Смачна есці! У Мінску прэзентавалі «Беларускі кулінарны сшытак»

Пад народныя спевы і танцы ў музеі Я. Купалы прайшла прэзентацыя «Беларускага кулінарнага сшытка № 1». Этнограф Ларыса Мятлеўская сабрала пад адной вокладкай больш за сто ўнікальных рэцэптаў беларускай кухні. 



shytak.jpg

З даўніх часоў у гаспадынь быў звычай запісваць кулінарныя сакрэты і дзяліцца між сабой. «У сем’ях была цудоўная традыцыя — перадаваць ад пакалення ў пакаленне, ад бабулі да ўнучкі такі сшытак, — зазначыла аўтарка. — Кніжка, якую я напісала, гэта і ёсць мой кулінарны сшытак. У які я адабрала самыя цікавыя, на мой погляд, рэцэпты».

Шмат з іх Ларыса Мятлеўская знайшла ў падарожжах па Беларусі. Некаторыя ўзяты са старажытных кніг. Ад качкі з капустай да цыбрыкаў — супы, стравы з мяса і рыбы задаволяць самы пераборлівы гастранамічны густ. Выданне стала своеасаблівым вынікам вывучэння і аднаўлення даўно страчаных рэцэптаў беларускай кухні.

«Калі прыязджаеш на вёску, беларуская кухня — гэта цэлы космас, — адзначыла аўтарка. — І гэта не проста смачная страва, прыгатаваная і пададзеная пэўным чынам. Але і абстаноўка: гэта хата, гэта печ, гэта абрус. І гэта тыя словы і тыя думкі, якія гаспадыня ўкладае падчас прыгатавання стравы. І вельмі часта чуеш ад гаспадыні трапнае слоўца. І вось такія яскравыя кулінарныя выразы я збірала вельмі доўга і ўклала ў гэтую кніжку».

Там змешчаны каментары да спосабу гатавання і апрацоўкі прадуктаў, падачы іх да стала, тлумачальны слоўнік, прыказкі і прымаўкі. Так, напрыклад, у народзе кажуць: «Ешце сала — каб душа скакала», «Ласы як воўк на каўбасы», «Дурны як сала без хлеба».

miatleuskaja.jpg

Ларыса Мятлеўская

«Мне пашанцавала, што каля мяне жыве мая мама, — сказала Ларыса Мятлеўская. — Чалавек, да якога я магу звярнуцца з любым пытаннем па кулінарыі. Яна мая дарадчыца і мой самы строгі эксперт. Яна сапраўдная энцыклапедыя традыцыйнага жыцця беларусаў. І яна ведае не толькі стравы, але і прыказкі і прымаўкі. Яны ў яе як з табакеркі выскокваюць. І я лётаю, шукаючы паперу і асадку для таго, каб запісаць. Часам бывае такое, што на газетах і шпалерах запісваюцца прыказкі і прымаўкі».

Мастачка Вікторыя Салодкая, па словах аўтаркі, дакладна адчула яе стыль напісання і пачуццё гумару. І наогул аздабленне кнігі выйшла вельмі ўдалым. «Я назірала за тым, як яе гартала адна жанчына, — распавяла Ларыса Мятлеўская. — Гартае, гартае кніжку, а пасля яна пачала яе нюхаць, старонку за старонкай. Так жыва і файна выглядае кніга».

Стравы, апісаныя ў кнізе, лёгка гатаваць, бо яны складаюцца з даступных інгрэдыентаў. І хаця нішто не заменіць адмысловы смак ежы, прыгатаванай у печы, старажытныя стравы смачна гатуюцца і на сучаснай кухні. Таму сустрэчу Ларыса Мятлеўская скончыла цалкам слушным пажаданнем: «Смачна вам есці!»  А музыкі, якія аздобілі прэзентацыю беларускімі песнямі, на заканчэнне зладзілі яшчэ і танцы для ўсіх ахвотных. І такіх людзей з добрым настроем аказалася, дарэчы, нямала.

Выдавецтва «Бяловагруп» збіраецца выдаць цэлую серыю кніг «Гастранамічная вандроўка па Беларусі». Іншыя кулінарныя сшыткі Ларысы Мятлеўскай будуць прысвечаны стравам з цёртай і тоўчанай бульбы, а таксама выпечцы і сакрэтам квашання і закатак.

А «Беларускі кулінарны сшытак № 1» ужо пераведзены на рускую і італьянскую мовы. Кніга будзе прадстаўлена на Сусветнай выставе «ЭКСПА-2015» у Мілане.

Фота livingheritage.by