Афіцыйная беларуская дэлегацыя едзе ў Брусель дамаўляцца наконт спрашчэння візавага рэжыму

Другі раўнд перамоваў паміж экспертамі Беларусі і Еўрасаюзу аб спрашчэнні візавага рэжыму адбудзецца напрыканцы лістапада.



schengen.jpg

Пра гэта Свабодзе сёння паведаміла намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына:
«Афіцыйна канкрэтная дата перамоваў яшчэ не прызначаная. Але ўжо можна казаць, што эксперты збяруцца ў Бруселі напрыканцы лістапада».
Першы раўнд перамоваў праходзіў у Мінску ў сярэдзіне чэрвеня. Пасля гэтага ўсе прапановы накіравалі ў Брусель.
На сённяшні дзень грамадзяне Беларусі параўнальна з бліжэйшымі суседзямі — з Расійскай Федэрацыяй і Украінай — знаходзяцца ў горшых умовах для наведвання краін Еўрапейскага Саюзу. Калі нашы суседзі плацяць за візу 35 еўра, дык грамадзяне Беларусі мусяць плаціць за яе 60 еўра.
Пазіцыю беларускага боку Свабодзе агучыў прэсавы сакратар знешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзмітры Мірончык:
«Беларускі бок не хацеў бы, каб спрашчэнне візавага рэжыму зводзілася толькі да зніжэння кошту візаў. Мы будзем прапаноўваць нашым еўрапейскім партнёрам, каб, па-першае, быў складзены вычарпальны спіс дакументаў, якія грамадзяне павінны накіроўваць у амбасаду для атрымання візы. Каб нашым грамадзянам не трэба было звяртацца ў амбасаду па некалькі разоў, несці нейкія дадатковыя даведкі з месца працы, банкаў і г.д., як гэта цяпер даволі часта здараецца.
Па-другое, мы б хацелі прапанаваць еўрапейскім партнёрам такі падыход, каб візавая палітыка заахвочвала законапаслухмяныя паводзіны. Што я маю на ўвазе? Калі чалавек атрымаў аднаразовую шэнгенскую візу і скарыстаў яе згодна з візавай мэтай, то наступным разам было б лепей, каб ён атрымаў візу шматразовую і на больш працяглы тэрмін. Напрыклад, другая віза выдавалася б на год і была шматразовая. Трэцяя віза (калі, зноў-такі, чалавек паводзіў сябе законапаслухмяна і не парушаў законаў краіны, якую наведваў) каб выдавалася ўжо на два гады і таксама была шматразовая. І гэтак далей.
З нашага пункту гледжання, гэта значныя моманты, якія мы б хацелі пакласці разам з нашымі еўрапейскімі партнёрамі на паперу і прытрымлівацца іх у будучыні».
Беларусь застаецца адзінай з шасці краін праграмы «Усходняе партнёрства», якая дагэтуль не падпісала пагаднення з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму.
svaboda.org