У Беларусі пакажуць 3D-спектакль паводле Дастаеўскага
У Мінску адбудзецца прэм'ера ўнікальнага 3D-спектакля на беларускай мове «Аднойчы ў вялізным горадзе», створанага паводле апавядання Фёдара Дастаеўскага «Хлопчык у Хрыста на ёлцы».
Тэхналагічную пастаноўку рыхтуе Сямейны інклюзіў-тэатр «і» (СІТі) пры падтрымцы тэлеком-аператара velcom. У маштабным спектаклі задзейнічана больш за 100 чалавек.
У аснове сюжэта — гісторыя хлопчыка, які перад Калядамі страціў бацькоў і застаўся сам на сам у вялікім горадзе. Нечакана адбываецца цуд — маленькі жабрак трапляе на елку да Хрыста і анёлаў, дзе атрымлівае надзею на лепшую будучыню для сваёй душы.
«П'еса, у першую чаргу, разлічана на дарослага гледача: драма падымае пытанні свабоды асобы і выбару, сацыяльнай няроўнасці, веры ў дабро і справядлівасць. Разам з тым спектакль будзе цікавы і для маленькіх наведвальнікаў ад 3 гадоў — нетрывіяльны сюжэт аформлены ў фантастычную казку з цікавымі дэкарацыямі і эфектамі», — адзначыла мастацкі кіраўнік СІТі Ірына Пушкарова.
Публіку чакае яркае відовішча — у пастаноўцы задзейнічаная паваротная сцэна, аб'ёмныя 3D-праекцыі пярэдняга і задняга планаў і іншыя тэхналагічныя рашэнні. На сцэне разам са звычайнымі акцёрамі будуць выступаць дзеці з аўтызмам — гэта асаблівасць Сямейнага інклюзіў-тэатра «і».
«Сімвалічна, што прэм'ера спектакля пройдзе напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей. Такім чынам, мы спадзяемся звярнуць увагу на праблему ўспрымання асаблівых людзей у грамадстве, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў. — Гэта будзе ўжо пятая пастаноўка СІТі за 2 гады. За гэты час у тэатры распрацавалі і ўвасабляюць у жыццё ўнікальную методыку сацыялізацыі асаблівых дзяцей, якая не мае аналагаў у свеце. І цяпер ужо практычна немагчыма адрозніць звычайных акцёраў на сцэне ад асаблівых».
Прэм'ера спектакля адбудзецца 28 мая на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў (пр-т Незалежнасці, 25). Пачатак а 19-й гадзіне.