Штык супраць песні

Канфлікт творцы з соцыумам заўжды быў непазбежнай, а часам нават і неабходнай умовай творчасці. Але калі творца патрапляе ў канфлікт з дэспатычнай уладай, то ў сілу ўступаюць ужо іншыя законы. Паспрабуем паназіраць, як гэта адбывалася ў музычнай сферы.



34f5297ef0ba66f4b3ca225078560d11.jpg

Канфлікт творцы з соцыумам заўжды быў непазбежнай, а часам нават і неабходнай умовай творчасці. Але калі творца патрапляе ў канфлікт з дэспатычнай уладай, то ў сілу ўступаюць ужо іншыя законы. Паспрабуем паназіраць, як гэта адбывалася ў музычнай сферы.
Калі пачынаць ад самага пачатку, дык трэба сказаць пра непрыязнасць савецкага таталітарызму да любой мастацкай з’явы, якая выходзіла за межы ім жа ўсталяваных ўзораў і нормаў. І ў гэтым ён не быў арыгінальны: нешта падобнае назіралася і ў нацысцкай Германіі, і ў фашысцкай Італіі, і ў франкісцкай Іспаніі.
Не будзем забываць, што бальшавікі самі прыйшлі да ўлады пад акампанемент добрага тузіна рэвалюцыйных песень, адна з якіх нават нейкі час была гімнам савецкай імперыі. Таму ўжо хто-хто, а яны цудоўна ведалі і разумелі сілу палымянага песеннага слова.
Пад таталітарным каўпаком

Але першымі сур’ёзнымі ахвярамі крамлёўскага музыказнаўцы тады сталі не выканаўцы заакіянскага джазу, асацыяльнага адэскага фальклору ці артысты кабарэ, а якраз савецкія кампазітары-сімфаністы паваеннага часу — узгадаем артыкул «Сумбур вместо музыки» ў галоўнай газеце краіны ды ўсе яго наступствы. Да такіх сур’ёзных прэтэнзій да сур’ёзнай музыкі ніводны дыктатар ні да гэтага, ні, здаецца, пасля яшчэ не ўздымаўся! Але навальніца над савецкімі класікамі тады скончылася практычна нічым, музыказнаўцы неўзабаве не стала. Шастаковіч, Пракоф’еў і Шнітке засталіся жывыя.
Калі мінуць барацьбу з выключна пераймальнай музыкай плыні стылягаў 1950-х гадоў (арыгінальныя творы гэтага руху з’явіліся значна пазней) і звязаных з гэтым новых ганенняў на джаз, то наступным пунктам супрацьстаяння стала аўтарская песня 1960–1970-х гадоў. Не магла не стаць. Яна не была з чужога пляча, не абмяжоўвалася лірыкай, звярталася да слухача наўпрост, сам-насам, і гаварыла пра тое і той мовай, пра што думалася і гаварылася на кухнях, у аўдыторыях і рабочых курылках.
Яе слухала студэнцтва і інтэлігенцыя. Ёй не існавала межаў і бар’ераў. Для яе не было забароненых тэмаў. Асаблівасцю таго перыяду аўтарскай песні ў СССР стаў нечаканы выбух папулярнасці блатной песні («Блатные песни поет интеллигенция». Сёння б сказалі — «рускі шансон», хаця першасны тэрмін, здаецца, больш дакладны). Аўтарская песня стала нават уплываць на савецкую эстраду — яна тады раптам зрабілася больш спакойнай, лірычнай, уцямнай і душэўнай. Многія песні прафесійных кампазітараў былі напісаныя абсалютна ў стылі аўтарскай песні, і тэксты паэтаў-песеннікаў таго часу былі вартыя тых мелодый.
Цікава, што «за бугром» у гэты ж час было практычна тое ж самае: думкамі пратэстуючай супраць в’етнамскай вайны моладзі валодалі не Элвіс Прэслі і «Біч бойз», але Боб Дылан, Джоан Баэз, Піт Сігер ды іншыя выканаўцы амерыканскага варыянту аўтарскай песні. У Брытаніі былі Донаван, Мелані. І ўсе яны таксама не былі сваімі ў машыне шоў-бізнэсу. Гэта была сапраўдная контркультура. Менавіта пад іх уплывам амерыканскі і брытанскі рок-н-рол сталі тым, чым яны тады сталі, — музыкай пратэстнага пакалення.

Боб Дылан

Піт Сігер


У СССР гэты працэс зацягнуўся на дзесяцігоддзі. Таму перакананы: магільшчыкамі савецкай імперыі сталі не Салжаніцын і не тыя 7 чалавек, што выйшлі ў жніўні 1968-га на Красную плошчу ў знак пратэсту супраць уварвання войскаў савецкага блоку ў Чэхаславакію. Дысідэнты, «Хроника текущих событий» ды падобная перыёдыка не мелі тады шырокай вядомасці і ўплыву на масавую свядомасць.
Аўтарская песня супраць імперыі
Разбурыла СССР тое пакаленне, якое вырасла, пасталела і ўсвядоміла сябе грамадзянамі краіны пад песні Візбара, Высоцкага, Акуджавы ды іншых менш вядомых і цяпер ужо забытых аўтараў. Элітарнае мастацтва — сур’ёзная проза, выяўленчае мастацтва, тэатр — у сілу сваёй элітарнасці не было здольнае ўздзейнічаць на масы так інтэнсіўна, як музыка, як песня. Кіно было здольнае. Але ў СССР тое кіно, якое несла зарад таленавітасці, шчырасці, тым больш нейкага нонканфармізму, непазбежна рабілася або элітарным, або надоўга клалася на паліцу. Хаця цяпер, з-за смугі гадоў, камедыі Леаніда Гайдая падаюцца больш значнымі, больш уплывовымі на свядомасць гледача, чым здавалася тады.

Булат Акуджава

Уладзімір Высоцкі


Праўда, быў кароткі перыяд, калі новая генерацыя савецкіх паэтаў (найперш Еўтушэнка, Вазнясенскі) пачалі збіраць цэлыя стадыёны. Але запал 1960-х гадоў у іх творчасці хутка выветрыўся, і стадыёны апусцелі. Рускі рок усё ніяк не мог вырасці з кароткіх штонікаў: апрача Градскага, які ўжо з пачатку 1970-х пачаў больш-менш прыстойна запісвацца, гучаць у фільмах («Раманс аб закаханых») і нават сёе-тое афіцыйна выдаваць на пласцінках, не было на чым вока спыніць. Здаецца, гэта дзякуючы яму тады нарэшце спынілася дыскутаванне: ці можна быць рок-н-рол на рускай мове.
У задушлівай атмасферы брэжнеўскага праўлення аўтарская песня дамінавала сярод неафіцыйнай песеннай, ды і не толькі песеннай творчасці. Прычым нельга сказаць, што гэтаму асабліва спрыяў унікальны для СССР рух КСП ці Грушынскі фестываль аўтарскай песні. Нават не беручы ў разлік вострага, але маладаступнага тады Галіча, здавалася б, нават бяскрыўдныя песні пад гітару «пра жыццё» настолькі адрозніваліся ад панаваўшай бадзёранькай лірыкі савецкай эстрады, што непазбежна пазначаліся ў падсвядомасці слухача як нешта сапраўднае, нефальшывае, шчырае. Галоўнае адрозненне іх ад эстрады было ў тым, што яны цвяроза глядзелі на рэчы, прымушалі думаць, давалі для гэтага глебу. Аднак парадокс: «прасаванне» органаў тады было скіраванае якраз не столькі на іх, колькі на афіцыйную эстраду. І тычылася не зместу песень, а зместу «левых» ганарараў ідалаў савецкай папсы кшталту Магамаева ці Абадзінскага... Але саджалі чамусьці выключна канцэртных адміністратараў.

Грушынскі фестываль


Музыка дамініёна
Беларусі гэта доўга не датычыла. У той ступені, у якой можа не датычыць дамініёна культура метраполіі. Прыклад таму — джазавы аркестр Эдзі Рознэра і затым аркестр Мінскага цырка. Самымі вострымі пытаннямі музычнага жыцця БССР 30–40-х гадоў была крытыка опер «Міхась Падгорны» і «Кветка шчасця» за недастатковую сувязь з цудоўнай сталінскай сучаснасцю ды падрыхтоўка грандыёзнай дэкады дзён культуры БССР у Маскве ў 1939–1940 гадах.
Тут існавала афіцыйная абойма сваіх сур’ёзных ды эстрадных кампазітараў і артыстаў, а пазней выключна пераймальная рок-музыка, якая далей выканання вядомых стандартаў англа-амерыканскага рок-н-ролу не сягала. №1 беларускай эстрады 70-х гадоў Віктар Вуячыч хаця і гастраляваў па свету, але ніяк не цягнуў на «зорку», параўнальную з Ільвом Лешчанкам ці Марыяй Пахомавай.
Але быў феномен «Песняроў». Песенны фальклор у новым прачытанні поруч з высокай культурай выканання нечакана зрабіў іх кумірамі, прыцягнуў увагу моладзі да першароднай прыгажосці народнай песні. Упершыню за многія гады беларуская моладзь пачала слухаць беларускія песні. І гэта стала першым сігналам трывогі для каманды Машэрава. Здаецца, не ў апошнюю чаргу, каб зняць прывідныя падазрэнні ў нацыяналізме, Мулявін тады зрабіў кампрамісны ход канём: былі запісаныя некалькі даволі бясколерных і эклектычных праграм, сярод якіх «Через всю войну» сталася бадай самай няўдалай у песняроўскай творчасці.
Былі дзе-нідзе і КСП, і аўтарская песня, якая практычна нічым не вылучалася ад аўтарскай песні Свярдлоўска ці Петразаводска.
Беларускія барды
Беларуская аўтарская песня шырока загучала практычна поруч з беларускай рок-музыкай. І гэта ўжо былі 80-я гады. Калі «Мроя», створаная ў 1981-м, пазней яшчэ неяк магла быць даступная шырокаму колу слухачоў праз адну вечаровую перадачу на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» (называлася «Хіт-парад»), то нацыянальная аўтарская песня ішла практычна самастойна. Праўда, была яшчэ камсамольская газета «Чырвоная змена» і дзіцячы (!) часопіс «Бярозка», якія пазней больш-менш перыядычна пачалі пісаць пра гэта. Не забуду добрым словам згадаць і часопіс «Крыніца».

Гурт Мроя


Здаецца, першым беларускім бардам у класічным разуменні гэтага слова стаў Эдуард Акулін, і адбылося гэта значна раней за хіт-парады Віталя Сямашкі і «Чырвоную змену» з «Бярозкай» з опусамі Вітаўта Мартыненкі. Але гэта быў самы пачатак, таму ні нацыянальнай рок-музыцы, ні аўтарскай песні не давялося перажыць нічога падобнага ціхаму прасаванню Высоцкага і разгону з вайсковымі верталётамі Грушаўскага фестывалю ў 1970-х гадах, ні чарненкаўскага пагрому рускага рок-н-ролу пачатку 80-х (калі ўпершыню пачалі саджаць не за ганарары, а за музыку), ні спісаў забароненых савецкіх і «забугорных» выканаўцаў, што гулялі па камітэтах камсамолу, аддзелах культуры і рэпертуарных камісіях.
Нашых у тых спісах не было. «Мрою», «Магістрат» і «Бонду» папросту ніхто не пускаў у канцэртныя залы і без спісаў, Акулін, Цярэшчанка, Камоцкі, Сокалаў-Воюш ды іншыя барды выступалі раз-пораз перад вузкім колам слухачоў. У нас гэтага нібыта не было. Таму ў «ружовым доме» ідэолагі спакойна спалі, і гэтым карысталіся тыя калякамсамольскія дзеячы, што яўна пачалі адбівацца ад рук і ўзяліся за арганізацыю рок-канцэртаў і нават фестываляў.

Алесь Камоцкі

Эдуард Акулін

Віктар Шалкевіч


Праўда, «ружовы дом» у студзені 1984 года са старонак «Советской Белоруссии» наехаў на моладзевы часопіс «Рабочая змена», што даў сабе занадта вольніцы, і не ў апошнюю чаргу адносна рок-музыкі. Але пры ўсіх тых вольнасцях там практычна ніколі не пісалі пра нацыянальных выканаўцаў рок-музыкі ці пра аўтарскую песню, калі не адносіць да такіх «Сузор’е» ці дуэт Вайханскіх.
Ва ўсялякім выпадку наехалі тады на «Рабочую змену» зусім не за гэта. «Гэта» да часу не патрапляла ў поле зроку ўлады. Павевы ішлі з метраполіі, найперш з Піцера і Масквы. ЦК КПБ даволі вяла зрэагаваў на пастанову ЦК КПСС ад 19 чэрвеня 1984 года па пытанні ўпарадкавання дзейнасці вакальна-інструментальных ансамбляў, і тут у цэлым даволі фармальна правялі рэгістрацыю, пашпартызацыю і атэстацыю ВІА.
Ідэалагічнае суправаджэнне гэтай кампаніі было гэткім жа вялым: напрыклад, і сёння без смеху нельга чытаць пагромны артыкул нейкага Н. Пазднякова «Куміры з перакошанымі ратамі» ў газеце «Знамя юности» (май 1984 года), прысвечаны заходняй рок-музыцы, дзе пераблытана літаральна ўсё — імёны, назвы, стылі...
Аўтарская песня ў сілу сваёй спецыфікі ўвогуле даволі доўга не трапляла пад нейкія пастановы. Аднак праз 3 гады тут сітуацыя ўжо была іншая: запісы, выступы, кружэлкі, фестывалі — «На доўгім бродзе», «Тры колеры»... Рэакцыя была адпаведная: артыкулы «пра рок», цяпер ужо свой, у прэсе рознага калібру і рознай кампетэнцыі. І як вынік — пастанова ЦК КПБ у чэрвені 1988 года «Аб дадатковых мерах па паляпшэнні эстэтычнага выхавання моладзі... і мерапрыемстваў па пытанні ўпарадкавання дзейнасці ВІА, павышэнні ідэйна-мастацкага ўзроўню іх рэпертуару». Як бачна, тон і стыль пастаноў тых часоў практычна ідэнтычныя сённяшнім, што выходзяць з таго ж самага дому ці ягоных структур. Хаця пішуць іх ужо іншыя людзі, але школа адчуваецца. Здаецца, за рок-музыкаў тады хацелі ўзяцца ўсур’ёз.
Вясна беларускага року
Але тут ужо не паспявалі за часам. Час падганяў, і падзеі хутка завіравалі так, што ўладзе стала не да музыкі. Залаты час быў для музыкаў, скажу я вам. Не было асаблівай апаратуры ды інструментаў, але які быў росквіт творчасці! Усё, што трымалася ў душы за сямю пячаткамі доўгі час, пачало выплёсквацца ў песнях. «Гаспадары краіны, / Навошта вы мне, навошта я вам? / Сум свой я адчуваю сам, / Толькі я сам!» («Іржавыя дні», рок-гурт «Уліс»). Наогул, творчы альянс «Улісу» з паэтам Феліксам Аксёнцавым даў тады вынік такога ўзроўню, да вышынь якога «Улісу» пасля ўжо ўзняцца так і не ўдалося: «Тады Прага была, / Ды спытаў мяне нейкі карчмар: / Адкуль ехаў мой танк, / Ды чаму я хаваю свой твар?/ Чаму хакі мой джут, / Ды чаму мая зброя зноў тут?/ Прабач, пражскі карчмар, / Прабач, што ты бачыш мой твар» («Будапешт—Прага—Кабул», рок-гурт «Уліс»). «Колькі год марылі, / Каб прыйшлі маскалі / З мовай, праўдай, сваім урадам. / Колькі год марылі, / Урэшце рэшт даждалі — / Дзякуй вам, дарагія браткі!» («На полі Аршанскае бітвы», Андрэй Мельнікаў). «Такое жыццё даў пан Бог нам ласкавы, / Без добрых сяброў, без кахання, без славы. / Жыццё, але ж хіба зграшу, будзь і можна, / Такое паскудства жыццём называць?!» («Добрай раніцы, жлобская нацыя!» Віктар Шалкевіч).
Сёння можна бясконца цытаваць песні таго часу, часу вясны народаў савецкай імперыі. Новыя палітыкі напоўніцу карысталіся той творчай вольніцай: не было такога мітынгу, дзе б ні выступалі Сокалаў-Воюш ці Мельнікаў. Як з-пад зямлі ўзнік недзяржаўны фестывальны рух: у 1990 годзе прайшло першае «Басовішча» на Беласточчыне, якое з таго года рэгулярна праходзіць там кожнае лета. У першыя гады там гучала і аўтарская песня, але хутка рок выцесніў бардаў адтуль цалкам. І яны перацяклі на іншы фестываль — «Бардаўская восень», які праходзіць з 1991 года ў Бельску-Падляскім.
Спецназам па музыцы
Іншы лёс чакаў падобныя фестывалі ў РБ. Амаль ніводны з іх не дажыў да сённяшняга дня. Напрыклад, полацкае «Рок-кола» таксама нарадзілася ў 1990-м. Сімпатычнай рысай гэтага папулярнага фэсту было тое, што ў конкурснай праграме абавязковай умовай была наяўнасць беларускага твора. І вось у 2007 годзе без тлумачэння прычын, як сказаў яго нязменны арганізатар і дырэктар Сяргей Анішчанка, фестываль быў уладамі скасаваны.
Першы разгон адкрыты фестываль беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва» (год нараджэння 1991) спазнаў у тым жа 2007-м: тады прыдумалі байку, што ў Дняпры блізу традыцыйнага месца фэсту ляжаць снарады. Снарадаў там не знайшлі, але па размаху сіл і сродкаў, прыцягнутых тады для разгону, міліцэйскую аперацыю можна смела параўнаць з экспедыцыямі супраць партызан 1943–1944 гадоў. З таго часу «Аршанская бітва» праходзіць фактычна ў напаўпадпольных умовах — выявілася, што з бардамі справіцца не так проста, як з рокам. Строга кажучы, спецыфіка жанру не патрабуе ў прынцыпе нічога, апрача акустычнай гітары ды вогнішча. Улада нават заканадаўства пасля першага разгону падагнала адмыслова пад «Аршанскую бітву». Каб не давялося зноў шукаць міфічныя «снарады»...
Папса «за», рок і барды — «супраць»
Аднак першай ахвярай улады сталася тады не песня, а тагачасны самы эфектыўны яе праваднік: урад Кебіча скасаваў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1994 года радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная» — найбольш адданага і паслядоўнага прапагандыста беларускай музыкі новай генерацыі, хаця першапрычына рашэння была іншая. Уводзіць прамую цэнзуру тады яшчэ баяліся. А вось да песень, і галоўнае — выканаўцаў — рукі яшчэ не даходзілі; песня «Новага неба» «Прэзідэнт, ідзі дамоў» у 1995 годзе па вялікаму рахунку засталася незаўважанай. Як і «Партызанская» рок-гурта «N.R.М.» у 1996-м...
Далей стала больш складана. Але ўпершыню аб чорных спісах усур’ёз загаварылі перад выбарамі–2006, калі разгарнулася кампанія «Голосуй за Беларусь!». Хаця рэальна яны былі задзейнічаныя, канешне, яшчэ раней. Цікава, як тады ўсё расклалася: «За Беларусь» пайшла агітаваць выключна адна прыкормленая беларуская папса, а, паводле логікі, супраць Беларусі — рок ды месцамі і момантамі аўтарская песня.
Яшчэ больш цікава, што ва Украіне адбылося практычна тое ж самае — у час аранжавай рэвалюцыі ўкраінскі рок павальна стаў на бок аранжавых, а пераважна рускамоўная папса — за бела-блакітных. У нас гэты падзел стаў яшчэ больш яскравым. Адзін наш сябра вялікай сцэны і тэлеэкрана, які некалі з таго ж экрана прынародна абвяшчаў, што будзе цяпер гаварыць толькі на мове, раптам радасна зашчабятаў на «великом и могучем», а ягоная каманда заспявала вернападданую песеньку «Слушай батьку!». А тая папсовая «зорка», што ў прынцыпе не адмаўлялася, але па маладосці і глупству не зразумела, што за ўдзел у «голосуе» нельга патрабаваць яшчэ і грошы, вокамгненна павылятала і са сцэны, і з радыёэфіру, і з тэлеэкрану. І мала хто тады на ягоную «адсутнасць прысутнасці» звярнуў асаблівую ўвагу. Так што калі наступным разам «зорак» паклікалі «За Беларусь!», то недаходлівых ужо не назіралася. Тэндэнцыі, як той казаў, наводзяць на роздумы.
У падполлі

Але ў адрозненні ад манапалізаваных вялікай сцэны, FM і «скрынкі», жыццёва неабходных для папсы, рок-музыка і аўтарская песня могуць існаваць і ў малым фармаце, на якім яны і выраслі. Найперш «Беларуская музычная альтэрнатыва» ды шэраг іншых, часам і не камерцыйных структур, наладзілі выпуск альтэрнатыўнай дзяржпапсе музыкі самых розных кірункаў і стыляў на СD. А сетка музычных клубаў сталася той правадной сістэмай, што забяспечыла жывую сувязь паміж выканаўцам і слухачом. Асабліва гэта стала відавочным у час Плошчы–2006, з небывалым поспехам складанак «Песні Свабоды».
З таго часу рознага кшталту складнікі ды альбомы перыядычна выходзяць у Беларусі, мінуючы цэнзурна-ідэалагічнае сіта. Плошча–2006 і чорныя спісы ледзь не сталі нагодай своеасаблівай рок-эміграцыі: у адказ на зачыненыя дзверы канцэртных залаў, радыёстанцый і ТV на радзіме, ва Украіне, у Луцку, у 2007 годзе быў арганізаваны фестываль «Be free» («Будзь вольны»), дзе беларускія выканаўцы склалі аснову ўдзельнікаў. Сярод усяго іншага гэты фэст паставіў за мэту прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да парушэння правоў чалавека ў Беларусі, наяўнасці ў нас палітзняволеных і чорных спісаў забароненых выканаўцаў.

Be free


Рэзананс таго фэсту прымусіў уладу на наступны год, калі «Be free» мусіў паўтарыцца, арганізаваць на ўкраінскай мяжы сапраўдны мытны тэрор, каб не выпусціць непаслухмяных рокераў на мяцежны фестываль. Аднак наверсе зразумелі, што супрацьстаянне набывае непажаданыя нюансы і розгалас, і неўзабаве самі прапанавалі рокерам мір. Той мір на паверку стаўся даволі хітрым ходам і датычыўся далёка не ўсіх: напрыклад, пасля апоўначы на тэлеэкране калі-нікалі можна было ўбачыць «Краму» ці зрэдку пачуць на FM «Partyzone» далёка не ў самы зручны час. Аднак выручалі да часу фестывалі самага рознага кшталту, якіх распладзілася з-за недагляду «вертыкалі» багата і пералічыць якія даволі складана. Але цяпер, здаецца, і да іх нарэшце дабраліся.
Эстрадны базар
У гэтай сувязі давайце звернем увагу на самыя афіцыйныя эстрадныя фэсты РБ нашага часу. Можа, яны квітнеюць у практычнай адзіноце з-за мінімальнай канкурэнцыі з боку недзяржаўных? Асабліва, калі паглядзець на тыя грошы, якія штогод дзяржава выдаткоўвае ў падтрымку існавання буйнейшага з іх — «Славянскага базару» ў Віцебску.
Калі апусціць тыя мыльныя піяр-бурбалкі, якімі пастаянна стараюцца засланіць сапраўднае становішча спраў, то выяўляецца няўхільнае зніжэнне цікавасці гледача да яго і, як вынік, зніжэнне і без таго не дужа высокага прэстыжу гэтага міжнароднага эстраднага форуму з немалой гісторыяй. Калі квіткі на канцэрты «Базару» распіхваюцца ў добраахвотна-прымусовым парадку праз прафкамы розных прадпрыемстваў гарадоў Віцебскай вобласці з арганізаваным імі ж завозам такіх гледачоў аўтобусамі, а радасны ажыятаж у зале віцебскага амфітэатра прафесійна ствараюць пераапранутыя ў цывільнае курсанты ВНУ сілавых структур, дык куды ўжо далей!
Не нашмат лепш і з маладзечанскім фестывалем беларускай песні. Кожны год амаль адзін і той жа набор артыстаў і песень, а многія выканаўцы, адспяваўшы належнае, пастаянна «спасібкаюць» зале ды пытаюцца: «Где ваши ручки?»
Выяўляецца цікавая рэч: нацыянальная мова становіцца адным з устойлівых фактараў творчага нонканфармізму, у першую чаргу ў музычнай сферы.
А пакуль што на тле з кожным новым абломам усё больш навязлівага імкнення беларускай улады засвяціцца на «Еўрабачанні» абвешчанае замірэнне з нацыянальным рокам становіцца ўсё больш фальшывым. Гэта асабліва заўважна, калі напаўслове ў эфіры спыняецца трансляванне песень апальных выканаўцаў, а галоўнага «Ляпіса» беларуская пракуратура гатовая тузануць да адказу «за базар» і з-за мяжы.
З аўтарскай песняй жа гэтага замірэння практычна і не было. На памяць прыходзіць толькі адна спроба «зверху» арганізаваць фестываль-конкурс беларускай аўтарскай песні; гэта «Залатая Горка–94». Спроба была прызнаная няўдалай, і пасля былі толькі рэпрэсіі. Пры гэтым традыцыйны летні фестываль рускай аўтарскай песні на Бярэзіне пад Бабруйскам ніколі падобных наездаў не спазнаў.

Юрка Копцік