман «Horse Heaven» «нацыянальным бестсэлерам №1».

5. Джонатан Сафран Фоер «Мяса. Eating Animals» («З'яданне жывёлаў»). Спіс, канешне, быў бы няпоўным без тэкста, які задаецца пытаннем ужывання мяса іншых жывых істот чалавекам у якасці ежы, а таксама разглядае зблізку ўсю індустрыю па здабычы мяса і рыбы. Папулярны амерыканскі пісьменнік, аўтар бестэлера «Страшэнна гучна і неверагодна блізка», Фоер сам доўгі час практыкаваў вегетарыянства, але адвечным пытаннем «чаму адны паядаюць іншых» задаўся сур'ёзна, толькі калі стаў бацькам і яму трэба было растлумачыць гэта сваім дзецям.


15944.webp

Фоер засяроджвае ўвагу на пытанні прамысловых метадаў вядзення сельскай гаспадаркі і прамысловага рыбалоўства. Ён разглядае праблему правоў жывёл, якіх разводзяць для забою, гуманнай арганізацыі вытворчасці, напрыклад, прылову рыбы і сітуацыю на прамысловых бойнях, дзе створаны жахлівыя ўмовы і для жывёл, і для людзей. Маральны аспект культуры ўжывання мяса пісьменнік закранае асобна.

Бонус: кнігі пра жывёл без экапавесткі

1. Джордж Оруэл «Ферма». Канешне, гэта не кніга пра жывёл у чыстым выглядзе. Аўтар знакамітай антыўтопіі «1984» напісаў злосную сатыру на людзей, якіх адлюстраваў у выглядзе рознага кшталту жывёл — з адпаведнымі паводзінамі, манерамі, мовай і ладам жыцця. Даволі пазнавальна, трэба сказаць. І, калі вы чыталі «1984», то можаце сабе ўявіць свет, які апісвае Оруэл — а ён, як заўсёды, вельмі блізкі да рэчаіснасці. Кніга, дарэчы, перакладзена на беларускую і адносна нядаўна выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч».


Ілюстрацыйная выява: Facebook-старонка выдавецтва «Янушкевіч»

Ілюстрацыйная выява: Facebook-старонка выдавецтва «Янушкевіч»

2. Эжен Іянеска «Насарогі». Яшчэ адна антыўтопія, толькі ў выглядзе п'есы. Увогуле, гэта ўлюбёны прыём аўтараў, якія крытыкуюць грамадства — хаваць чалавечыя абліччы за маскамі жывёлаў (пачынаючы ад баек і заканчваючы цэлымі раманамі). Перад адным з самых вядомых прадстаўнікоў «тэатра абсурду» стаяла канкрэтная задача — паказаць ператварэнне звычайных немцаў у нацыстаў, і Іянэска бліскуча справіўся з гэтай задачай. «Насарогі» — вельмі балючы тэкст, у якім і без вядомай перадгісторыі прачытваецца шмат чалавечай прыроды, шмат сацыякультурных феноменаў і агулам гісторый, якія занадта часта паўтараюцца на працягу ўсяго існавання чалавецтва. Іянеска па-майстэрску ілюструе працэс страты чалавечага аблічча — і можа падацца, што гэта вельмі ўжо «ў лоб»,  але часам толькі так і трэба гаварыць пра важныя рэчы. Ва ўсялякім выпадку, каму як не аўтару «Лысай спявачкі» ведаць, што і як даходзіць да чытача.


41gyudnaa6l._sy445_sx342_.jpg

4. Карэл Чапек «Вайна з саламандрамі». У працяг алюзій на нацысцкую Германію згадаем тут раман чэшскага пісьменніка, напісаны да Другой сусветнай вайны — у 1936 годзе. Чапек яшчэ не бачыў таго, ува што Трэці рэйх ператворыць і яго радзіму, і ўсю Еўропу, але відавочна прадчуваў. «Вайна з саламандрамі» — гэта антыўтопія, якая расказвае пра расу разумных істот, што даволі хутка развіваюцца, пераймаюць чалавечыя звычкі, вучацца карыстацца прыладамі працы і ў рэшце рэшт асвойваюць зброю. Вядома, ні да чаго добрага гэта не прыводзіць. Ці ёсць шанец у чалавецтва перамагчы ў гэтай вайне і якім будзе кошт такой перамогі — вялікае пытанне. І тут Карэл Чапек аказаўся не вельмі далёкім ад падзей сваёй будучыні.


25380.webp

5. Рычард Бах «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан». Тут, бадай, ужо і не антыўтопія, і пра нацыстаў у тэксце ні слова. «Чайка...» — той тэкст, які наўрад ці спадабаецца даросламу, але які абавязкова трэба прачытаць кожнаму падлетку. Аповесць, напісаная ў форме прытчы, дае каласальны зарад падтрымкі тым, каму няма на што абаперціся і дзе браць сілы, хто страціў упэўненасць у сабе і ўменне марыць. У літаральным сэнсе Джонатан Лівінгстан вучыцца і вучыць лётаць — і гэта найвялікшая каштоўнасць гэтага тэкста. Раней такіх герояў называлі self-made man — «чалавек, які зрабіў сябе сам» (толькі ў нашым выпадку гаворка ідзе пра чайку). Кніга вучыць жыць, любіць жыццё, быць самадастатковымі і незалежнымі — і гэта тое, чаго так не хапае часам, калі дарослыя гэтаму не навучылі.


71tsd3ltyzl._sl1500_.jpg

Бонус 2: кнігі пра жывёл, ад якіх гэтай восенню будзе цёпла

Сара Пеніпаркер «Пакс» і «Пакс. Дарога дадому». Можна было б «схалявіць» і напісаць тут пра кнігі Кіплінга і Дарэла — і гэта было б цалкам у тэму (ну а што, пра жывёл жа!). Але Кіплінга і Дарэла ведаюць усе, так што так нецікава. Можна яшчэ сказаць, што іх кучы — дзіцячых кніг, у якіх галоўнымі героямі выступаюць жывёлы. І гэта таксама будзе праўдай. Мы раскажам пра адну. Дакладней пра дзве — пра кнігу і яе працяг.


sara_pennipaker__paks._doroga_domoj.jpeg

«Пакс» — пранізлівы аповед пра ліса і хлопчыка. Пакс страціў абодвух сваіх бацькоў, а ў Пітэра памерла маці. Героі знаходзяць адно аднаго — і з гэтага пачынаецца гісторыя пра любоў і сяброўства, боль і страты, расстанні і сустрэчы, пра самоту, разгубленасць і пошукі «свайго». Кніга ілюстраваная вельмі атмасфернымі малюнкамі Джона Класена, якія нікога не пакінуць абыякавымі.

У працягу, «Пакс. Дарога дадому», чытачы сустрэнуць ліса ўжо дарослым. Ён мае сваю сям'ю і дзяцей і жыве далёка ад Пітэра, які так і застаўся самотным і часам сумуе па сваім лісе. Але ўсё мяняецца, калі аднаму з лісянятаў пагражае небяспека — і тады Пакс зноў знаходзіць свайго чалавека і просіць у яго дапамогі. Сара Пеніпаркер напісала другую кнігу пра ліса і хлопчыка пасля таго, як чытачы завалілі яе лістамі з просьбамі расказаць, што адбылося далей пасля іх апошняй сустрэчы. І аўтарка расказала.