«Яго ўдарылі ў вока, пасля рэзалі нажом». Новыя бясчынствы міліцыі ў Берасці
Паламаныя рэбры і рука, чорныя ад сінякоў ногі. Гэтак для жыхара Берасця Сяргея Каляды і ягонага сябра Аляксандра скончылася сустрэча з міліцыянтамі Маскоўскага РАУСу.
Дзень 7 траўня не прадказваў нічога кепскага.Як распавядае belsat.eu, сябры вырашылі сустрэцца ў кавярні «Казка», каб выпіць ды паразмаўляць. Маладзёны былі на падпітку. Каля 15-й гадзіны яны хацелі сесці ў таксоўку, але іх затрымалі ды прывезлі ў апорны пункт.
«Яны не супраціўляліся. Яны былі спакойныя», – узгадвае прадавачка кавярні.
У пастарунку міліцыянты пачалі жорстка збіваць.
«Яго ўдарылі ў вока, пасля рэзалі нажом, каб кроў сышла», – сведчыць Сяргей Каляда, сябра Аляксандра.
Самі пацярпелыя няшмат распавядаюць. Ім цяжка размаўляць праз шматлікія пабоі. Больш падрабязнасцяў журналісты «Белсату» даведаліся ад сваякоў і блізкіх Сяргея.
«Завялі ў апорны пункт, што на Мантане. Там, як ён казаў, іх білі пятнаццаць чалавек. Нейкі маладняк біў», – дзеліцца сябар сям’і Віталій Казак.
Абяцалі забіць.
Збітыя маладзёны пабаяліся звярнуцца да дактароў. Аднаму з іх стала кепска 9 траўня, іншы трапіў у шпіталь на наступны дзень.
«Яны прыйшлі да мяне. Я прапанавала адразу выклікаць хуткую. Яны адмовіліся. Казалі, што ім пагражалі, што ўвогуле забʼюць, калі яны напішуць заяву ці паскардзяцца», – шчыруе Раіса, маці Сяргея.
Сваякі пацярпелых высвятляюць прозвішчы адказных міліцыянтаў.
Сярод імаверных удзельнікаў збіцця фігуруе Раман Трафімук, адзін з участковых Маскоўскага РАУСу. Ні ён, ні ягоны начальнік, не былі 11 траўня дасяжныя праз тэлефон.
Пацярпелыя з Берасця пакуль не ведаюць, ці будуць падаваць скаргі на дзеянні міліцыянтаў. Праваабаронцы раяць звярнуцца ў Следчы камітэт, а перад гэтым правесці судмедэкспертызу. Толькі тады будзе магчыма прыцягнуць іх да адказнасці.