БТ паведаміла пра спробу вярбоўку двух беларускіх вайскоўцаў у Польшчы

У апошнія два месяцы ваенная контрвыведка Польшчы паспрабавала завербаваць двух беларускіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў Варшаве. Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

kontrrazvedka.jpg

27 снежня ў нядзельнай выніковай перадачы «Галоўны эфір» выйшаў сюжэт «Палітычныя вынікі Беларусі 2020 года: знешняе ўмяшанне, заказчыкі пратэстаў», дзе аўтары праграмы прапанавалі сваю інтэрпрэтацыю палітычных падзей адыходзячага года. У якасці пацверджання знешняга ўмяшання прагучала інфармацыя пра спробы вярбоўкі беларускіх дыпламатаў і ваенных спецслужбамі Польшчы.


«Апошні выпадак — спробы вярбоўкі нашых дыпламатаў і вайскоўцаў. У лістападзе-снежні супрацоўнікі вайсковай контрвыведкі шантажом, подкупам і пагрозамі спрабавалі схіліць да здрады памочніка ваеннага аташэ. Абяцалі поўны пансіён, грошы, нерухомасць, новае жыццё ў адной з краін ЕС. Дыпламат не завагаўся і атрымаў ультыматум — пакінуць дыпмісію ў Варшаве», — агучыў інфармацыю адзін з вядучых.
Другі выпадак таксама адбыўся ў Варшаве, дзе польская контрвыведка, паводле інфармацыі БТ, паспрабавала завербаваць беларускага афіцэра, які прыехаў у Польшчу на вучобу.
«Яшчэ факт. Кадраваму афіцэру, што праходзіў у Польшчы моўныя курсы, тая ж спецслужба прапанавала выбар — стаць інфарматарам ці надоўга забыцца пра візіты ў ЕС. Маўляў, улада хутка абрынецца, падумайце пра будучыню. Афіцэр падумаў і паведаміў пра спробы вярбоўкі ў Мінск», — распавёў вядучы.
Паводле інфармацыі БТ, беларускае МЗС ужо адрэагавала па абодвух фактах, а польскія партнёры прызналі факты, але хацелі замяць скандал.
reform.by