«Свет нябесны на зямлі» (+фота)

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава беларускіх абразоў і ўжытковага царкоўнага мастацтва, якая з вялікім поспехам дэманстравалася ў Ватыкане. І гэта ўнікальная падзея, бо Ватыкан амаль ніколі не практыкуе «гасцявыя» музейныя паказы.

na_vystave_logo.jpg


«Свет нябесны на зямлі» — пашыраны варыянт экспазіцыі, якая з 18 мая па 25 ліпеня дэманстравалася ў залах музеяў Святога Прастола. Для беларусаў музеі Ватыкана зрабілі прыемнае выключэнне, і там выставу наведалі сотні тысяч гледачоў.

Жыровіцкі іканастас

Жыровіцкі іканастас


Куратар абедзвюх падзей, у Рыме і ў Мінску, мастацтвазнаўца Алена Карпенка, распавяла пра выставу НЧ.
— Ідэя паказаць беларускія абразы ў Ватыкане ўзнікла ў дырэктара музея Уладзіміра Пракапцова даволі даўно, тры-чатыры гады таму. Увесь гэты час пытанне прапрацоўвалася на адміністрацыйным узроўні: амбасады, дырэкцыя Ватыканскіх музеяў. У Ватыканскай Пінакатэцы мы паказалі 33 творы ХVІІ–ХІХ стагоддзя з фондаў нашага музея і 2 творы сучаснага іканапісца Андрэя Жарава, з майстэрні Мінскага епархіяльнага упраўлення. Ужо тады было вырашана прадставіць тую ж экспазіцыю ў пашыраным складзе ў Мінску.

Алена Карпенка з рэстаўратарам Аляксандрам Лагуновічам-Чарапко каля карціны Жыровіцкай Божай Маці са святымі (з Жыровіцкага іканастасу)

Алена Карпенка з рэстаўратарам Аляксандрам Лагуновічам-Чарапко каля карціны Жыровіцкай Божай Маці са святымі (з Жыровіцкага іканастасу)


«Свет нябесны на зямлі» — праект, які мы будзем дэманстраваць доўга, ад 29 верасня гэтага года па 30 студзеня наступнага, — складаецца з некалькіх частак. Адна з іх — творы ХVІ–ХХ стагоддзяў з нашых калекцый: жывапіс, драўляная разьба і скульптура, металічныя і тканыя літургічныя прадметы, шытво, ткацтва. Другая — рэстаўрацыйная частка, 18 мастацкіх аб’ектаў «у працэсе аднаўлення», над якімі апошні год працавалі рэстаўратары нашага музея, своеасаблівая справаздача нашых майстроў. У нас 22 рэстаўратары, і яны працуюць з творамі розных відаў мастацтва. Дарэчы, станоўчым момантам нашага супрацоўніцтва з Ватыканам будзе магчымасць для іх атрымаць стажыроўкі ў Рыме. Трэцяя частка — 16 работ сучасных іканапісцаў з майстэрань Куцейна (Ворша), Сабора Усіх святых і Епархіяльнага ўпраўлення ў Мінску.

Арнат з гарадзенскім поясам

Арнат з гарадзенскім поясам


Сярод твораў з нашых фондаў ёсць помнікі, якія дэманструюцца ўпершыню: апостальскі чын з касцёла св. Брыгіты (Гродна) сярэдзіны ХVІІ стагоддзя, а таксама ўнікальны арнат з фрагментам тканага пояса гарадзенскай мануфактуры Антонія Тызенгауза. Пояс з характэрным арнаментам з пёрамі паўлінаў і карункамі з металізаваных нітак — вялікая рэдкасць, гродзенскіх паясоў захавалася значна менш, чым слуцкіх. Упершыню паказваем напрастольны крыж 1636 года з дарчым надпісам з Някасецка Мінскай вобласці.

kryz_1806_logo.jpg


Між іншым, наяўнасць «прывязкі» твораў да канкрэтных асоб або карпарацый — адметная рыса падбору твораў на выставу. Экспануецца крыж 1791 г. ружанскага брацтва, келіх 1930-х гадоў з дарчым надпісам гродзенскаму прэфекту, кіраўніку духоўных адукацыйных праграм мясцовай гімназіі Адама Міцкевіча. Яшчэ — напрастольны крыж 1806 г., ахвяраваны ў слуцкую Міхайлаўскую царкву. Нарэшце, шэдэўр з іканастасу Жыровіцкай царквы — вобраз Жыровіцкай Божай маці са святымі 1751 г., фактычна не ікона, а па стылістыцы ўжо алтарная карціна, з надпісамі лацініцай, а ўнізе — кірыліцай (за «адпушчэнне грахоў» ахвярадаўцаў абраза ў храм).

На выставе

На выставе


Адна з асаблівасцяў экспазіцыі: бадай упершыню мы паказваем разам комплексы твораў розных канфесій — праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай, адзначаючы багацце і ўнікальнасць хрысціянскай традыцыі ў Беларусі. Раней Музей практыкаваў асобныя выставы праваслаўных абразоў і каталіцкіх алтарных карцін паводле храналагічнага прынцыпу. Зараз у нас атрымалася вельмі цікава спалучыць часткі ў цэлае, што асабліва ўразіла нашых калег у Ватыкане.

Адкрыццё выставы

Адкрыццё выставы


Ці цяжка было дамовіцца на правядзенне выставы ў старэйшым у свеце Ватыканскім музеі?
— Вельмі цяжка. Ватыкан увогуле не практыкуе прымаць экспанаты з іншых калекцый. Перад намі ў Рыме спрабавалі выставіць творы спецыялісты з Яраслаўскага музея, але яны атрымалі памяшканні ў горадзе, па-за межамі Ватыкану. Кіева-Пячэрскі музей-запаведнік (Лаўра) сутыкнуўся з праблемай вялікіх страховак і бяспекі: гаспадары не прадстаўляюць сваю ахову экспанатаў. Нам удалося размесціць творы непасрэдна ў Ватыканскіх музеях, дзеля чаго з пастаяннай экспазіцыі з вітрын знялі іканапісныя творы пастаяннай экспазіцыі. Папраўдзе, такім чынам мы былі абмежаваныя памерам тых вітрын, і ўдалося паказаць абразы памерам не болей 60 см. Таму ўвесь спектр і разнастайнасць беларускага мастацтва прадставіць было складана, але мы падабралі найлепшыя з магчымых экспанаты. І, выстаўленыя на прыгожым зялёным фоне ў якасных вітрынах, нашыя мастацкія шэдэўры, калі меркаваць па кнізе водгукаў, выклікалі ў Рыме літаральна фурор.

Плакаты выставы ў Рыме

Плакаты выставы ў Рыме


Перад адкрыццём мінскай выставы адбылася прэс-канферэнцыя, дзе прысутнічаў прадстаўнік Ватыканскіх музеяў, захавальнік аддзелу візантыйскага і сярэднявечнага мастацтва Гвіда Карніні. На пытанне карэспандэнта НЧ, ці гатовы Ватыкан да сустрэчных крокаў у выставачным абмене з Мінскам, сіньёр Карніні сказаў, што ён не ўпаўнаважаны вырашаць падобныя пытанні. Аднак у прыватнай гутарцы Алена Карпенка паведаміла, што перамовы вядуцца, і з часам можна чакаць прыезду ў наш Музей некалькіх абразоў, твораў ужытковага мастацтва і карцін з рымскіх збораў.

Прэс-канферэнцыя. Уладзімір Пракапцоў, Алена Карпенка, айцец Ігар Карасцялёў, перакладчыца і Гвіда Карніні

Прэс-канферэнцыя. Уладзімір Пракапцоў, Алена Карпенка, айцец Ігар Карасцялёў, перакладчыца і Гвіда Карніні


Да таго ж, наладжанае супрацоўніцтва можа паслужыць дадатковым фактарам, каб наблізіць візіт Папы Рымскага ў Беларусь.