Аліева абвінавацілі ў фінансаванні Лукашэнкі

Абвінавачванні прагучалі падчас тэледэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты Азербайджана. Яны трансляваліся грамадскім тэлебачаннем краіны.



alieu_i_luka.jpg

Фота belarus.by
Сам Ільхам Аліеў не прымаў у іх удзел. Тэледэбаты праходзілі па сцэнары нападак большасці кандыдатаў у прэзідэнты на прадстаўніка Нацыянальнай рады дэмакратычных сіл Джаміля Гасанлі і іншых лідэраў апазіцыі, піша партал contact.az. Нягледзячы на гэта, галоўнаму канкурэнту азербайджанскага кіраўніка атрымалася агучыць свае прэтэнзіі да ўладаў.
Джаміль Гасанлі, у прыватнасці, назваў Ільхама Аліева «галоўным карупцыянерам краіны» і акцэнтаваў увагу на тым, што ўлады не змагаюцца з самаўпраўнасцю чыноўнікаў. Ён таксама заявіў аб кабальных умовах банкаўскіх крэдытаў, неаднаразова прыводзілі да суіцыду грамадзян, якія аказваюцца не ў стане расплаціцца.
Пры гэтым Джаміль Гасанлі абвінаваціў улады краіны ў ільготным фінансаванні беларускага прэзідэнта. Ён распавёў пра тое, што ўрад Азербайджану даў новы крэдыт Лукашэнку па стаўцы ўсяго ў 1 працэнт.
Ільхам Аліеў пазычае грошы беларускаму калегу не ў першы раз. Летам 2010 года правіцель Азербайджана падаў Лукашэнку беспрацэнтны крэдыт на 200 мільёнаў даляраў для таго, каб Беларусь змагла разлічыцца з Расеяй за газ.
Джаміль Гасанлі сказаў, што ў выпадку абрання прэзідэнтам абвесціць «залатую амністыю» для вызвалення не толькі палітвязняў, але ўсіх нявінна асуджаных. Ён абяцаў вярнуць ўласнасць грамадзянам, у якіх яна была адчужаная гвалтоўна.
Учора ў Баку таксама прайшоў перадвыбарчы мітынг кандыдата ў прэзідэнты ад аб'яднанай апазіцыі. Паводле звестак арганізатараў, на мітынг прыйшлі каля 10 тысяч яго прыхільнікаў. Паліцыя паведамляе пра паўтара тысячах тых, хто сабраўся, перадае азербайджанская служба «Радыё Свабода». Прыхільнікі апазіцыі скандавалі «Ільхам, сыходзь!», «Ільхам, досыць!»
Джаміль Гасанлі з'яўляецца галоўным апанентам дзейнага прэзідэнта на выбарах, якія намечаныя на 9 кастрычніка. Ён абвінавачвае Аліева ў карупцыі і разбазарванні бюджэтных сродкаў.
Першапачаткова адзіным кандыдатам ад апазіцыі стаў рэжысёр Рустам Ібрагімбекаў, аднак ён не быў зарэгістраваны. Кандыдатуру Гасанлі падтрымлівае Нацыянальная рада дэмакратычных сіл, якая аб'ядноўвае большасць азербайджанскіх апазіцыйных партый і груповак.
charter97.org