Адзіны дзень галасавання пройдзе 25 лютага 2024 года
Адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў плануецца правесці 25 лютага 2024 года, а на працягу 60 дзён пасля яго пройдзе Усебеларускі народны сход. Пра гэта расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка пасля сустрэчы з Лукашэнкам.
Па словах Андрэйчанкі, пасля прыняцця новай Канстытуцыі Палата прадстаўнікоў павінна разгледзець 90 законапраектаў, паведамляе REFORM.by.
«Таксама была пастаўлена задача, каб мы напрацягу 2022 і 2023 гадоў цалкам прывялі ў адпаведнасць з Канстытуцыяй усе законапраекты, а іх парадку 90. З гэтых 90 мы ўжо прынялі ў першым чытанні 8 і ў другім чытанні 17, гэта значыць 25», — распавёў Андрэйчанка.
Праца з законапраектамі павінна быць завершана да 25 лютага 2024 года, калі пройдзе Адзіны дзень галасавання.
«Мы павінны ўвесь гэты масіў разгледзець да 1 студзеня 2024 года з такім разлікам, каб у лютым месяцы, 25 лютага 2024 года, быў праведзены адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых саветаў, і на працягу 60 дзён пасля гэтага быў праведзены Усебеларускі народны сход», — распавёў Андрэйчанка.