«Восень цалуе рабінавы гай...» Дзесяць вершаў пра самую рамантычную пару года
Ужо больш за тыдзень прайшло, як мы перагарнулі свае календары — і пайшоў адлік новай восені. Сонейка ўсё яшчэ радуе нас промнямі і цеплынёй, але ночы ўжо не летнія — халодныя, пранізлівыя. Дзе-нідзе, асабліва на вёсцы, пануе ўжо золата ва ўбранні палёў, паціху скідаюць летнія строі дрэвы. Хутка запахне вогнішчамі, апалым лісцем і асеннім дажджом — і самы час будзе чытаць вершы і абдымаць сваіх каханых.

Максім Танк
Восень
Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.
Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.
Загарэліся гнёзды, і іскры пажару
Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,
Па лясах і палях, па курганах брусніц.
I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.
Уладзімір Жылка

Восень
О, хараство асенніх дзён празрыстых,
Бязгутарнасць прыроды і спакой.
Ўрачыста полем з пушчаў залацістых
Прыйшла туга і пала над вадой.
А там застыла яснасць даляў чыстых
Над цёмнай рунню й чорнай цаліной,
І холад лёгкі ў косах прамяністых
Разліла сонца хваляй нежывой.
Наўкол сляды павольнага канання
І веліч нетутэйшага маўчання.
Прымаю корна сон зямлі азурны.
І летуціцца сцішанай душы
Такі ж спакой, халодны і бязбурны,
І адцвітанне яснае ў цішы.
Яўгенія Янішчыц

***
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане
I думаю: чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.
Прыносіць мне дары свае дуброва —
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Ўліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.
Злятае па дасвецці галубіным
То рыжы ліст, то жоўта-залаты.
Упалі задуменна на платы
Даспелыя ружовыя рабіны.
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане.
Я думаю: чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.
Пятрусь Броўка

***
Зацерушыла каляіны,
Пралеглі жоўтыя сляды.
Узнесла восень павучыны,
Як тоненькія правады.
Я ведаю, што неўпрыкметку
Прыйшла яна ў прытулак твой,
I белы тонкі провад гэткі ж
Плыве там дзесьці прад табой.
I ты па сцежках летуценных
Цяпер праходзіш, можа быць...
Ах, каб па провадзе асеннім
З табою мне пагаварыць!
Анатоль Вялюгін

***
Дрымотная мільгае ліставея.
На тратуарах лета іржавее.
У просіні
над вежамі,
над рэкамі
жураўліны рэквіем.
З вясёлым смуткам асыпайся, лісце
забранзавелых каляндарных ісцін.
Вятрамі не развеяна,
не страчана
маладосці спадчына.
За вугальнай смугой дэпо і фабрык
прастор свіціцца, як наліты яблык,
хоць журыцца
над вежамі,
над рэкамі
жураўліны рэквіем.
Анатоль Грачанікаў

Верасень
Зноў верасень —
Запаслівы грыбнік —
Шчыруе па імшыстых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах
I травастою пах яшчэ не знік.
Немітусліва
Промні аж да дна
Прасвечваюць азёрныя глыбіні.
I гронкі ацяжэлыя каліны
Насыціліся сокамі спаўна.
Мне даспадобы
Верасень заўжды.
I не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай — малады.
Так, свет!
I сам я ў вераснёвы час,
Прасвечаны святлом яго, як гронка,
Спяваю і не ціха, і не звонка
Для вас, абшары родныя, для вас,
Шчымліва
Адчуваючы душой
Закончаную яснасць у прыродзе,
I ў жураўліным сцішаным палёце,
I ў засцюдзелай быстрыні рачной.
Вулля
Шукае позняя пчала.
Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.
I дабратой прасвечана Айчына
У барвах баравіннага святла.
Міхась Стральцоў

***
За вёскаю, на адзіноце,
Асеннім днём пачуеш ты,
Як вецер на запалай ноце
Скуголіць аж да нематы.
I што ні болю, ні шкадобы
He наканована яму,
Калі бывае даспадобы
Няславіць волю, як турму, —
Hi развітання, ні спаткання,
А толькі вусцішнасць быцця:
Нібы пра згубнае каханне
Пяе няўцямнае дзіця.
Аж скаланецца раптам сэрца,
Ліхой збаяўшыся мяжы,
I так захочацца пагрэцца
Ля ўласнай цёплае душы.
Сяргей Законнікаў

***
Вецер галін не хістае,
Звонкім лісцём не шуршыць.
Восень стаіць залатая
I на зямлі,
і ў душы.
Лёг павуцінкі іскрыстай,
Першага інею след.
Моўчкі,
Празрыста-ўрачысты,
Свеціцца мудрасцю свет.
Ты з ім даўно ў ціхай змове,
Родную ён пазнае —
Столькі святла і любові
Вочы праменяць твае.
I ў безгалоссі прыроды,
Пэўна, ясней, чым калі
Рэхам адклікнуцца годы,
Што ў гэты дзень прывялі.
Вецер галін не хістае,
Кружаць лісцёвыя сны...
Восень мая залатая,
Восень з паглядам вясны.
Ніна Мацяш

У вераснёвым полі
Нам добра тут, у гэтым голым полі,
Дзе на рудой пакошы незнарок
Яшчэ ўбярог сваё рудое полымца
Неспадзяваны васілёк.
Нам добра тут, хоць рэзкі ходзіць вецер, —
Ды ў неба шчэ багата глыбіні,
I сонца шчэ з-за хмар імклівых свеціць нам
I не шкадуе цеплыні.
З такой лагодай, гойна і няўтомна
Прасцяг да сэрца нас хіне свайго,
I так выразна бачыцца нам,
хто мы
ёсць адзін для аднаго...
Аркадзь Куляшоў

Пра восень
Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы,
Калі восень прыходзіць у край наш лясны,
I, як свечкі, вакол ярка ўспыхваюць дрэвы
На праводзінах лета, на памінках вясны.
Там, дзе восень ідзе, лес шумлівы радзее,
Вецер гоніць хмарыны з-за цёмных ялін.
Грозны чуючы сівер, лісты, як надзеі,
Аблятаюць на дол з пачарнелых галін.
Я, ўлюбёны ў жыццё, не скаруся пагрозе
На праводзінах тых, на памінках старых.
Выйду з лесу і стану ў зімы на парозе
Дрэвам я, што лістоў не губляе сваіх.
Я трымаў іх з вясны, да вясны датрымаю,
Не развею па свеце, не кіну ў бяду,
Дружным пошумам іх новы май прывітаю
I з адзінаю просьбай на дол упаду:
— Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,
Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі
I каштанаў сваіх незгасальныя свечкі
Над маёй адшумеўшай вясной запалі!