Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска падасць у суд на незалежныя СМІ?

Прычынай гэтаму можа быць публікацыя на сайтах незалежных СМІ інфармацыі пра талаку 9 траўня на месцы канцлагера «Дразды».

Адзін са здымкаў з таго самага артыкула, што абурыў настаўніц. Аўтар: прэс-служба БХД

Адзін са здымкаў з таго самага артыкула, што абурыў настаўніц. Аўтар: прэс-служба БХД


Адпаведная інфармацыя з'явілася сёння на сайце агенцтва «Мінск-навіны». Педагогаў СШ№104 абурылі артыкулы пра правядзенне талакі 9 траўня на тэрыторыі мемарыяла «Дразды», на што яны паскардзіліся былому старшыню БРСМ, а цяпер — кіраўніку адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігару Бузоўскаму. Верагодна, маецца на ўвае інфармацыя пра талаку правацэнтрыстаў, якія ў гэты дзень там прыбіралі ды ўсталявалі шыльду.
«Наталля Мікалаеўна кажа, што прачытаць такое было вельмі крыўдна як настаўнікам, так і дзецям, якія працуюць на мемарыяле не адзін раз за год.
— Яны прыйшлі і правялі там суботнік! Ды што там ужо было прыбіраць пасля таго, як мы столькі разоў праводзілі там свае працоўныя акцыі, ды і адміністрацыя раёна працавала там падчас Рэспубліканскага суботніка ?! — абураецца настаўніца. — Апазіцыя проста спекулюе на нашай гісторыі, на ахвярах вайны...», — цытуе адну з настаўніц агентства.
Дарэчы, зусім незразумела, што так абурыла настаўніц, калі артыкулы пра праведзеную талаку выключна інфармацыйныя, не ўтрымліваюць ніякіх ацэнак стану мемарыяла, і ў іх не гаварылася, як пра гэта сцвярджае настаўніца Наталля Мікалаеўна, што да пахавання «Дразды» нікому няма справы.
«Мінск-навіны» паведамляюць, што Ігар Бузоўскі пагадзіўся з меркаваннем настаўніцы і не выключыў, што «пытанне аб недакладнай інфармацыі, якая прагучала на асобных інтэрнэт-рэсурсах, можа быць разгледжана ў судовым парадку».