Пушкін у Швецыі

За мінулы год у жыцці стваральніка свабодных пленэраў Алеся Пушкіна адбыліся важныя падзеі. Адной з такіх стала правядзенне персанальнай выставы ў шведскім горадзе Кальмар. Пра выставу і ўражанне ад знаёмства з паўночнай краінай мастак Алесь Пушкін расказаў журналістцы Эле Олінай.



de594ef5c314372edec29b93cab9d72e.jpg

За мінулы год у жыцці стваральніка свабодных пленэраў Алеся Пушкіна адбыліся важныя падзеі. Адной з такіх стала правядзенне персанальнай выставы ў шведскім горадзе Кальмар. Пра выставу і ўражанне ад знаёмства з паўночнай краінай мастак Алесь Пушкін расказаў журналістцы Эле Олінай.
— Такая нечаканая для мяне прапанова правесці выставу з’явілася падчас візіту ў Бобр Акко Карлсана, сябра Партыі Зялёных Швецыі два гады таму. Акко як і я, жыве ў рэгіёне, таму яму хацелася паглядзець наш кут. Госць распавёў пра галерэю сучаснага мастацтва, якая існуе ў Кальмары. Пазней высветлілася, што гэта адна з самых сучасных галерэй, дзе кожныя тры месяцы змяняецца экспазіцыя. Там дэманструюцца творы нямецкіх, шведскіх, амерыканскіх мастакоў.
Я адабраў 17 прац. Асаблівае значэнне меў партрэт Георгія Бортніка, святара, расстралянага ў 1951 годзе за тое, што ён рабіў казанні на роднай мове. Яшчэ мне хацелася паказаць свае вясновыя шпакоўні, да якіх прыклалі руку розныя вядомыя асобы.
Для творцы магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі суседняй краны — удзячная глеба для назіранняў і параўнанняў. Я пабываў у некалькіх гарадах, наведаў Вэстэрвік, Гамлебі пабываў на радзіме Астрыд Лінгрэнд. Мне хацелася паглядзець шведскія дзіцячыя садкі, школы. Дзетак яны аддаюць у садок вельмі рана, у 1–2 гадкі, але садок бясплатны, там самыя сучасныя цацкі і абсталяванне. У школе — бясплатныя падручнікі, бясплатнае харчаванне.
Я пабываў на свяце Святой Люцыі, павандраваў па краіне, пабачыў старадаўнія малюнкі на камянях — гэта мяне вельмі ўразіла. Пабываў у сядзібе «Нордэн фолька», арыстакратычным доме, які падтрымлівае сувязь з баронамі ў розных еўрапейскіх краінах, займаецца дабрачыннасцю.
У Стакгольме я наведаў Мастацкую школу, паназіраў, як студэнты рыхтуюцца да паступлення ў Стакгольмскую Акадэмію мастацтваў. У аснове іх жывапісу часта выкарыстоўваюцца фальклорныя матывы. Midsummer — у іх такое ж свята, як наша Купалле. Яно нараджае шмат легендаў, які кладуцца ў аснову сюжэтаў карцін.
Шмат увагі яны надаюць дызайну. У навучальным парадку я выканаў з натуры партрэт студэнткі Амеліі. Тэмперай і акварэллю напісаў некалькі шведскіх пейзажаў. Раскідзісты дуб, мох, камяні, скалістыя выступы. Тую карціну я падарыў кампаніі «Будзьма».
Дзве рэчы мяне вельмі ўразілі ў Швецыі — гэта тое, што жанчыны ў іх служаць у царкве дыяканісамі, вядуць набажэнствы служаць месу. Таксама здзівіла іх стаўленне да старых, якіх яны большасцю здаюць у дамы састарэлых. Я ўспрымаю гэта як сведчанне секулярызацыі грамадства.

-------------------------------------------------

Творчасць Алеся Пушкіна вядома шведам дзякуючы дакументальнай стужцы «Беларускі вальс». Выставу ў Кальмары прадстаўляў куратар Марцін Шчыблі. «Алесь Пушкін — заснавальнік першай постмадэрнісцкай галерэі сучаснага мастацтва ў Віцебску, горадзе, які ўвабраў традыцыі Марка Шагала і Казіміра Малевіча», — нагадаў Шчыблі шведскім гледачам. Пяць мясцовых газет надалі ўвагу экспазіцыі беларускага мастака. У адным са шведскіх артыкулаў адзначаецца, што незалежнае мастацтва з’яўляецца моцнай зброяй супраць дыктатуры.