Жывыя людзі ў жывапісе і фота

Працягваючы выставачны марафон, прысвечаны 85-годдзю старэйшыны мастацкай дынастыі Аракчэевых — знакамітага жывапісца і выкладчыка Барыса Уладзіміравіча, следам за экспазіцыяй у беларускім МЗС адчыніліся выставы бацькі і яго дачкі, Аксаны Барысаўны, у Палацы мастацтваў. Наведаць сямейны паказ, які займае верхні паверх палаца, можна да 17 лютага.



fbfe5ba2ce3309f522c335e949435612.JPG

Працягваючы выставачны марафон, прысвечаны 85-годдзю старэйшыны мастацкай дынастыі Аракчэевых — знакамітага жывапісца і выкладчыка Барыса Уладзіміравіча, следам за экспазіцыяй у беларускім МЗС адчыніліся выставы бацькі і яго дачкі, Аксаны Барысаўны, у Палацы мастацтваў. Наведаць сямейны паказ, які займае верхні паверх палаца, можна да 17 лютага.
Самае цяжкае, што суправаджала адкрыццё экспазіцыі патрыярха беларускага жывапісу, — зрабіць адбор палотнаў. За доўгае творчае жыццё ў майстэрні і розных калекцыях іх назбіраліся сотні. А піша Барыс Уладзіміравіч не толькі якасна, але і з вялікім манументальным размахам. Ягоныя козыры — пластыка і колер, якія пераўтвараюць рэалістычнае мастацтва з моцнымі акцэнтамі суровага стылю ў сапраўднае свята для вачэй эстэта. Такія палотны, як краявід Мінска ў бэзава-сініх адценнях, намаляваны яшчэ ў 1970-я гады, — прадчуванне каларызму сённяшняй віцебскай школы на чале са Скавародкам.
Невыпадкова імпрэзу наведаў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў — такі жывапіс можа быць візітоўкай краіны на міжнародных паказах. З’яўленне Мартынава было тым больш лагічным, што ў суседняй экспазіцыі дачкі Аракчэева Аксаны, якая выставіла партрэты, прысутнічалі вобразы адразу двух паслоў, абодвух кавалераў Мальтыйскага ордэна, — чэшскага амбасадара Іржы Караса (які наведаў адкрыццё выставы) і прадстаўніка ордэна ў Беларусі Пауля Фрыдрыха фон Фульхера.

 

Аксана Аракчэева звярнулася да сістэматычнага пісання партрэтаў толькі два гады таму, але жывыя вобразы, схопленыя спачатку ў замалёўках вугалем, а потым пераведзеныя ў каляровыя графічна-жывапісныя тэхнікі, робяць незабыўнае ўражанне. Можа, самым удалым на выставе з’яўляецца партрэт трэцяга «мальтыйца» ў Беларусі — мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Але ў шэрагу вобразаў — не толькі духоўныя асобы і дыпламаты. Багата абліччаў мастакоў, супрацоўнікаў музеяў, акцёраў, проста прыгожых людзей.
У той самы дзень у Палацы мастацтва сваю творчасць прадставіў таксама мастак Яўген Ждан — ад тэатральных сцэнічных эскізаў часоў працы ў Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі да сучасных партрэтаў, краявідаў, нацюрмортаў і рэлігійных абразоў у своеасаблівым дэкаратыўна-графічным, з яркімі колерамі, стылі.
Залу 70-гадовы мастак падзяліў са скульптурнымі работамі Валерыя Калясінскага, сярод якіх вылучаюцца накіды да коннага манумента Стэфана Баторыя, помніка, які ўжо закуплены ўладамі Гродна і мусіць быць усталяваны ў горадзе на Нёмане. У далёкай зале Палаца ў тыя ж тэрміны (2–17 лютага) экспануюцца творы спадкаемцы абстракцыйнага стылю Казіміра Малевіча і УНОВІС віцебскай мастачкі і педагога Галіны Васільевай — справаздача за апошнія 15 год працы.


Нарэшце, на іншым баку праспекта Незалежнасці ў Галерэі «Ў» з 5 па 26 лютага дэманструецца серыя выразных партрэтных фотаздымкаў вядомага маскоўскага фатографа Ігара Ганжы «Жывыя людзі». Адкрыццё праекта суправаджалася прэс-канферэнцыяй і прыёмам з удзелам некаторых герояў фотапартрэтаў — пераважна прадстаўнікоў багемы, сябраў клуба «Сноб», — тых, паводле вызначэння аўтара, «людзей, якія актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе, фармуюць вакол сябе культурны і грамадскі ландшафт, ствараюць тое, што мы зазвычай называем атмасферай».
Але тое, што паказана ў экспазіцыі, — мастацтва зусім не «багемнае». Гэта ў лепшым сэнсе выразная і моцная чорна-белая фатаграфія, за выключэннем некалькіх каляровых здымкаў. Да выставы, дарэчы, выдадзены шыкоўны каталог, куды ўвайшлі і тыя працы, якія не змясціліся ў экспазіцыю. Ёсць чаму павучыцца: і ў сэнсе майстэрства работ, і ў сэнсе арганізацыі зусім не шэраговага выставачнага мерапрыемства.