«Трэба, пэўна, быць нейкім экстрэмалам, каб пісаць па-беларуску»
Камітэт літаратурнай прэміі імя польскага палітыка і публіцыста Ежы Гедройца агучыў імёны шасці пісьменнікаў-фіналістаў. Лонг-ліст лепшых кніг беларускамоўнай прозы, выдадзеных у 2011
годзе, скараціўся роўна напалову.
Агульная колькасць кніг, якія былі прадстаўлены да ўвагі камітэта прэміі Гедройца, — 21. На прэс-канферэнцыі ў беларускім ПЭН-центры 7 лютага назвалі шэсць найбольш цікавых, на думку журы,
кніг. Пяць з іх не выклікалі спрэчак у сябраў журы, вызначыць яшчэ аднаго фіналіста было значна складаней.
Камітэт літаратурнай прэміі імя польскага палітыка і публіцыста Ежы Гедройца агучыў імёны шасці пісьменнікаў-фіналістаў. Лонг-ліст лепшых кніг беларускамоўнай прозы, выдадзеных у 2011
годзе, скараціўся роўна напалову.
Агульная колькасць кніг, якія былі прадстаўлены да ўвагі камітэта прэміі Гедройца, — 21. На прэс-канферэнцыі ў беларускім ПЭН-центры 7 лютага назвалі шэсць найбольш цікавых, на думку журы,
кніг. Пяць з іх не выклікалі спрэчак у сябраў журы, вызначыць яшчэ аднаго фіналіста было значна складаней.
Барыс Пятровіч, Лешак Шарэпка, Андрэй Хадановіч,
сакратарка прэміі Марыя Мартысевіч (злева направа)
У выніку атрымаўся наступны спіс:
Уладзіслаў Ахроменка «Тэорыя змовы» (Выдавецтва «Логвінаў»)
Альгерд Бахарэвіч «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча» (Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»)
Павал Касцюкевіч «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (Выдавецтва «Логвінаў»)
Артур Клінаў «Шалом: ваенны раман» (Выдавецтва «Логвінаў», серыя «Кнігарня «Нашай Нівы»)
Аляксандр Лукашук «След матылька. Освальд у Мінску» (Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»)
Андрэй Федарэнка «Мяжа» (Выдавецтва «Літаратура і Мастацтва», серыя «Лімаўскі фальварак»)
Пераможцаў — а будзе іх як найменш тры чалавекі — узнагародзяць на цырымоніі ў Міжнародны дзень пісьменніка, які адзначаецца 3 сакавіка. Большасць аўтараў кніг, што ўвайшлі ў
шорт-ліст прэміі, атрымаюць магчымасць апублікаваць свой твор у Польшчы. Гэта выдатная магчымасць павялічыць кола сваіх чытачоў, і можа стаць стартам да выхаду на рынкі іншых еўрапейскіх краінаў.
Болей таго, сярод узнагародаў — літаратурныя стыпендыі, запрашэнні ў еўрапейскія дамы мастацтва. Пераможца атрымае дастаткова вялікую суму грошай ад аднаго са спонсараў прэміі.
— Беларускамоўны рынак для пісьменніка вельмі малы. Калі перад чалавекам паўстае выбар пісаць па-беларуску ці па-руску, ён, зыходзячы з камерцыйных інтарэсаў, выбірае рускую мову, таму што
рускамоўны рынак складае 160–180 мільёнаў людзей, а значыць на грошы з продажу кнігі можна будзе пражыць. А калі рынак — некалькі мільёнаў, і нават не ўсе чытаюць, то трэба, пэўна,
быць нейкім экстрэмалам, каб пісаць па-беларуску. Асабліва, калі няма дапамогі, актыўнага ўдзелу дзяржавы ў гэтым працэсе, адзначыў старшыня журы надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі
Лешак Шарэпка.
Ацэньваюць кнігі, прадстаўленыя на літаратурную прэмію, старшыні беларускага і польскага ПЭН-цэнтраў Андрэй Хадановіч і Адам Паморскі, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч,
літаратурныя крытыкі Людміла Рублеўская і Маргарыта Аляшкевіч, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч, філосаф Валянцін Акудовіч, паэт і пісьменнік Уладзімір Арлоў, прадстаўнік спонсара
ЗАТ «Сомбелбанк» Яраслаў Сліўка.
Ежы Гедройц — Jerzy Gedroyc — польскі палітык, публіцыст, які жыў у ХХ стагоддзі. Гедройц нарадзіўся ў Мінску і заўсёды выступаў у падтрымку добрых адносінаў паміж Беларуссю,
Польшчай, Украінай і Літвой, таму, па словах арганізатараў, прэмія была названая ў яго гонар.
Варта заўважыць, што да ўдзелу прымаліся творы празаікаў з абодвух саюзаў пісьменнікаў, а таксама тых, што не належаць ні да аднаго з іх. Тое ж з выдавецтвамі — нават у скарочаным лісце
прысутнічае кніга, выдадзеная ў дзяржаўным выдавецтве.
Паводле gazetaby.com