Студэнты БДУ запусцілі беларускамоўны паэтычны чэлендж паміж факультэтамі

Вучні філалагічнага і гістарычнага факультэтаў, а таксама Інстытута журналістыкі БДУ запусцілі беларускамоўную паэтычную эстафету.

czytaem_z_velkom.jpg

Студэнты факультэта, які атрымаў выклік на ўдзел у ініцыятыве, павінны запісаць сваё прачытанне аднаго з твораў беларускіх аўтараў, выкласці відэазапіс у сацыяльныя сеткі і адзначыць, якому з факультэтаў яны перадаюць эстафету.

Гэты чэлендж запушчаны ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Чытаем па-беларуску з velcom», які праводзіцца сярод вучняў 7–8 класаў школ і гімназій Беларусі.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт актыўна падтрымаў ініцыятыву «Чытаем па-беларуску з velcom», якая праходзіць у краіне ўжо трэці год запар. У гэтым годзе арыенцір узяты на навучэнцаў 7 і 8 класаў. Да 30 лістапада вучні запісваюць на відэа, як яны чытаюць адзін з твораў беларускіх аўтараў, і выкладваюць відэазапісы ў сацыяльныя сеткі, адзначаючы іх афіцыйнымі хэштэгамі праекта #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom.

5 лепшых юных чытальнікаў па выніках конкурсу атрымаюць галоўны прыз — смартфон маркі Apple.

Студэнты БДУ вырашылі далучыцца да школьнікаў і стаць удзельнікамі вялікай рэспубліканскай ініцыятывы. У рамках праекта навучэнцы філалагічнага факультэта запусцілі паэтычны флэшмоб і запісалі на відэа ўрывак з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа.

Наступнымі эстафету прынялі студэнты гістарычнага факультэта і абралі для чытання вершы Янкі Купалы.

Студэнты Інстытута журналістыкі прынялі выклік гістарычнага факультэта і выканалі твор Ніла Гілевіча «Апошняе спатканне з Веранікай».

Цяпер чарга за геаграфічным факультэтам. У той жа час падтрымаць удзельнікаў праекту «Чытаем па-беларуску з velcom» можа любы жадаючы.

verszus__pavel_aksinovicz____2___ales_sneh_logo_1.jpg

Раней да праекту далучыліся прадстаўнікі ад Беларусі на міжнародным дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне» Хелена Мерааі і Руслан Асланаў, гульцы футбольнага клуба «Мінск», акцёр і вядучы Юрый Жыгамонт, тэлевядучая Вольга Сацюк. Таксама ў рамках праекта адбыўся першы беларускамоўны паэтычны батл «Вершус», які быў прымеркаваны да 135-годдзя Якуба Коласа.