Музычныя вечары ў Лошыцкай сядзібе

 Адчуць атмасферу музычных салонаў мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў мінчукі здолеюць 12, 19 і 26 траўня ў Лошыцкай сядзібе.

Лошыцкая сядзіба

Лошыцкая сядзіба



"Майскія музычныя вечары ў Лошыцкай сядзібе" пройдуць 12, 19 і 26 траўня, паведамілі ў Музеі гісторыі горада Мінска.

Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс зноў запрашае меламанаў на цыкл мерапрыемстваў з праграмай, якая акуне ўдзельнікаў у атмасферу музычных салонаў мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў. Праз дзесяцігоддзі ў вялікай гасцёўні сядзібнага дома загучаць папулярныя ў 1890-х – 1910-х гадах творы вядомых кампазітараў мінулых эпох.

Канцэртную праграму "Майскіх вечароў" 12 траўня адкрые "Еўрапейскі вечар", у "Ноч музеяў", 19 траўня, гасцей Лошыцы чакае "Музыка ў сядзібах Беларусі", а заключным мерапрыемствам 26 траўня стануць "Шэдэўры вакальнай і інструментальнай музыкі".

Наведвальнікі змогуць атрымаць асалоду ад чароўных твораў у выкананні таленавітых навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі і выкладчыкаў. У канцэртнай праграме таксама прымуць удзел салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

zviazda.by, www.belta.by