Amnesty запатрабавала расследаваць інфармацыю аб катаваннях Мікалая Дзядка

Amnesty International у чацвер, 24 снежня, звярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па праверцы інфармацыі пра пагрозы жыццю і здароўю арыштаванага больш за месяц таму Мікалая Дзядка

razmova_24_sajt.jpg


Таксама арганізацыя патрабуе расследаваць парушэнне яго права на доступ да абаронцы, а таксама на атрыманне і адпраўку карэспандэнцыі.
Напярэдадні Аляксандр Дзядок, бацька маладога чалавека, арыштаванага паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), заявіў, што ад сваякоў аднаго са зняволеных паступіла інфармацыя, што Мікалаю Дзядку «ствараюць умовы, каб ён памёр". Да Дзядка не дапускаюць адваката, акрамя таго ад яго не паступае ніякай карэспандэнцыі.
"Просім Вас неадкладна прыняць усе меры ў межах вашай кампетэнцыі, каб праверыць інфармацыю аб пагрозах жыцця і здароўю Мікалая Дзядка, аб прымяненні да яго катаванняў, умовах яго ўтрымання, парушэнні яго правоў на доступ да абаронцы, атрыманне і адпраўку карэспандэнцыі і забяспечыць аднаўленне яго правоў», — гаворыцца ў лісце Amnesty International, адрасаваным пракурору горада Менска Алегу Лаўрухіну і начальніку Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі Алегу Маткіну.
У лісце арганізацыя падкрэслівае, што вельмі занепакоеная паведамленнямі аб бесчалавечных умовах утрымання зняволеных у Беларусі, у тым ліку пазбаўленых волі ў сувязі з іх палітычнай пазіцыяй і дзейнасцю. "Мы нагадваем пра абавязак дзяржавы абараняць затрыманых і арыштаваных ад магчымых замахаў на іх жыццё, пагроз здароўю, катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага чалавечую годнасць абыходжання. Утрыманне зняволеных без сувязі з вонкавым светам недапушчальна і парушае іх правы», — гаворыцца ў дакуменце.