Былога кіраўніка аховы Лукашэнкі затрымалі за супрацу з ФСБ, — «Росбалт»
Расійскае прыватнае інфармагенцтва «РосБалт» сцвярджае, што крыніца ў беларускіх спецслужбах раскрыла сапраўдныя прычыны затрымання Андрэя Ўцюрына, якое афіцыйна яшчэ не пацвярджалі і не абвяргалі, паведамляе Радыё Свабода.
Шэраг беларускіх СМІ 29 красавіка паведаміў са спасылкай на ўласныя крыніцы пра затрыманне Андрэя Ўцюрына – дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Беларусі, былога начальніка аховы Аляксандра Лукашэнкі. Позна ўвечары 30 красавіка з'явіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненні Ўцюрына «за правіны, што дыскрэдытуюць званне вайскоўца». Затрыманне афіцыйна не пацвярджалася і не абвяргалася.
Паводле крыніц «Росбалт», Уцюрын сапраўды затрыманы. Сцвярджаецца, што:
- «Уцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «злівы« інфармацыі расійскім ФСБ і ФСО»;
- «ягоныя сувязі дасталіся яму «ў спадчыну« з мінулага: ён сам рускі, вучыўся, працаваў і сябраваў з калегамі з расійскіх спецслужбаў»;
- «апошнія 25 гадоў Уцюрын уваходзіў у самае блізкае кола зносінаў Лукашэнкі»;
- «малодшы сын Лукашэнкі Мікалай літаральна рос на руках у татавага ахоўніка»;
- «пагаворваюць пра змову», але падобна, што «справа ўсё ж у занадта блізкіх стасунках Уцюрына з расійскімі спецслужбамі»;
- расійскага амбасадара Бабіча «прыбралі заадно» з Уцюрыным, і «наўрад ці гэта выпадкова»;
- нібыта выкрылі «цэлую антылукашэнкаўскую змову, ядром якой была група з 5-6 генералаў і палкоўнікаў, у асноўным з сістэмы Мінабароны і МУС», якая мела за мэту «недапушчэнне перавыбрання Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта» і разглядала варыянты ажно да «фізічнай ліквідацыі»;
- «рухавіком ідэі» нібыта быў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, у асобе якога «бачылі альтэрнатыву», але гэта ён нібыта і «зліў інфармацыю пра змову»;
- нібыта выкрытая змова магла быць «інспіраваная Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным найбліжэйшым атачэннем» каб «узмацніць КДБ» і «ўзмацніць ціск на Расію».
Афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Андрэй Яраш на просьбу Свабоды пракаментаваць гэтую версію адказаў: «Без каментароў».