Васіль Сумараў і іншыя. Наперад з СССР
У гісторыі мастацтва часам сустракаюцца імёны жывапісцаў ці скульптараў, чыё жыццё пакінула па сабе вялікую памяць не столькі за кошт створаных шэдэўраў, колькі дзякуючы выхаваным імі таленавітым і нават геніяльным вучням.
У гісторыі мастацтва часам сустракаюцца імёны жывапісцаў ці скульптараў, чыё жыццё пакінула па сабе вялікую памяць не столькі за кошт створаных шэдэўраў, колькі дзякуючы выхаваным імі
таленавітым і нават геніяльным вучням.
Скажам, выкладчык і прафесар піцерскай Акадэміі мастацтваў, настаўнік плеяды мастакоў Расіі і нацыянальных ускраін-калоній імперыі, Павал Чысцякоў. Або ягоны вучань, Юдаль Пэн, пачынальнік віцебскай
школы мастацтва ХХ стагоддзя і творчы «бацька» Марка Шагала. Пры гэтым лёс і Чысцякова, і Пэна даводзіць, што самі выкладчыкі-выхаваўцы адначасова заставаліся таленавітымі
мастакамі.
Да ліку такіх унікальных выкладчыкаў і адначасова цудоўных творцаў належыць Васіль Фёдаравіч Сумараў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1981), які нарадзіўся праз 106 гадоў пасля Чысцякова
— у 1938 годзе ў Мінску.
Выстава «Васіль Сумараў. Настаўнік і вучні», што адчынілася 15 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі і працягнецца там да 15 лютага, самой сваёй канцэпцыяй засведчыла відавочную,
агульнапрызнаную значнасць прафесарска-выкладчыцкага ўнёску Сумарава, зробленага ў развіццё выяўленчага мастацтва. Стаўшы на чале дзіцячай народнай студыі пры Палацы тэкстыльшчыкаў у Мінску ў 1965
годзе, жывапісец цягам чвэрці стагоддзя адчыняў шлях да творчасці таленавітай моладзі ў не зусім спагадлівай да маладых талентаў беларускай, збольшага пралетарскай, сталіцы.
Узыходжанне ў свет мастацтва школа Сумарава аднолькава гарантавала і дзецям творчай багемы, і сялянска-рабочай костцы, якім па розных прычынах не даводзілася стартаваць у прафесію праз звыклую
мастацкую вучэльню. Такая вось выспа мастацкай свабоды, на якой вырасла цэлая генерацыя знакамітых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі жывапісцаў, графікаў, дызайнераў. Многія з іх далучыліся да
сёлетняга выставачнага праекта разам са сваім Настаўнікам. Такія розныя, але аднолькава пазнавальныя, прызнаныя імёны — Раман Заслонаў, Ігар Бархаткоў, Андрэй Задорын — усе яны
вучні майстра.
Асабіста для мяне важна, што Васіль Сумараў не шукаў свой шлях на творчы Парнас праз гарантавана запатрабаваныя ў рамках савецкай сістэмы палітзаказу тэмы, увасабленне якіх у яго працах можна
пералічыць па пальцах.
У праграмнай карціне «Мой дом» (1973), адначасова вельмі асабістай і сінтэтычнай, адлюстраваліся рысы «суровага стылю» — шчырае перажыванне звычайнага,
штодзённага жыцця чалавека, узнятага да паэтычнага абагульнення. Адвечныя чалавечыя пачуцці і клопаты замест плакатных лозунгаў, зрабіўшыся зместам мастацкага выказвання, перададзеныя праз
абагульненыя і экспрэсіўныя формы і насычаны колеравы лад.
Васіль Сумараў. Мой дом
Праўда вобразу пачала прыцягваць увагу да сумараўскіх работ у самыя застойныя часы. У наваградскіх краявідах 1970–1980-х увасаблялася не проста прыгажосць беларускай зямлі, але і подых
тысячагадовай даўніны старажытнага краю, караткевічаўскі гістарычны рамантызм. А побач з манументальнымі кампазіцыямі мастак ствараў камерна-лірычныя нацюрморты і краявіды, адзначаныя тонкай
гармоніяй колеравых градацый, мяккасцю пластычных пераходаў.
Сапраўднае мастацтва, якое жыло ў карцінах майстра, адчыняла для яго твораў залы вялікіх музеяў, вабіла прыхільнікаў, якія беспамылкова адчувалі шчырасць яго таленту. Таму сказаныя на адкрыцці
выставы вядомым графікам і паэтам Рыгорам Сітніцам словы пра тое, што Сумараў «з’яўляецца сапраўдным багаццем нацыі», не падаюцца перабольшваннем.
* * *
Гэтымі днямі ў мінскіх выставачных залах адчыніліся яшчэ дзве выставы, якія сведчаць, як і экспазіцыя сумараўскіх работ, што шлях да самарэалізацыі і грамадскага сцвярджэння ў познія савецкія часы
ляжаў праз абранне індывідуальнага стылю, адрознага ад трафарэтных рамак калектыўных тэматычных выстаў і ідэалагізаванага дзяржзаказу.
Аляксандру Ісачову (1955–1987), заўчасна памерламу мастаку з Мазыра, можна закідаць наіўнасць яго міфалагічных сюжэтаў і вучнёўскую статычнасць вытачаных да дробязі формаў, калі не памятаць,
якую ўсхваляваную рэакцыю выклікалі сярод тысячаў прыхільнікаў яго творы. Дагэтуль памятныя даўжэзныя чэргі на яго адзіную прыжыццёвую выставу ў Мінску.
Хаця творчасць Ісачова была хутчэй выяўленнем з’яваў сацыялагічнага характару — дэманстратыўны сыход ад афіцыёзнай штучнай рэальнасці ў герметычную прастору гістарычнага міфа, пошук
трагічнага і загадкавага ў сімвалах мінулых цывілізацый, нарэшце, богашукальніцтва. Тое, што мастак ствараў іконы, заставалася, праўда, менш вядомым, бо яны не выстаўляліся на публічны агляд,
прызначаючыся для храмаў. Прыватная калекцыя яго работ выстаўлена да 14 лютага ў Музеі сучаснага мастацтва (пр. Незалежнасці 47).
Яшчэ адна адметная выбітная асоба мастацкага свету Беларусі, іранічны і разнастайны графік, дызайнер Уладзімір Цэслер (працы творчага тандэма Цэслер — Войчанка электрызавалі атмасферу
экспазіцый познесавецкага часу сваёй нестандартнай вобразнасцю) — прапануе персанальны праект «Вектарная прастора» ў Галерэі «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а).
Гэтая выстава — уводзіны ў майстэрню мастака, апалогія і ўхваленне тэхнічнага прыёму — вібруючай, геаметрызаванай лініі, да чаго і трэба быць гатовым наведвальніку галерэі.
Пры ўсёй абмежаванасці музейнай прасторы Мінска прыемна адначасова ўбачыць тры выставы, досыць розныя па фармаце, але аб’яднаныя адным: іх героі, аўтары абралі адметны творчы шлях,
заслужыўшы павагу і любоў гледача пад дзвюма зоркамі — індывідуальнасці і шчырасці.