Украіна. Як абіраць дэпутатаў

Не паспелі ўкраінцы абраць прэзідэнта, як іх зноў запрашаюць на выбары.

Вярхоўная Рада. Фота: TASS/Zuma

Вярхоўная Рада. Фота: TASS/Zuma

Новаабраны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абвясціў пазатэрміновыя выбары парламента. Прычым, гарант прапануе праводзіць іх па новых правілах — абіраць дэпутатаў па партыйных спісах.

На цяперашні момант, нагадаем, па спісах фармуецца толькі палова Вярхоўнай Рады. Другую палову складаюць дэпутаты, абраныя па мажарытарных участках, дзе, як правіла, рэгіструюцца найбольш брутальныя выпадкі палітычнай карупцыі.

Акрамя ліквідацыі «мажарытаркі», прапануюцца і «адкрытыя спісы». Гэта азначае, што выбаршчык можа выкрэсліваць з партыйнага спісу несімпатычных яму асобаў.

Пакуль парламент думае наконт прапаноў прэзідэнта, у грамадстве прапануюць новыя формулы выбараў. Сярод іншага атрымала папулярнасць ідэя абіраць кандыдатаў выпадкова, праз лёсаванне. Галоўны аргумент заключаецца ў тым, што пры такой схеме карупцыя практычна немагчымая.

Узгадваюць і тое, што ў старажытнай Грэцыі чальцоў саветаў таксама абіралі праз лёсаванне. Праўда, аматары дэмакратыі пагаджаюцца, што эксперымент варта пачынаць на ўзроўні выбараў мясцовага самакіравання.

Паводле ўкраінскай прэсы