Акцыя ў гадавіну рэфэрэндуму–96 — анлайн-трансляцыя
Сёння ў Мінску — вулічная акцыя памяці, прымеркаваная да 19-й гадавіны рэфэрэндуму 1996 года. "Радыё Свабода" вядзе жывую відэатрансляцыю.
Ініцыятар акцыі — былы кандыдат на прэзідэнта і палітвязень, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Акцыя павінна пачацца а 18-й гадзіне каля ГУМу, пасля чаго Статкевіч прапануе пайсці да будынкаў МУС і Цэнтравыбаркаму.
«Фармат акцыі выкліканы нагодай — а гэта рэферэндум 24 лістапада 1996 году, калі ў выніку сфальшаванага рэферэндуму была настолькі змененая Канстытуцыя, што яна перастала быць Канстытуцыяй, а ў Беларусі была ўсталяваная дыктатура. Гэтаму супраціўляліся. Лукашэнка пазбавіў пасадаў двух чалавек. Да рэферэндуму пазбавіў пасады міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а потым, у час рэферэндуму, зняў з пасады старшыню Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара. А потым, у 1999 годзе, гэтыя людзі былі выкрадзеныя і забітыя. Мы не ведаем, дзе гэтыя людзі пахаваныя, але ведаем, дзе яны працавалі. Мы плануем прыйсці да гэтых месцаў, да Міністэрства ўнутраных спраў і Цэнтравыбаркаму, і там свечкамі ўшанаваць памяць пра гэтых герояў, якія загінулі за нашу свабоду», — сказаў Мікалай Статкевіч карэспандэнту Свабоды.