TALLINN MUSIC WEEK: Мегашоў «у адным флаконе»
У Эстоніі пройдзе мегафэст TALLINN MUSIC WEEK. У Талін з’едуцца музыкі-пачаткоўцы, сусветныя зоркі і акулы шоў-бізнэсу. Не толькі для таго, каб падараваць радасць меламанам, але і паразважаць пра свае справы і праблемы.
Ад «маладых талентаў» да сусветнага ўзроўню
Пачынаўся TALLINN MUSIC WEEK восем год таму як фестываль-прэзентацыя новых талентаў і міжнародная музычная канферэнцыя. Яго мэтай было паказаць, што акрамя знакамітых і прызнаных кампазітараў Арва Пярта, Вельа Торміса і Эркі-Свера Цюйра ў Эстоніі ёсць мноства таленавітых і своеасаблівых музыкаў, вартых быць прадстаўленымі на сусветных музычных пляцоўках.
Але «фэст-пачатковец» пераўтварыўся ў адну з найбуйнейшых музычных падзеяў не толькі Еўропы і свету. Напэўна, дзякуючы таму, што мерапрыемства актыўна падтрымалі як бізнес, так і ўлады Эстоніі. Доўгатэрміновым партнёрам TMW з’яўляецца Skype — зараз мала хто ведае, што гэты сэрвіс вырас з эстонскага стартапу. А ў мінулыя гады адкрываў мерапрыемства персанальна прэзідэнт (ужо былы) Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес. І, дарэчы, нездарма. «Фестываль Tallinn Music Week заўжды адкрывае спец па року, прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес, які цытуе як PJ Harvey, так і Джэла Біяфру», — пісала пра эстонскага кіраўніка The Guardian у 2014 годзе.
Зараз TMW — адзін з вядучых фестываляў у Еўропе. У праграме фэсту прадстаўленыя ўсе магчымыя музычныя стылі і жанры, ад фолку да электронікі, ад індзі да металу, ад будучых зорак андэграўнду да першых імёнаў у хіт-парадах. Штогод канцэрты TMW наведвае больш за 20 000 чалавек з прыкладна 50 краін. Канцэртныя пляцоўкі фестывалю — усяго каля трыццаці — па большай частцы размешчаны ў пешай дыстанцыі адзін ад аднаго. На іх выступаюць больш за 200 музыкаў з усіх краін.
І, што цікава, за гэтым мегашоў не губляецца сама ідэя мерапрыемства. Многія эстонскія музыкі пасля паспяховага старту на TMW прарваліся на міжнародную арэну разам з галоўнымі прызамі фестывалю Skype Award у 2009–2014 гадах і Wire Prize у 2015 годзе. Лаўрэатамі TMW сталі Popidiot (2009), Iiris (2010), Ewert and the Two Dragons (2011), Talbot (2012), Elephants From Neptune (2013), Odd Hugo (2014) і Маар Нуут (2015).
«Музыка
з’яўляецца неад’емнай часткай Эстоніі. У краіне, чыё насельніцтва можна
параўнаць з колькасцю жыхароў пяці раёнаў Лондана, доля музыкаў сапраўды
дзіўная. Tallinn Music Week дэманструе лепшых з іх», — сказаў не
хто-небудзь, а Кіран Тайлер з MOJO.
Як патрапіць на фэст без грошай?
Абанемент на фэст каштуе не занадта дорага — 40–60 еўра (чым раней набываеш, тым танней). За гэтыя грошы аматар музыкі тры дні можа наведваць любы канцэрт любога гурта. Аднак тым, хто не хоча плаціць, магчыма пабачыць зорак бясплатна. Справа ў тым, што TMW ператварыўся ў «фэст гарадской культуры». Менавіта ў межах гэтага музыкі робяць адмысловую праграму бясплатных канцэртаў на гарадскіх пляцоўках City stage. Таму любімага музыку можна пачуць у цалкам нечаканых месцах — у кавярнях, галерэях, кніжных крамах, дызайнерскіх студыях і нават у прыватных дамах.
З аднаго боку — прыемна. А з іншага, паводле
меркавання арганізатараў, такая адкрытасць — выдатны спосаб лепей даведацца пра
Талін, пабачыць і палюбіць горад. Сёлета запланавана аж 70 бясплатных канцэртаў
і 15 pop-up сцэн.
Не толькі забаўка
Але не толькі музыкай жыве гэты фэст. На яго з’язджаюцца і «акулы» ў розных тэматычных галінах бізнесу. Каб паўдзельнічаць у канферэнцыях, абмяняцца досведам і, магчыма, адкрыць новых зорак, заключыць новыя кантракты.
На канферэнцыі, якая праходзіць у межах фэсту, за сем гадоў выступіла цэлая плеяда суперзорак музычнага бізнесу. Гэта заснавальнік і кіраўнік лэйбла Sire (Madonna, Ramones) Сеймур Стэйн, Вів Альбертайн (The Slits), Сайман Нап’ер-Бэл (The Yardbirds, Marc Bolan, Wham!), Петры Лундэн (Cardigans, Europe), Эдвард Бікнел (Dire Straits, Scott Walker, Bryan Ferry), Пітэр Джэнер (Pink Floyd) і шмат хто іншы.
«Tallinn Music Week выдатна арганізаваны, ён інфарматыўны і па-сапраўднаму займальны. Фестываль стаў славутасцю культурнага жыцця Эстоніі і прыкметным месцам на карце інтэрнацыянальных канферэнцый і шоўкейсаў. Было шмат спробаў запоўніць прабел між напышлівым заходнім музычным шоў-бізам і таямнічым ўсходнееўрапейскім рынкам, але, падобна, толькі TMW ўдаецца эфектыўна працаваць у гэтым кірунку», — пісаў пра фэст Арцемій Троіцкі.
Праўда, для таго, каб патрапіць на канферэнцыю, трэба будзе набыць пасведчанне дэлегата. Яно каштуе даражэй за абанемент на канцэрты, але, як і абанемент, дае магчымасць наведваць і канферэнцыі сусветных дзеячаў шоў-бізнэсу, і выступы музыкаў.
Для аматараў проста падыскутаваць таксама ёсць унікальны шанец — публічныя дэбаты TMW Talks. Ці можна правесці рок-канцэрт без алкаголю? Ці патрэбны Эстоніі новы лагатып ці брэнд? Колькі яшчэ чалавецтву адведзена часу на планеце Зямля? Якая наша будучыня ў эпоху чыпіявання і стварэння новых органаў у 3D-друкарках? Гэта ўсё можна будзе абмеркаваць кожны вечар з 28 сакавіка па 2 красавіка у TMW pop-up рэстаране ў Галерэі архітэктуры і дызайну, а таксама ў кафэ Must Puudel. На мерапрыемствы запрашаюцца ўсе жадаючыя, уваход вольны.
Што яшчэ?
TMW Kunst — адмысловая праграма, якую склаў Эстонскі цэнтр развіцця сучаснага мастацтва (EKKAK). Яна дэманструе самае сучаснае і цікавае мастацтва Эстоніі, а таксама сустрэчы з мастакамі, перформансы. Афіша складзена куратарамі лепшых галерэй і Эстонскага цэнтра развіцця сучаснага мастацтва. Уваход у галерэі бясплатны. У музеі ўваход з наяўнасцю бранзалета або дэлегацкага пасведчанні бясплатны.
Гурмэ-фэст «Густы TMW». Выбар TMW лепшых рэстаранаў і кафэ Таліна, у якіх шэф-кухары прыгатуюць асаблівыя меню для публікі. Уладальнікам бранзалетаў TMW ў гэтых рэстаранах прадугледжаны зніжкі.
Міжнародны фэст крафтавага піва Tallinn Craft Beer Weekend прадставіць самыя модныя хіпстарскія гатункі з усяго свету. Мерапрыемства арганізуе бровар Põhjala, для яго наведвання патрэбны асобны квіток (зразумела ж, 18+).
Дызайнерскі рынак. Самыя цікавыя працы дызайнераў, самыя новыя і вартыя ўвагі брэнды Скандынавіі і Прыбалтыкі на двухдзённым дызайнерскім рынку. На ім будзе прадстаўлена адзенне для дарослых і дзяцей, аксесуары, торбы, кераміка, тавары для дома, карціны, экалагічная касметыка, тэкстыль эстонскіх, латвійскіх, літоўскіх, фінскіх і шведскіх брэндаў.
Крыху пра арганізацыю
Абанементы, дэлегацкія пасведчанні (для ўдзельнікаў канферэнцый) і білеты на асобныя канцэрты можна купіць у анлайн-краме і пунктах продажу Piletilevi, а тaксама на ўваходзе на ўсе мерапрыемствы ў дзень іх правядзення. Абанемент трэба будзе загадзя і да пачатку выкарыстання абмяняць на бранзалет ў інфацэнтры фестывалю.
Варта зазначыць, што абанемент і білет не дае
гарантыі трапляння на канцэрт, калі зала перапоўненая. Аднак уладальнікі
пасведчання дэлегата і фестывальных абанементаў маюць перавагу ў чарзе на
ўваход. Так што лепей набываць абанементы — тым больш, каштуюць яны па-свойску.
І на заканчэнне…
…Крышачку лічбаў і фактаў.
Tallinn Music Week–2016 сабраў 250 музыкаў з 30 краін свету, і 34 676 слухачоў. На ім працавала 70 канцэртных пляцовак. У канферэнцыях і выступах узялі ўдзел 1036 дэлегатаў (з іх 624 замежных) і 128 прадстаўнікоў замежнай прэсы.
TMW у 2011 годзе атрымаў на канферэнцыі The Great Escapeпрыз як «Лепшае новае мерапрыемства года 2011». У 2012 фэст быў адзначаны за «Лепшы гатэль і канферэнц-цэнтр» — афіцыйнае месца сустрэчы TMW Nordic Hotel Forum. У 2014 годзе дзякуючы TMW Талін быў прызнаны як «Лепшы горад для наведвання», і ў тым жа годзе прэмія Tampere Music Award была адданая заснавальніку і кіраўніку фестывалю TMW Хелен Сільдні.
Увосень 2014 года брытанскія выданні Guardian і Observer назвалі TMW у ліку пяцёркі лепшых фестываляў свету вяснова-зімовага сезону.
Сёлета TALLINN MUSIC WEEK пройдзе з 27 сакавіка па 2 красавіка.
Афіцыйны сайт фестывалю — tmw.ee
Замова абанементаў, дэлегацкіх пасведчанняў, партнёрскіх гатэляў і нават фірмовых аксэсуараў — www.tmw.ee/store
OÜ Musiccase, г. Талін, Эстонія