Віктарына ад Паўла Севярынца: «200 гадоў Дастаеўскаму — хрысціянскаму генію родам з Беларусі»
Палітзняволены Павел Севярынец за кратамі склаў віктарыну, прысвечаную творчасці Фёдара Дастаеўскага, 200-годдзе якога адзначалася сёлета. Віктарына складаецца з 33 пытанняў, некаторыя з іх ужо публікаваліся ў сацыяльных сетках. А сёння мы прапануем яе вам цалкам. Ці зможаце знайсці адказы?
1. Родавае гняздо Дастаеўскіх — сядзіба і паселішча ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці: ва ўласнасці Дастаеўскіх яно з 1506 года. Цяпер тут дзейнічае адмысловы музей і стаіць помнік знакамітаму пісьменніку. А як называлася сядзіба?
2. Шляхецкі род Дастаеўскіх — глыбока беларускі і глыбока хрысціянскі, вядомы ў ВКЛ на Меншчыне і Берасцейшчыне з залатога XVI стагоддзя як землеўладальнікі і ваяры. А назавіце герояў рамана Дастаеўскаг, чыё прозвішча ўзятае з імя вялікага князя ВКЛ?
3. У сярэдзіне XVI стагоддзя прапрадзед Дастаеўскага валодаў у Менску вялікім хрысціянскім збудаваннем. Стаяла яно на Траецкай гары ля сённяшняга опернага тэатра там, дзе цяпер будынак Міністэрства абароны. Так што ж за маёмасць належала Стэфану Дастаеўскаму?
4. Геній беларускага паходжання Фёдар Дастаеўскі найлепш у цэлым свеце апісаў таямнічую р у с к у ю д у ш у. Калі ў свеце хочуць зразумець рускіх — раяць чытаць Дастаеўскага. Адзін з герояў несмяротнага рамана «Браты Карамазавы», Міця Карамазаў кажа: «Шырокая руская душа! Я бы…» Скончыце фразу Міці адным словам.
5. Вялікія раманы Дастаеўскага сталі асновай для новай філасоўскай плыні рускай думкі XIX ст. Пасля вызвалення сялянаў ад крапасного права ў 1861-62 гадах галоўнай тэмай для аграмаднай імперыі стала пытанне зямлі. І цэлая хваля мысляроў следам за Дастаеўскім назвалі сябе… Як?
6. Першы раман Фёдара Дастаеўскага, напісаны ў 1846 годзе, ва ўзросце 25 гадоў, быў пра людзей. А пра якіх людзей напісаў Дастаеўскі? Назавіце раман: якія людзі?
7. 27-гадовым Дастаеўскі трапіў у таемны сацыялістычны гурток Спешнева. Гурток быў раскрыты, а Дастаеўскі арыштаваны і прысуджаны… Да якой кары?
8. Раніцай 22 снежня 1849 года 28-гадовы Фёдар Дастаеўскі ўзыходзіць на эшафот. Стоячы на парозе смерці з мяшком на галаве пад рулямі стрэльбаў, ён перадумаў усё сваё жыццё. У апошні момант загадам імператара Мікалая I, дастаўленным праз кур’ера, смяротнае пакаранне было заменена чатырма гадамі катаргі і шасцю гадамі салдацкай службы. У гэты момант, згадвае Дастаеўскі, у яго сарвалі з галавы мяшок, і прамені ранішняга сонца раптам асвяцілі ўдалечыні… Што?
9. Катарга Дастаеўскага, дзе асуджаныя, закаваныя ў кайданы і ланцугі на цэлы дзень, працавалі і жылі, размяшчалася ў Сібіры, у горадзе, дзе сёння жыве больш мільёна жыхароў…
10. У Омскім астрогу ў 1850-53 гадах, куды быў сасланы Дастаеўскі, у яго была толькі адна кніга. Якая?
11. Пасля 4-х гадоў катаргі Фёдар Дастаеўскі быў пераведзены салдатам у горад, які пазней, у часы камуністычнага кіравання стаў знакамітым з-за сакрэтнага ваеннага палігона, дзе праходзілі выпрабаванні ядзернай зброі.
12. Праз 10 гадоў пасля пачатку свайго турэмнага тэрміну Фёдар Дастаеўскі апісаў свой досвед асуджанага ў «Запісках…» А запіскі адкуль?
13. 1863 год. У Беларусі грыміць паўстанне, узначаленае Кастусём Каліноўскім. А ў Пецярбургу выходзіць часопіс, заснаваны братамі Дастаеўскімі, з характэрнай назвай — потым праз 100 гадоў, яе возьме галоўная тэлевізійная праграма на 1/6 частцы сушы…
14. Гэты раман пра гульню Дастаеўскі напісаў (дакладней, надыктаваў стэнаграфістцы) усяго за 4 месяцы, каб разлічыцца з даўгамі.
15. Свой першы вялікі раман «Злачынства і пакаранне» Фёдар Дастаеўскі пісаў у 1863-66 гадах, — у той жа самы час, што і іншы геніяльны пісьменнік, ягоны апанент — сваю галоўную кнігу. Якую?
16. Завязка «Злачынства і пакаранне» — забойства. Студэнт Радыён Раскольнікаў задумвае забіць старую сквапную працэнтшчыцу, якая бярэ рэчы ў заклад пад працэнты — каб з яе грашыма пачаць новае жыццё. Раскольнікаў прыходзіць да старой з сякерай, забівае працэнтшчыцу і забірае грошы ды рэчы. Але раптам штосці пайшло ня так. Што?
17. Злачынства Раскольнікава не даказваецца без ягонага прызнання: з'яўляюцца іншыя, на каго падаюць падазрэнні і хто бярэ віну на сябе. Здавалася б, забойца ўратаваны. Але нешта прымушае Раскольнікава прызнацца ў забойстве. Што?
18. У сарцавіне кожнага з вялікіх раманаў Дастаеўскага — вобраз Ісуса Хрыста. У "Злачынстве і пакаранні" ролю кульмінацыі выконвае эпізод, дзе Соня Мармеладава чытае Раскольнікаву ўрывак з Евангелля пра ўваскрасенне. Менавіта ў гэты момант у душы Раскольнікава адбываецца паварот да пакаяння і новага жыцця. А каго ўваскрэсіў Ісус, паводле гэтага ўрыўку?
19. Гэты раман-прароцтва пра будучую камуністычную рэвалюцыю Дастаеўскі напісаў на аснове судовага працэсу радыкальнага левага падпольшчыка Нячаева. Назва рамана — прамая ацэнка тых, хто разгорне тэрор супраць свайго ўласнага народа ў 1917-ым.
20. Раман "Ідыёт", адна з вершыняў творчасці Дастаеўскага — 600-старонкавая водпаведзь галоўнаму суперніку вялікага пісьменніка. Дастаеўскі верыў у Ісуса Хрыста як Бога, супернік — не, Дастаеўскі быў уцаркоўленым вернікам, супернік — не, Дастаеўскі абараняў у сваіх творах хрысціянства, супернік нападаў на царкву. Урэшце рэшт Дастаеўскі вывеў свайго суперніка ў вобразе псіхічна хворага князя Льва Мікалаевіча Мышкіна, і адкрыта назваў яго "Ідыёт". Дык каго Дастаеўскі назваў ідэыётам?
21. "Браты Карамазавы". Тры браты, законароджаныя дзеці таямніча забітага памешчыка Фёдара Карамазава, сімвалізуюць тры шляхі развіцця Расіі. Халодны рацыяналіст і цынік Іван, гарачы, але сумленны і шчыра Міця, ціхі інак, багамолец Алёша — хто ж з іх забіў свайго бацьку?
22. Манастыр у "Братах Карамазавых", дзе жыве старац Зосіна, эпіцэнтар падзеяў рамана, меў сваім прататыпам дзеючую абіцель, вядомую ў ваколіцах Калугі з XV ст. Гэты манастыр быў месцам прыцягнення і для Гогаля, і для Талстога, і, канечне, для самога Дастаеўскага. Менавіта ён стаў агмянём развіцця хрысціянства ў Расіі, быў разбураны камуністамі, а цяпер узноўлены.
23. Гэтую легенду, уключаную ў "Братоў Карамазавых", брату Алёшу расказвае Іван Карамазаў. Як сучасны святар можа асудзіць на смерць Хрыста — паказвае нам…
24. Падчас напісання "Братоў Карамазавых" Дастаеўскі страціў адзінага сына. А як яго звалі?
25. Глыбокі даследчык чалавечай душы, Дастаеўскі дайшоў да самых таемных куткоў сэрцаў сваіх герояў, выявіў першапачатковыя пабуджэнні сучаснага чалавека. Такая псіхалагічная проза атрымала адмысловае найменне ад прозвішча аўтара. Такім чынам, як называецца глыбокі псіхалагізм у літаратуры?
26. "Бог і д'ябал змагаюцца за душу чалавека" — кажа Дастаеўскі вуснамі аднаго са сваіх герояў у "Братах Карамазавых": - "і поле бітвы…" Што?
27. Пісьменнік Уладзімір Набокаў лічыў, што раманы Дастаеўскага са злачынствам як асновай драмы, таямніцамі следства, судовымі разборамі, верслемі падзеяў і пошукам ісціны да апошніх старона належаць менавіта гэтаму жанру. Якому?
28. Для вялікіх раманаў Дастаеўскага характэрны вобраз "фатальнай жанчыны", якая прыцягвае мужчынаў і робіцца прычынай іх злачынства ці смерці. Назавіце такіх жанчынаў — гераіняў Дастаеўскага.
29. Радыён Раскольнікаў і Міця Карамазаў асабліва блізкія Дастаеўскаму, бо ён адправіў іх туды, дзе пабываў і сам…
30. Многія з вас чыталі ў дзяцінстве знакамітую кнігу былога беспрызорніка Лёнькі Панцялеева ці глядзелі фільм паводле яе — "Рэспубліка ШКІД". А што гэта за такі "ШКІД", як мае непасрэднае дачыненне да тэмы нашай віктарыны?
31. А якое дачыненне да Дастаеўскага маюць геніяльны фізік Альберт Энштэйн, нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры немец Томас Ман, амерыканец Уільям Фолкнер, француз Альберт Камю, італьянскі рэжысёр Федэрыка Феліні?
32. Самыя светлыя вобразы ў раманах Дастаеўскага — с в я т ы я. Да гэтай катэгорыі ягоных герояў належаць сапраўдныя хрысціяне: былая прастытутка, былы афіцэр-самадур, інак — брат забойцы ўласнага бацькі… Назавіце іх.
33. Дастаеўскі перажыў духоўны пералом на катарзе ў Омскім астрогу якраз у гэтым узросце — з 30-ці да 33-х гадоў. Хрысціяне лічаць менавіта гэты ўзрост найважнейшым, ключавым у жыцці чалавека. А чаму?
Правільныя адказы мы апублікуем у панядзелак, 29 лістапада.