Беларусаў чакаюць у Польшчы

Польскія тураператары спадзяюцца на рост колькасці беларускіх турыстаў, якія будуць наведваць нашу заходнюю суседку. Пра гэта казалася падчас прэзентацыі праекту «Польскі турызм», якая прайшла ў Мінску 5 лістапада.



poland_450.jpg

У імпрэзе ўзялі ўдзел намесніца міністра спорту і турызму Польшчы Катажына Саберайска, намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Чэслаў Шульга, кіраўнік Польскай турыстычнай арганізацыі Роберт Кембінскі, прадстаўнікі польскіх тураператараў і гатэльных комплексаў.

Па словах пані Саберайскай, у сераду прайшло пасяджэнне працоўнай групы па турызме абодвух міністэрстваў. «Я вельмі рада той гасціннасці, якую мы зведваем падчас наведвання Беларусі, і спадзяемся, што такую ж гасціннасць і прыязнасць будуць зведваць беларусы, якія прыедуць у Польшчу», — адзначыла Катажына Саберайска.

Чэслаў Шульга, у сваю чаргу, дадаў, што жаданнем абодвух бакоў ёсць развіццё турызму паміж нашымі краінамі. Ён падкрэсліў, што ад 1 студзеня 2015 года заходнія межы Беларусі робяцца і межамі ЕАЭС. «Сёння ўзніклі праблемы ў турыстычнай сферы ў сувязі з падзеямі паміж Расіяй і Украінай, таму мы вырашылі ў двухбаковым накірунку развіваць турыстычныя стасункі паміж Беларуссю і Польшчай», — сказаў чыноўнік.

Прадстаўнікі польскіх туркампаніяў правялі прэзентацыю сваіх праектаў, гатэльных сеткаў, захапляльных прапановаў для турыстаў з Беларусі. А Роберт Кембінскі паведаміў, што зараз польскі бок робіць вялікія высілкі, каб спрасціць візавыя працэдуры, бо без гэтага цяжка разлічваць на павелічэнне плыні турыстаў з нашай краіны.