Зорка YouTube і вакаліст гурта ЛСП заспявалі Дэвіда Боўі па-беларуску

У сеціве з'явіўся кліп на беларускую версію песні Дэвіда Боўі Space Oddity. Кавер стане саундтрэкам да фільма «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», які вось-вось выйдзе на вялікія экраны ў беларускай агучцы.

072.jpg


Ініцыятыва запісаць саундтрэк на беларускай мове і зняць відэа належыць праекту «Беларускія ўікэнды» і кампаніі velcom.
У галоўных ролях выступілі ўдзельнік гурта ЛСП Пётр Клюеў і таленавітая выканаўца, зорка YouTube Валерыя Яскевіч. Першыя прыхільнікі з’явіліся ў Валерыі дзякуючы YouTube-каналу, дзе дзяўчына змяшчае ўласныя каверы на папулярныя песні. У 2017 годзе Лера стала ўдзельніцай украінскага шоў талентаў X-Factor, цяпер на яе YouTube-канале больш за 350 тысяч падпісчыкаў. У Пятра Клюева за плячыма ўжо не адно выступленне. Хлопец шмат гадоў апантаны ідэяй прасоўваць беларускую музыку: спачатку ён граў у пераходах, потым арганізаваў уласны гурт «Амплітуда Смеласці», з якой стаў фіналістам шоу X-Factor. Сёння Пётр — удзельнік папулярнага беларускага гурта ЛСП. Эксперыментальны дуэт атрымаўся на здзіўленне гарманічным, а кліп — неверагодна паветраным.

016.jpg


Кліп здымалі ў цэнтры горада на даху офіса кампаніі velcom. Ствараць асаблівую атмасферу на пляцоўцы дапамагала творчая група вядомага беларускага режысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Мітрый — удзельнік шматлікіх міжнародных кінафестіваляў, уключаючы velcom Smartfilm. Яго караткаметражны фільм «Адной крыві» пабываў на больш чым 60 кінафестывалях па ўсім свеце і ўзяў 15 узнагарод.
«Так часта бывае на здымках, чакаеш па прагнозах сонца — а атрымліваеш дождж. Здымалі на даху, у непрадказальных умовах надвор'я. Гэта сапраўднае жыццё, якое вельмі адрозніваецца ад студыйнай здымкі. Мне вельмі спадабалася працаваць з рабятамі. Лера і Пеця выдатна адчувалі адзін аднаго, мне заставалася толькі акуратна фіксаваць творчы працэс. Шчаслівы паўдзельнічаць у праекце «Беларускія ўікенды». Прыемна, што вялікія кампаніі, такія як velcom, падтрымліваюць нацыянальныя культурныя праекты. Упэўнены, рана ці позна мы і самі пачнем здымаць кіно на беларускай мове», — дзеліцца ўражаннямі аб здымках рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў.

Прэм’ера фільма «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» адбудзецца 27 красавіка ў кінатэатры «Масква». Паказы таксама пройдуць з 29 красавіка па 1 мая ў кінатэатры velcom cinema. Квіткі можна набыць у касах кінатэатраў ці па спасылцы.
Праект «Беларускія ўікэнды» рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom. У межах праекта адбылося ўжо больш за 30 паказаў вядомых карцін, перакладзеных і агучаных на беларускай мове, сярод іх – «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Жонка даглядчыка заапарка», «Кніга Ілая», «Таямніца Келза» і многія іншыя.
Паводле прэс-рэлізу