Адвакатаў Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага і Алеся Бяляцкага хочуць пазбавіць ліцэнзіі

Як стала вядома праекту «Право на Защиту», яшчэ два адвакаты, якія ўдзельнічаюць у палітычна матываваных працэсах, выкліканы 1 снежня ў Кваліфікацыйную камісію для праходжання пазачарговай пераатэстацыі.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_1.jpg

Размова ідзе пра адвакатаў Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча.

Уладзімір Пыльчанка з'яўляецца адвакатам Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана і іншых.

Віктар Мацкевіч з'яўляецца адвакатам Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі і Алеся Бяляцкага.

Паводле інфармацыі «Вясны», на гэтую ж камісію выкліканы і адвакат Дзмітрый Пігуль, што абараняў фігурантаў справы «Буслы ляцяць», фігурантаў «справы студэнтаў», Алену Маліноўскую, Арцёма Анішчука.

Нагадаем, з пачатку 2020 года не менш як 38 адвакатаў пазбаўлены свайго статусу ў выніку працэдуры чарговай або пазачарговай атэстацыі.

Праглядаецца выразная тэндэнцыя: не праходзяць атэстацыю менавіта тыя адвакаты, якія абаранялі пратэстоўцаў пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, грамадскіх дзеячаў і актывістаў, палітычных апанентаў, журналістаў — адвакаты, якія працавалі па рэзанансных і палітычна матываваных справах, а таксама адвакаты, якія падпісвалі петыцыі супраць гвалту і за правядзенне новых выбараў, у абарону сваіх калег.

Некаторым з гэтых адвакатаў пры атэстацыі нагадвалі ў тым ліку і пра падпісанне петыцый як пра «няправільную пазіцыю».

Атэстацыя адвакатаў фактычна выкарыстоўваецца як санкцыя, як інструмент рэпрэсій і як форма пераследу за іншадумства.