Бунт крычаўскіх міліцыянтаў: Падпалкоўнік Вусік саступаць не мае намеру

Барацьба 11 бунтаўнікоў з Крычаўскага РАУС з начальствам набірае моц.

Здымак «Радыё Свабода»

Здымак «Радыё Свабода»


Двух крычаўскіх міліцыянтаў, падпісантаў пад зваротам на імя міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Шуневіча, рэкамендавалі звольніць з праваахоўных органаў за дыскрэдытацыю міліцыі.
Пра гэта карэспандэнту «Магілёўскага рэгіёна» паведаміў былы начальнік ААПП Крычаўскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік.
Са слоў Ігара Вусіка, ён і былы ўчастковы інспектар Крычаўскага РАУС Андрэй Шашкоў былі азнаёмленыя сёння з вынікамі службовай праверкі.
Гэтыя супрацоўнікі міліцыі былі абвінавачаныя ў тым, што яны парушылі прафесійную этыку, напісаўшы ў звароце на імя міністра не адпаведную рэчаіснасці інфармацыю ў дачыненні да начальніка Крычаўскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Станіслава Чупрына і распаўсюдзіўшы яе ў незалежных СМІ.
Да такой высновы кіраўніцтва прыйшло ў выніку службовай праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС.
Ігар Вусік адзначае, што копію матэрыялаў праверкі ні яму, ні Андрэю Шашкову на рукі пакуль не выдалі.
Былы начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС І. Вусік кажа, што ён збіраецца звярнуцца па кансультацыю і дапамогу да праваабаронцаў. Саступаць падпалкоўнік Вусік не мае намеру.
Паводле інфармацыі мясцовых журналістаў, лейтэнант міліцыі Андрэй Шашкоў яшчэ не выслужыў належны тэрмін у органах МУС. Ёсць вялікая імавернасць, што, у выпадку звальнення з органаў, былому ўчастковаму інспектару давядзецца вяртаць грошы, выдаткаваныя на ягонае навучанне. Таксама А. Шашкоў можа быць прызваны ў шэрагі Узброеных сіл.
Падпалкоўнік І. Вусік да атрымання загаду міністра пакуль мае намер выходзіць на службу, каб не быць звольненым за прагулы.
Нагадаем, што міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у каментары БелТА раней паведаміў, што І. Вусік можа быць звольнены з органаў унутраных спраў за дыскрэдытацыю міліцыі, калі ў выніку праверкі будзе даведзеная ягоная віна.
Супрацоўнікі ААПП Крычаўскага РАУС 16 лютага 2017 года накіравалі зварот на імя міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Шуневіча, у якім распавялі пра факты неправамерных дзеянняў з боку кіраўніцтва Крычаўскага РАУС.
Паводле «Хартыі'97»