Прэмія Гедройца: хто б ні перамог, будуць скандалы

Аргкамітэт Прэміі імя Ежы Гедройца абвяшчае склад журы, якое будзе працаваць у 2018 годзе. Сёлета ў яго ўвайшлі літаратуразнаўцы і крытыкі.

hedroyc_logo.jpg

Сябрамі журы Прэміі Гедройца 2018 сталі: Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч. Адпаведна Палажэнню быў скліканы Камітэт па журы, у які ўвайшлі старшыня СБП Барыс Пятровіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, а таксама асоба, якая выбіраецца з сябраў журы Прэміі мінулых гадоў, — сёлета гэта Андрэй Хадановіч. З дваццаці кандыдатур у журы выбралі сем, яны працуюць задарма. Большасць сяброў увайшлі ў склад журы Прэміі імя Ежы Гедройца ўпершыню, Валянцін Акудовіч і Ціхан Чарнякевіч ужо працавалі ў яго складзе. Прызавы фонд прэміі летась скараціўся з 10 да 5 тысяч еўра. Аргкамітэт шукае партнёраў, каб павялічыць яго назад.

«Сёлета мы паспрабавалі зрабіць эксперымент і сфармаваць журы пераважна з крытыкаў і літаратуразнаўцаў: мяркуем, што прафесійны падыход да ацэнкі намінантаў дазволіць спадзявацца на большую аб’ектыўнасць. Мы, вядома, не можам гарантаваць, што гэта рэцэпт, які спрацуе, але мы спрабуем намацаць нейкія новыя падыходы», — кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, паэтка і перакладчыца Таццяна Нядбай. Яна таксама адзначыла, што прэмія сутыкнулася з крызісам, і гэта нармалёва, з першага яе ўручэння прайшло шэсць год, нешта мусіць мяняцца. Сёлета ў журы людзі, якія, па словах прадстаўнікоў аргкамітэту Прэміі, «не могуць не чытаць». Мяркуецца, гэта дазволіць пазбегнуць выпадкаў, калі сябры журы галасуюць, не прачытаўшы ўсе намінаваныя творы.

Падчас прэс-канферэнцыі ў ПЭН-цэнтры 10 траўня ўдзельнік аргкамітэту Прэміі Аляксей Стрэльнікаў распавёў, што сам працаваў у журы шматлікіх конкурсаў, і не было ніводнага выпадку, каб усе былі задаволеныя вынікамі: «Праца журы — недасканалы спосаб называць пераможцу, але лепшага пакуль не прыдумалі. Варта разумець, што размеркаванне прызоў — гэта вынік пэўнай працы, а не дзея з загадзя прадказальным вынікам. Хто б ні перамог, будуць скандалы».

Культуролаг Максім Жбанкоў параіў Аргкамітэту прыбраць штучныя фільтры ў журы, не абмяжоўвацца літаратуразнаўчым колам: «Ёсць жа „пазалітпрацэсныя“ інтэлектуалы — прадстаўнікі мастацкай крытыкі ў шырокім сэнсе, не толькі літаратурнай, медыйныя аналітыкі. Журы не можа быць аб’ектыўным, хай бы было хаця б рэпрэзентатыўным».

Прыём заявак на Прэмію доўжыцца да 31 траўня. Прэтэндаваць на ўдзел могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2017 года. Узнагароджанне пераможцы Прэміі Гедройца 2018 папярэдне плануецца ў верасні, абвяшчэнне лонг-лісту ў канцы ліпеня, шорт-лісту — у пачатку верасня. Аргкамітэт разглядае магчымасці арганізаваць сустрэчы з аўтарамі, творы якіх увойдуць у шорт-ліст, у Мінску і рэгіёнах.

Суарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.