Беларуская партыя «Зялёныя» падала заяўку на «Чарнобыльскі Шлях»
Беларуская партыя «Зялёныя» падала заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне традыцыйнай акцыі «Чарнобыльскі Шлях». Месцам правядзення сёлетняй акцыі быў абраны Востраў слёз.

Пра гэта партыя паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Мы падалі заяўку на правядзенне акцыі пад асноўным лозунгам "Не вайне!" і з патрабаваннямі не дапусціць удзел беларускіх вайскоўцаў ва ўзброеных канфліктах, нейтральнага статусу краіны, вываду войскаў з тэрыторыі Беларусі, салідарнасці з украінскім народам і недапушчэння паўтарэння Чарнобыльскай катастрофы. Сёлета месцам правядзення акцыі быў абраны Востраў слёз».
Беларуская партыя «Зялёныя» таксама заявіла, што, калі дазвол з Мінгарвыканкама яны не атрымаюць, то не будуць праводзіць акцыю. Таму што «мы цэнім бяспеку грамадзян», — адзначылі ў партыі.
