Знойдзена новае невядомае фота Фрыдэрыка Шапэна

Вялікае хваляванне ў свеце класічнай фартэпіяннай  музыкі выклікала незвычайная навіна, пра якую паведаміў Institut Polonais (Інстытут Польскі) у Парыжы.

Адшуканае дагэтуль невядомае фота Шапэна

Адшуканае дагэтуль невядомае фота Шапэна

Падобна, што знойдзены невядомы дагэтуль фотапартрэт генія фартэпіяннай музыкі, заснавальніка польскай нацыянальнай кампазітарскай школы Фрыдэрыка Шапэна. 

Справа ў тым, што вядома толькі два дакладна апазнаных фотапартрэта гэтага знакамітага на ўвесь свет піяніста-віртуоза. Адна з іх — работа французскага фатографа Луіса-Аўгуста Біссона за 1849 год. Больш пра фота Шапэна да гэтага часу не было вядома.

Фота работы Луіса-Аўгуста Біссона, 1849 год

Фота работы Луіса-Аўгуста Біссона, 1849 год

Новае фота адшукаў знаўца Шапэна швейцарскі фізік сп. Ален Кохлер (Alain Kohler). Меркавана яно датуецца перыядам ад 1810 да 1849 года. Сп. Кохер правёў грунтоўнае расследаванне разам з Джылям Венцімонам (Gilles Bencimon, Radio France Internationale), які таксама захапляецца творчасцю Шапэна. Абодва даследніка прыйшлі да высновы, што гэта, па ўсёй верагоднасці, фатаграфічная рэпрадукцыя невядомага дагэтуль дагератыпу (ранні фатаграфічны працэс, заснаваны на выкарыстанні святлоадчувальнай меднай пласцінкі, пакрытай слоем ёдзістага срэбра)  Шапэна. Выканана рэпрадукцыя са старога дагератыпу ў 1947 годзе. Дэталі знаходкі пакуль не выдаюцца. Усе матэрыялы павінны быць яшчэ старанна даследаваны, таму што шматлікія рэчы знакамітых творцаў часам аказваліся майстэрскімі падробкамі.

Гэта не першая гучная знаходка спадара Алена Колера. Два гады таму ён адшукаў у аднаго нямецкага ўладальніка фартэпіяна фірмы Pleyel № 11265, якое належыла Шапэну узімку-ўвесну 1844-45, калі кампазітар пражываў на Square d'Orléans у Парыжы.

Даведка:

Фрыдэрык Шапэн нарадзіўся 1 сакавіка 1810 года недалёка ад Варшавы. Сусветна вядомы польскі кампазітар і піяніст-віртуоз, аўтар шматлікіх твораў для фартэпіяна. Найбуйнейшы прадстаўнік польскага музычнага мастацтва, заснавальнік польскай нацыянальнай кампазітарскай школы. Памер ва ўзросце 37 год 17 кастрычніка 1849 у Парыжы. Яго прах пахаваны на могілках Пер-Лашез. Сэрца Шапэна было, паводле яго волі, адпраўлена ў Варшаву, дзе яно замуравана ў калоне царквы Святога Крыжа.