Цэнтрвыбаркам адхіліў прапановы па большай празрыстасці выбараў
Сёння, 29 траўня, на паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі разглядаліся прапановы апазіцыйных палітычных партый, паведамляе «Радыё Свабода».
Прапановы ўнеслі сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў.
Была агучаныя пажаданні, каб ЦВК унесла ў свае «метадычкі» тлумачэнні для камісій да трох пунктаў.
1. Бесперашкодныя відэа- і фотаздымкі на выбарчых участках
Аргументы заяўнікаў. Гэта дазволіць фіксаваць так званыя «каруселі» ды іншыя парушэнні, якія маюць месца падчас выбарчых кампаній. Цяпер права на такія здымкі няма.
Адказ камісіі. Несанкцыянаваныя здымкі перашкаджаюць працы ўчастковай камісіі. ЦВК прапанаваў аддаць гэтае пытанне на вырашэнне старшыні: калі ён дазволіць, то фіксаваць можна. А калі не, гэта будзе прызнана парушэннем.
2. Зрабіць празрыстым падлік галасоў
Аргументы заяўнікаў. Істотна знізіцца магчымасць падтасовак, калі старшыня камісіі ці яго намеснік будзе браць канкрэтны бюлетэнь, абвяшчаць яго вынік і дэманстраваць прысутным чальцам камісіі і назіральнікам.
Адказ камісіі. Гэта будзе абцяжарваць працу ўчастковых камісій, зацягне працэс падліку галасоў. Існуючых нормаў і правілаў цалкам дастаткова. Назіральнікі могуць стаяць побач са сталом. Адзінае, пагадзіліся ставіць таблічкі з прозвішчамі кандыдатаў і складваць побач бюлетэні за іх.
3. Прэферэнцыі прадстаўнікам палітычных партый пры стварэнні выбарчых камісій
Аргументы заяўнікаў. У Беларусі больш актыўнымі з'яўляюцца грамадскія арганізацыі, таму ёсць сэнс падчас арганізацыі ўчастковых камісій на ўсіх узроўнях прастымуляваць прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў.
Адказ камісіі. Галоўная задача партый — вылучаць не кандыдатаў у камісіі, а кандыдатаў у дэпутаты. У іншым выпадку для іх будуць створаныя штучныя выгоды, што, можа, не спадабаецца іншым удзельнікам працэсу.
Такім чынам, усе тры прапановы апазіцыі дзеля арганізацыі больш празрыстага выбарчага працэсу Цэнтарвыбаркам адхіліў.
svaboda.org